Жарабковіцкая школа носіць імя былога міністра асветы БССР Міхаіла Мінкевіча, які праславіў родныя мясціны

- 11:06Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны, Образование

Жарабковіцкая сярэдняя школа Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці носіць імя вядомага земляка — удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, Вялікай Айчыннай вайны, выдатнага педагога і былога міністра асветы БССР Міхаіла Гаўрылавіча Мінкевіча. Аб гэтым паведамляе шыльда, размешчаная на будынку ўстановы адукацыі. Праўда, ніякіх пацвярджальных дакументаў на гэты конт у школе да нядаўняга часу не было. Гэта падштурхнула дырэктара ўстановы Вольгу Бурак да актыўных пошукаў. У Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь быў накіраваны адпаведны запыт. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Нарэшце, прыйшоў доўгачаканы адказ з копіяй пастановы Саўміна ад 11 студзеня 1988 года “Аб увекавечанні памяці былога міністра асветы БССР заслужанага настаўніка БССР М.Г.Мінкевіча”. Адзін з пунктаў дакумента — з адрасам Жарабковіцкай школы. Праз некаторы час райвыканкам зацвердзіў новы статут установы адукацыі. Цяпер яна афіцыйна носіць назву “Жарабковіцкая сярэдняя школа імя М.Г.Мінкевіча”. Атрымліваецца, дзякуючы неабыякавасці землякоў, ёй вярнулі імя чалавека, які ў свой час праславіў родныя мясціны. У Год малой радзімы гэта было асабліва сімвалічна.

Памяць аб знакамітым ура­джэнцы Гуліч захоўвае і музейны куток  “Яго імя носіць наша школа”, створаны ў школе пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Святланы Пальчык. У ім захоўваецца шмат матэрыялаў, звязаных з асобай Міхаіла Гаўрылавіча: фотаздымкі, дакументы, успаміны людзей — родных, аднавяскоўцаў, а таксама тых, хто быў знаё­мы з Мінкевічам, яго асабістыя рэчы і інш.

— Уся працоўная дзей­насць М.Г.Мінкевіча — гэта прыклад служэння роднай Беларусі, яе народу, сапраўдны ўзор таго, з якой адданасцю і любоўю трэба адносіцца да сваёй прафесіі, даручанай справы і людзей. Вартымі памяці знакамітага земляка імкнуцца быць і жарабковіцкія школьнікі, — адзначае дырэктар школы Вольга Бурак.

 Дзякуючы іх намаганням, у скарбонцы дасягненняў установы шматлікія ўзнагароды конкурсаў і фестываляў самага рознага ўзроўню, дыпломы канферэнцый навукова-даследчых работ школьнікаў і педагогаў. Так, школа атрымала дыпломы І ступені ў намінацыях “Лепшая ідэя школьнай бізнес-кампаніі”, у навукова-адукацыйным маладзёжным форуме “Наватар-2019”, у рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ў намінацыі “Ёсць ідэя!”, дыплом пераможцы ў конкурсе інавацыйных педагагічных ідэй “Выхаванне без наступання”. Школа была занесена ў галерэю славы Ляхавіцкага раёна.

Наталля Гарбачова, дзіця вайны, выдатнік асветы СССР: М.Г.Мінкевіч быў вельмі дэмакратычным міністрам. Ні адзін міністр асветы БССР не працаваў так доўга і не зрабіў так многа для выхавання патрыётаў сваёй краіны. Менавіта пры ім былі ўведзены пасады намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, курсы этыкі і сусветнай мастацкай культуры, праводзіліся рэспубліканскія дзіцячыя фестывалі, агляды і конкурсы.

З 2017 года школа дзейнічае ў інавацыйным рэжыме. Вынікам рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як умова прафесійнага самавызначэння навучэнцаў па запатрабаваных у рэгіёне прафесіях і спецыяльнасцях” стала стварэнне школьнай бізнес-кампаніі “Няхітрыя вырабы”. Навучэнцы робяць магніцікі, насоўкі, камплекты хатняй гаспадыні, пасцельную бялізну і інш.

Ідэі праекта ўзяты за аснову дзейнасці аграрных класаў, якія былі адкрыты ў школе ў бягучым навучальным годзе. Установай заключаны дагавор аб супрацоўніцтве з Беларускай сельскагаспадарчай акадэміяй у Горках. Гэта дасць магчымасць выпускнікам без уступных выпрабаванняў паступаць ва ўстанову вышэйшай адукацыі.

У гэтым навучальным годзе ў школе рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі сацыяльна-эмацыянальнага навучання як умова фарміравання ўніверсальных кампетэнцый навучэнцаў”. Праект накіраваны на выхаванне сапраўдных патрыётаў краіны, сацыялізацыю школьнікаў і атрыманне станоўчых эмоцый ад праробленага: ад вучобы, праведзеных мерапрыемстваў, грамадскіх спраў. Дарэчы, у мінулым годзе ўстанове быў прысвоены статус “Школа міру”. Школьнікі ўступілі ў шэрагі міратворцаў і далучыліся да ўдзелу ў праектах Беларускага фонду міру. Вучні клапоцяцца аб ветэранах вайны і працы, займаюцца добраўпарадкаваннем мемарыялаў, помнікаў і абеліскаў, дапамагаюць дзецям-сіротам, дзецям-інвалідам, мнагадзетным
сем’ям і г.д.

Навучэнцы школы актыўна займаюцца навукова-дас­ледчай дзейнасцю. Разам са сваімі педагогамі — настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства Святланай Пальчык і настаўніцай інфарматыкі, якая выкладае факультатыўныя заняткі “Мая Айчына”, Зінаідай Палуэктавай — яны даследавалі цікавыя старонкі гісторыі роднага краю. А ў гэтым навучальным годзе дзесяцікласніца Караліна Несцяровіч ра­зам з педагогамі працавала над стварэннем генеалагічнага дрэва роду Мінкевічаў.

— Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці немагчыма без усведамлення народам самога сябе як неад’емнай часткі сваёй краіны, яе гісторыі, мовы і культуры. Пры гэтым важная не толькі духоўная, але і кроўная сувязь з Радзімай, дзясяткамі пакаленняў продкаў, што жылі на ёй да нас. Памяць аб іх патрэбна нам як даніна павагі былым часам, — гаворыць Зінаіда Іванаўна. — Ляхавіцкая зямля багатая на таленавітых людзей. Некаторыя з іх вядомыя далёка за межамі нашай краіны: Рэйтаны, Бохвіцы, Чарноцкія… Але ёсць і такія асобы, памяць аб якіх страцілася недзе на завулках гісторыі. Гэта нашы землякі, якія змагаліся з ворагамі, сумленна працавалі, рабілі ўсё для росквіту роднага краю.

Зусім не выпадкова для да­следавання быў выбраны менавіта род Мінкевічаў, які школьнікі вывучалі на матэрыялах музейнага кутка, успамінах сваякоў, землякоў, сямейнага архіва сястры былога міністра Надзеі Іванаўны Шагун. Стаяла задача даследаваць біяграфіі прадстаўнікоў роду Мінкевічаў, іх уплыў на культурна-гістарычную спадчыну, выявіць малавядомыя або страчаныя факты рэгіянальнай гісторыі, а таксама папулярызаваць набытыя звесткі праз сродкі масавай інфармацыі.

— На прыкладзе роду Мінкевічаў можна прасачыць, як сямейны ўклад, пры якім маленькі чалавек ужо з самых ранніх гадоў далучаецца да працы, паважае дзеда, бабулю, бацькоў і клапоціцца аб малодшых у сям’і, прывучае яго да самастойнага жыцця, — заўважае настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Святлана Пальчык. — Беларускі народ прынята лічыць адным з самых талерантных у свеце. Але ж у гады ліхалецця, калі патрабуецца рызыкнуць сваім жыццём у імя жыцця іншых людзей, у нашым народзе нараджаюцца нейкія звышсілы. І род Мінкевічаў гэта пацвярджае. Дзе б ні працавалі — у сельскай гаспадарцы, адукацыі, на тэхнічнай ніве — яны, Мінкевічы, заўсёды былі наперадзе. І калі прасачыць жыццёвы шлях толькі аднаго Міхаіла Гаўрылавіча, то можна дзіву дацца, як мог прыгавораны да смяротнага пакарання чалавек не ўпасці духам, як у яго, хлопца з сельскай глыбінкі, хапіла сіл дасягнуць такіх вышынь!

З 1968 па 1985 год Міхаіл Мінкевіч займаў пасаду міністра асветы БССР. Міхаіл Гаўрылавіч — заслужаны настаўнік БССР, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 7-га і 8-га склікання. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, 4 ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі, шматлікімі баявымі і працоўнымі медалямі.

Было высветлена, што работа ў Міністэрстве асветы стала адным з самых яскравых і прадукцыйных перыядаў дзейнасці Міхаіла Гаўрылавіча. Сумленны чалавек, інтэлігент у самым высокім сэнсе гэтага слова, ён карыстаўся павагай у педагагічнай грамадскасці. Ён быў чулы да асабістых праблем людзей, падтрымліваў таленавітых педагогаў, меў пастаянную сувязь з калектывамі ўстаноў адукацыі. Стыль кіравання М.Г.Мінкевіча вызначаўся тым, што ён даваў магчымасць кожнаму педагогу, кіраўніку праявіць свае лепшыя здольнасці. Яму было ўласціва імкненне да новага ў справе навучання і выхавання падрастаю­чага пакалення. Вялікае кола праблем заўсёды было ў полі яго зроку. Менавіта ў гады кіравання М.Г.Мінкевіча на паса­дзе міністра адбываліся прагрэсіўнае развіццё асветы, пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі, была значна ўзмоцнена як вучэбная, так і выхаваўчая функцыя школы, атрымалі далейшае развіццё дашкольныя і паза­школьныя ўстановы. 

Вынікам даследчай работы навучэнцаў стала генеалагічнае дрэва сям’і Мінкевіч, якое захоўваецца ў школьным музейным кутку. Сабраныя матэрыялы ў значнай ступені ўнікальныя, маюць вялікае значэнне для захавання гістарычнай спадчыны Ляхавіцкага раёна і актыўна выкарыстоўваюцца на ўроках гісторыі Беларусі, пры правя­дзенні выхаваўчых мерапрыем­стваў, у рабоце краязнаўчых гурткоў.

Наперадзе ў юных даследчыкаў і іх настаўнікаў яшчэ шмат работы. Яны плануюць папрацаваць з архіўнымі матэрыяламі, стварыць віртуальны музейны куток на сайце школы.

 Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара