Жанчыны-паэткі: талент і лёс

- 11:56Нам пішуць

21 сакавіка — Сусветны дзень паэзіі. Па ўсім свеце ладзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя паэтам і іх творчасці.

У нашай школе прайшла канферэнцыя “Жаночы твар беларускай паэзіі”, прысвечаная творчасці вядомых айчынных паэтак. Вучні пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення свята, а таксама з творчасцю Алаізы Пашкевіч, Ларысы Геніюш, Раісы Баравіковай, Яўгеніі Янішчыц, Ніны Мацяш і інш.

Самае тонкае чалавечае пачуццё — каханне — па-сапраўднаму раскрываецца праз паэзію. Менавіта таму большасць вершаў падчас канферэнцыі былі прысвечаны гэтай тэме. З асабістай цеплынёй вучні 11-х класаў чыталі вершы пра каханне, напісаныя жанчынамі. І, мабыць, таму, што належаць жаночаму пяру, яны такія шчырыя, пранікнёныя, такія незвычайна добрыя, зразумелыя. Паэзія здольна змяніць чалавека, асабліва пакуль ён малады. І не толькі самога паэта, але і чытача. Напрыканцы паэтычнай канферэнцыі прагучала думка, што кожны чалавек можа асабіста спасцігнуць таямніцы паэзіі, трэба быць толькі больш чуйным, назіральным, адкрытым душой.

Пісаць вершы дадзена не ўсім, бо, паводле выказвання М.Багдановіча, “душа ў паэта, калі спараджае ён дзіўныя вершы, нябесным агнём абагрэта…”. Але можна навучыцца разумець вершы, навучыцца адчуваць прыгажосць жыцця, прыроды. Гэтаму і вучыць нас паэзія.

Т.М.БАНКОЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 17 Магілёва.