Жанчын, матываваных на мацярынства, трэба падтрымліваць

- 10:16Інфармацыйная гадзіна

Матываваных на мацярынства жанчын трэба падтрымліваць і максімальна ім дапамагаць. Такое меркаванне выказала міністр працы і сацыяльнай абароны старшыня Беларускага саюза жанчын Мар’яна Шчоткіна, наведваючы ў Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бальніцы маладую маму інваліда першай групы Ганну Бахур.

Прыезд міністра ў райцэнтр быў выкліканы нестандартнай жыццёвай сітуацыяй. Ганна і яе муж — інваліды першай групы. У жанчыны прыроджаная анамалія канечнасцей. У яе мужа — ДЦП. Нягледзячы на гэта, муж і жонка самі сябе абслугоўваюць і нават падзарабляюць. Ганна ў свабодны час піша карціны, займаецца керамікай, марыць фатаграфаваць. Нядаўна ў сямейнай пары нарадзілася абсалютна здаровае дзіця. Хлопчык вагой 4 кг 330 г і ростам 55 см нарадзіўся ў Брэсцкім раддоме.
Пасля выпіскі з абласнога раддома жанчыну з дзіцем перавялі ў педыятрычнае аддзяленне Івацэвіцкай ЦРБ. Мама і дзіця адчуваюць сябе нармальна, аднак ім не дазваляюць пакінуць бальніцу. Згодна з нарматыўным дакументам Міністэрства здароўя Беларусі, людзі з такімі захворваннямі не могуць выконваць бацькоўскія абавязкі, а таму хлопчыку трэба прадаставіць статус дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў, і аддаць яго на дзяржаўнае забеспячэнне. Бацькі з гэтым катэгарычна не згодны.
Праблему трэба вырашаць у індывідуальным парадку, лічыць Мар’яна Шчоткіна. “Сітуацыя вельмі нестандартная. Але наогул, якая б ні была нарматыўна-прававая база, кожную сітуацыю трэба разглядаць індывідуальна. Таму тут якраз той выпадак, калі трэба прыехаць і паглядзець на месцы. Магу сказаць, што гэтая жанчына матывавана на мацярынства і разлучаць яе з дзіцем нельга”, — вызначыла сваё стаўленне да сітуацыі міністр.
Яна паведаміла, што ў яе адбылася тэлефонная размова з міністрам аховы здароўя. Васіль Жарко даў даручэнне сваім спецыялістам прыехаць у Івацэвічы, каб на месцы ацаніць “узровень самастойнасці і валоданне ўсімі функцыямі мужа і жонкі, для таго каб ажыццяўляць догляд дзіцяці”. Паралельна прапрацоўваецца пытанне з апекуном. Ёсць сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якая гатова аформіць апеку над дзіцем, для таго каб не разлучаць яго з бацькамі.
“Трэба паглядзець, каб у яе з бацькамі быў кантакт, што трэба зрабіць, каб яны былі разам, і аказаць дапамогу. Але рабіць гэта трэба паслядоўна, каб усё было і па законе, і ў інтарэсах дзіцяці. І ў інтарэсах гэтай пары, таму што мама добрая, у яе вельмі актыўная жыццёвая пазіцыя. Яна шмат можа рабіць сама. У любым выпадку рашэнне будзе прымацца вельмі ўзважана. А жаданне ва ўсіх адно: максімальна дапамагчы. Трэба зрабіць усё, каб дзіця засталося ў сваёй сям’і. У яго ёсць бацькі. Дзіця гэтае чаканае. Яны яго любяць. І, зразумела, трэба ім дапамагаць. Важна, каб яны маглі ажыццяўляць догляд, каб дзіця было ў бяспецы”, — рэзюмавала Мар’яна Шчоткіна. Як нававыбраны старшыня Беларускага саюза жанчын яна таксама даручыла падключыцца да вырашэння праблемнай сітуацыі раённаму аддзяленню гэтай грамадскай арганізацыі.
Як растлумачыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Івацэвіцкага райвыканкама Нона Калеснікава, згодна з адміністрацыйнай працэдурай, рашэнне раённага выканаўчага камітэта аб далейшым уладкаванні дзіцяці павінна быць прынята да 5 верасня. Гэты час Ганна з дзіцем будуць знаходзіцца ў асобнай палаце пад наглядам медыцынскага персаналу.