Жарэс Алфёраў наведаў Віцебшчыну

- 11:28Людзі адукацыі

Жарэса Алфёрава падарыў свету загадкавы і светлы, дзівоснай прыгажосці край — беларуская Поўнач, “узгоркавая, азёрная, ільняная Віцебшчына”, на якой для нобелеўскага лаўрэата найбольш блізкія, свае — Чашніччына і Гарадоччына.

“Перад землякамі павінен выступаць стоячы!”

— Вельмі добра адчуваю сябе ў Беларусі, а на Віцебшчыне асабліва, — прызнаўся Жарэс Іванавіч. — Заўсёды хочацца прыехаць на сваю зямлю, пакланіцца родным мясцінам.
Бацька аднаго з самых вядомых у свеце вучоных-фізікаў нарадзіўся ў Чашніках. Тут Іван Алфёраў скончыў тры класы гарадскога вучылішча, тут у 14 гадоў пайшоў працаваць на мясцовую папяровую фабрыку, адсюль услед за старэйшым братам Валяр’янам з’ехаў на заробкі ў Санкт-Пецярбург (брат застаўся і ўсё жыццё пражыў у расійскай паўночнай сталіцы), сюды вярнуўся на пачатку Першай сусветнай вайны — прызывацца ў армію тады можна было па месцы нараджэння. Быў накіраваны ў кавалерыю і служыў на Паўночным фронце ў 4-м гусарскім палку. Аднак летам 1917 года за антываенную агітацыю баявы унтэр-афіцэр трапіў у Дзвінскую крэпасць, дзе пад уплывам таварышаў сфарміраваліся канчаткова і на ўсё жыццё яго палітычныя погляды. Праз некаторы час перакананы бальшавік нават сынам дасць камуністычна-інтэрнацыянальныя імёны: старэйшага назаве Марксам, а малодшага Жарэсам — адпаведна ў гонар аўтара “Капіталу” і заснавальніка газеты L’Humanite, лідара Французскай сацыялістычнай партыі.Трэба сказаць, што чашніцкія карані сям’я будучага нобелеўскага лаўрэата не страціла. У яго дзядулі Карпа Паўлавіча і бабулі Марыі Рыгораўны было трое сыноў і дачка: пра дваіх мы ўзгадвалі вышэй, трэці брат Сцяпан памёр у 1929 годзе ад дыябету, а цётка Жарэса Алфёрава Таццяна (па мужу Баркевіч) усё жыццё пражыла ў Чашніках.
Жарэс Іванавіч часта прыязджае на бацькаўшчыну, сустракаецца з жыхарамі райцэнтра, наведвае магілы продкаў. Сёлета Жарэс Іванавіч завітаў у Чашнікі разам з жонкай Тамарай Георгіеўнай, сынам Іванам, дачкой Ірынай і рэктарам Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Валерыем Башметавым. Гасцей прынялі цёпла, як родных. Жарэс Алфёраў шчыра адказаў на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы. Прычым прыярытэты расставіў з першай яе хвіліны:
— Я рады пабываць сярод дарагіх мне людзей. І перад землякамі павінен выступаць стоячы!
У размове вучоны падкрэсліў, што галоўнымі чалавечымі якасцямі лічыць сумленнасць, прыстойнасць і вернасць жыццёвым прынцыпам. А галоўным сакрэтам уласнага сямейнага шчасця назваў Тамару Георгіеўну, у якой, дарэчы, у той дзень якраз быў дзень нараджэння. Па запрашэнні землякоў госці азнаёміліся з сучаснай арганізацыяй вытворчасці на папяровай фабрыцы “Чырвоная Зорка” — той самай, дзе пачаў працоўную дзейнасць Іван Алфёраў.

Тое, што дорага сэрцу

У адрозненне ад Чашнікаў, у Гарадку Жарэс Іванавіч быў упершыню. Між тым азначаны населены пункт мае ўсе падставы называцца Радзімай вучонага.
…У грамадзянскую вайну Іван Алфёраў прайшоў шлях ад радавога да камандзіра кавалерыйскага палка; пасля вайны быў прызначаны асобым упаўнаважаным на савецка-польскую мяжу. Неўзабаве ён сустрэў сваю будучую жонку, Ганну Уладзіміраўну. Год 1924-ы для маладой сям’і, якая жыла тады ў Полацку, быў адзначаны нараджэннем першынца Маркса. У 1926 годзе Алфёравы пераехалі ў Гарадок: Іван Карпавіч паслядоўна займаў шэраг ключавых для раёна пасад, у тым ліку выконваў абавязкі загадчыка фінансавай часткі, намесніка старшыні і старшыні райвыканкама, кіраваў трэстам камунальных прадпрыемстваў, лесапільным заводам. У 1930 годзе ў Віцебску нарадзіўся Алфёраў-малодшы, Жарэс.З Гарадком Алфёравых звязвае многае. Гэта шматлікія знаёмыя і сябры, мноства сямейных успамінаў і трагічная, пранізліва пяшчотная гісторыя кахання Маркса і Альды Мялешка, якая пачалася тут, а прадоўжылася ў Свярдлоўску, калі малады чалавек аднаўляў сілы пасля цяжкага ранення на Курскай дузе, і абарвалася ў 1944 годзе ва Украіне, дзе загінуў Маркс…
Разам са старшынёй Гарадоцкага райвыканкама Пятром Карабачом і Валерыем Башметавым (таксама ўраджэнцам гэтага раёна) Жарэс Іванавіч і яго родныя пазнаёміліся з цяперашнім райцэнтрам, наведалі Дом рамёстваў і фальклору, раённы края-знаўчы музей і Гарадоцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці імя І.В.Дарошчанкі. Вучонага па-добраму ўразілі ўмовы працы (дзякуючы мінулагоднім абласным “Дажынкам”, мясцовыя жыхары маюць магчы-масць захоўваць і развіваць традыцыйныя народныя промыслы ў выдатным сучасным будынку) і, безумоўна, вырабы майстроў Дома рамёстваў і іх вучняў. Два саламяныя капелюшы Жарэс Алфёраў адразу набыў для жонкі і дачкі, адзін замовіў для сябе. У музеі адбылася ажыўленая размова ля экспанатаў выставы “Нашы славутыя землякі”. Высветлілася: госць шмат ведае амаль пра кожнага з іх і сам з лёгкасцю можа прадоўжыць экскурсію.
— Чалавек заўсёды павінен памятаць свае карані, беражліва захоўваць тое, што дорага сэрцу, у якой бы сферы ён ні знайшоў сваё прызванне, якіх бы вышынь ні дасягнуў. Мае бацькі часта і выключна добрым словам успаміналі Гарадоччыну, людзей, з якімі давялося жыць і працаваць поруч на працягу пяці гадоў, — узгадаў Жарэс Алфёраў.
У кабінеце фізікі прафтэхкаледжа знакаміты фізік выказаў упэўненасць: будучыня Беларусі — за яе таленавітай моладдзю і працавітым народам. А прымаючы ў падарунак ад землякоў кнігу “Памяць. Гарадоцкі раён”, пачуў збянтэжанае “яна напісана на беларускай мове” і адрэагаваў досыць рэзка:
— Я ж беларус і сваю мову яшчэ не забыўся!

Прыярытэт цывілізаванай краіны

Напэўна, самая актыўная і зацікаўленая аўдыторыя чакала Жарэса Алфёрава ў ВДТУ. Нагодай для сустрэчы з калектывам універсітэта стала ўручэнне доктару фізіка-матэматычных навук прафесару Аляксею Карніенку дыплома Міжнароднага Алфёраўскага фонду па падтрымцы адукацыі і навукі за навуковыя дасягненні ў развіцці новых прынцыпаў тэорыі спектраў лазерных матэрыялаў. Разам з нобелеўскім лаўрэатам універсітэт наведалі намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Сяргей Кілін і намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Пётр Падгурскі. Варта адзначыць, што ў папярэднія гады некалькі прадстаўнікоў ВДТУ былі адзначаны стыпендыямі і дыпломамі беларускага і расійскага фондаў, заснавальнікам якіх з’яўляецца Жарэс Алфёраў.
— З Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам і яго рэктарам Валерыем Сцяпанавічам Башметавым нас звязваюць доўгія гады супрацоўніцтва і сяброўства, — расказаў Жарэс Іванавіч. — Я заўсёды рады прыязджаць да вас, з вялікім інтарэсам азнаёміўся з лабараторыямі новага корпуса.
На думку вучонага, Беларусь у большай ступені, чым астатнія краіны на постсавецкай прасторы, захавала і развівае сельскую гаспадарку, прамысловасць і, што вельмі важна, навуку.
— Я багата езджу па свеце і, напэўна, маю падставы для параўнання. Калі перасякаеш мяжу Беларусі, то адразу відаць, што трапіў у сучасную дагледжаную еўрапейскую краіну. І справа не толькі ў прывабным знешнім выглядзе палеткаў і населеных пунктаў. Мы ўчора наведалі музей-сядзібу Ільі Рэпіна “Здраўнёва” — гэта яскравы прыклад таго, наколькі трапятліва і ашчадна ставяцца беларусы да сваёй гісторыі, наколькі вялікую ўвагу ўдзяляюць зберажэнню і аднаўленню гісторыка-культурных помнікаў. Нацыянальная акадэмія навук атрымлівае ад дзяржавы поўную і ўсебаковую падтрымку. Менавіта ў выніку навуковых распрацовак адбываецца рух наперад у галіне машынабудавання, электронных сістэм, лазернай тэхналогіі. Беларуская фізіка сёння адна з вядучых на постсавецкай прасторы, больш за тое, яна вельмі нядрэнна трымаецца і на міжнародным узроўні.
У размове з супрацоўнікамі, выкладчыкамі і студэнтамі госць нагадаў знакамітае выказванне шэйха Ахмеда Закі Ямані: “Каменны век скончыўся не таму, што наступіў дэфіцыт каменю, і век нафты скончыцца не таму, што наступіць дэфіцыт нафты” і зазначыў:
— Развіццё сусветнай цывілізацыі вызначаецца найперш развіццём навукі і, больш канкрэтна, новых тэхналогій. Век нафты, я ўпэўнены, зменіцца на век пераўтварэння сонечнай энергіі. А новыя тэхналогіі ўзнікаюць дзякуючы навуковым даследаванням. Мне пашанцавала абмяркоўваць розныя навуковыя праблемы з многімі выдатнымі вучонымі. Я згодны з Джорджам Портэрам: “Навука ўся прыкладная. Розніца толькі ў тым, што асобныя прыкладанні знаходзяць прымяненне хутка, а іншыя — праз стагоддзі”. Гэтым, на самай справе ён падкрэсліў: асновай навукі з’яўляюцца фундаментальныя даследаванні, і ад іх абавязкова будуць прыкладанні. Таму развіццё навукі, даследаванняў, вышэйшай адукацыі ёсць прыярытэт цывілізаванай краіны. Калі мы сустракаліся з прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху (дзед якога, дарэчы, прыехаў у Палесціну з Віленскай губерні), ён сказаў: “У малой краіны і невялікага народа ёсць толькі адна магчымасць заха-ваць сябе: развіццё навукі, тэхналогіі. У слабых моцных саюзнікаў не будзе”. Відавочныя і абсалютна правільныя словы. Безумоўна, суразмоўца меў на ўвазе найперш свой народ. Але Беларусь таксама невялікая краіна, і ў яе няшмат прыродных рэсурсаў. Затое ёсць выдатны, дружны, таленавіты народ, які сваёй працай стварае моцную, квітнеючую краіну і яе светлы заўтрашні дзень.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.