Жаночая салідарнасць і з’яднанасць — вялікая рухаючая сіла

Жанчыны Беларусі гатовы актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх працэсах па дасягненні ўстойлівага развіцця. Такое меркаванне выказала намеснік Старшыні Савета Рэспублікі старшыня Беларускага саюза жанчын Марыяна Шчоткіна ў час ІІ Еўразійскага жаночага форуму, паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты беларускага парламента.

Марыяна Шчоткіна прапанавала Еўразійскай эканамічнай камісіі разгледзець магчымасць распрацоўкі і рэалізацыі для краін ЕАЭС праекта, накіраванага на дасягненне ўстойлівасці, адным з напрамкаў якога стане гендарная палітыка. “Жаночая салідарнасць і з’яднанасць — гэта вялікая рухаючая сіла, накіраваная на развіццё і росквіт. Мы хочам міру і развіцця, значыць, павінны быць разам. Жанчыны Беларусі гатовы актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх працэсах, накіраваных на дасягненне прагрэсу і ўстойлівага развіцця”, — сказала яна.

Выступаючы на пленарным пасяджэнні форуму, старшыня БСЖ праінфармавала аб дзейнасці саюза, рабоце па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, якая праводзіцца ў Беларусі, адзначыла ролю парламента ў рэалізацыі нацыянальных і глабальных задач развіцця. “Жанчыны — драйверы працэсу ўстойлівага развіцця. Нашы глабальныя мэты і інтарэсы па-за палітыкай, устойлівасць і дабрабыт для цяперашніх і будучых пакаленняў — нашы магістральныя лініі”, — падкрэсліла Марыяна Шчоткіна.

Яна падтрымала прапанову аб стварэнні Еўразійскай асацыяцыі жанчын — рэгіянальных лідараў, якая дасць магчымасць аб’яднаць жанчын-кіраўнікоў рознага ўзроўню для дыялогу ў рамках еўразійскай прасторы.