Жамчужына цэнтра творчасці

- 10:30Навіны рэгіёнаў

Эстэтычнае, творчае і асобаснае развіццё, шырокія магчымасці для прафесійнага самавызначэння — усё гэта дае сваім навучэнцам узорная студыя юнага мадэльера “Жамчужына”, якая ўжо амаль пятнаццаць гадоў функцыянуе на базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кіраўска.

— За гэты час студыя стала візітнай карткай, сапраўды своеасаблівай жамчужынай нашай установы. Удзельнікі студыі пастаянна аказваюцца ў ліку прызёраў розных прэстыжных конкурсаў. Усе дасягнутыя вышыні — вынік плённай працы педагогаў, кіраўнікоў аб’яднання: Эльвіры Іванаўны Перадня і Таццяны Анатольеўны Рудак. Менавіта яны ў свой час сталі ініцыятарамі і ідэйнымі натхняльнікамі стварэння студыі, а таксама змаглі захапіць сваім творчым энтузіязмам дзясяткі кіраўскіх дзяўчынак, — паведаміла дырэктар цэнтра Н.М.Котава.

Паводле яе слоў, за шматлікія дасягненні студыя была ўдастоена звання ўзорнай. На сённяшні дзень яна складаецца з двух узаемазвязаных паміж сабой аб’яднанняў па інтарэсах.

— Эльвіра Іванаўна кіруе аб’яднаннем “Залатая іголка”, а Таццяна Анатольеўна — аб’яднаннем “Імідж”. У кожным гуртку па тры групы навучэнцаў. Усяго зараз студыю наведваюць звыш 60 дзяцей. Наогул, жадаючых вучыцца ў “Жамчужыне” ў нас заўсёды многа. Назіраецца і пэўная пераемнасць, калі былыя вучаніцы прыводзяць да нас ужо сваіх дзяцей, — адзначыла Наталля Міхайлаўна.

Цікавасць кіраўскіх школьнікаў да навучання ў студыі цалкам зразумелая. Тут створаны ўсе ўмовы для асваення асноў мадэлінгу, акцёрскага майстэрства, фотапазіравання. Навучэнцы падрабязна знаёмяцца з дзіўным светам моды і творчасці, вучацца прыгожа рухацца, разві­ваюць пачуццё густу, даведваюцца аб асновах стылю, самастойна ствараюць калекцыі адзення, набываюць навыкі цырульніцкага майстэрства і макіяжу.

Захопленыя сваёй справай педагогі стараюцца раскрыць творчы і асобасны патэнцыял кожнага выхаванца. І Таццяна Анатольеўна, і Эльвіра Іванаўна імкнуцца даць дзецям якасныя веды, уменні і навыкі, якія дапамагаюць ім годна прадстаўляць сябе і сваю ўстанову на розных праектах.

— На маіх занятках дзеці атрымліваюць першасныя дызайнерскія навыкі, спрабуюць сябе ў ролі канструктара і ма­дэльера, таму нашы сустрэчы заўсёды напоўнены творчасцю. Вучу дзяўчынак не толькі механічна паўтараць старыя напрацоўкі, а яшчэ і ўмець знаходзіць прыгажосць вакол, каб ствараць нешта сваё, новае, — расказала Э.І.Перадня.

На творчы пошук, эксперыменты і крэатыў матывуе вучаніц і Т.А.Рудак. Дзяўчынкі вучацца шукаць стылявыя рашэнні, увасабляць уласныя арыгінальныя ідэі.

— Прыгажосць насамрэч акружае нас усюды, трэба толькі ўмець яе разгледзець і даць волю творчаму палёту і фантазіі. Менавіта так узнікалі ідэі шматлікіх нашых калекцый. Напрыклад, на стварэнне калекцыі “Мы — маленькія дзеці” нас натхніў канструктар LEGO. Калекцыя “Сакавіцкія каты” была створана па матывах убачанага графіці на вуліцах сталіцы. Стымулам стварэння калекцыі “Каля самавара” адпаведна стаў самавар. Каб надаць гэтаму адзенню патрэбную форму, мы выкарыстоўвалі звычайныя будматэрыялы, якім знайшлі незвычайнае прымяненне, — расказала Таццяна Анатольеўна.

Усяго за час функцыянавання студыі яе педагогі і навучэнцы стварылі 22 калекцыі адзе­ння. Кожная з іх па-свойму асаблівая. Ёсць і зусім адметныя. Так, калекцыя “Беларускае золата” — гэта льняныя ўборы, для якіх педагогі распрацавалі сваю аўтарскую тэкстуру тканіны.

Работы юных кіраўскіх ма­дэльераў і іх педагогаў нязменна адзначаюцца ўзнагародамі вядомых конкурсаў розных узроўняў. Сярод іх — міжнародныя фестывалі-конкурсы “Млын моды”, “Блакітная пралеска”, “Дняпроўскія хвалі” і інш.

Зараз у студыі “Жамчужына” кіпіць работа над новымі творчымі праектамі. У педагогаў і навучэнцаў яшчэ шмат крэатыўных ідэй і задум.

Матэрыялы Ганны СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.