Педагог на занятках выкарыстоўвае дыдактычны матэрыял, ведае мноства практыкаванняў па развіцці навыкаў у дзяцей. Але ці ёсць у гэтым патэнцыял, калі дзіця не хоча ісці на заняткі, не выконвае інструкцыю, а матывацыя да дзейнасці ў яго на нізкім узроўні. Пры гэтым яно дэманструе непажаданыя паводзіны.

Для выпраўлення сітуацыі распрацуйце жэтонную сістэму заахвочвання. Гэта паводзінская тэхніка, якая выкарыстоўваецца для ўзмацнення пазітыўных паводзін і змяншэння непажаданых.
Сутнасць сістэмы — у заахвочванні за пажаданыя паводзіны з дапамогай так званых жэтонаў. Функцыю жэтонаў выконваюць фішкі, манеткі, магніты, фігуркі, паметкі ў сшытку, балы, наклейкі і г.д. За заробленую колькасць жэтонаў дзіця атрымлівае ўзнагароду, выбар якой ажыццяўляецца з улікам узросту, навыкаў, пераваг і вопыту канкрэтнага дзіцяці.
Да пачатку выкарыстання такой сістэмы арганізуецца назіранне за дзіцем, у адносінах да якога прымяняецца карэкцыя. Па выніках назірання фармулююцца сацыяльна патрэбныя паводзіны, вызначаецца кола станоўчых стымулаў для падмацавання. Затым уводзяцца ў работу жэтоны, за якія дзіця атрымлівае ўзнагароду.
Пры выкарыстанні жэтонаў дзіцяці спатрэбіцца час, каб зразумець, як іх зарабляць. Пачаць давядзецца з неадкладнага абмену: за любыя мэтавыя паводзіны дзіцяці ўручаецца жэтон. Затым ён забіраецца і выдаецца ўзнагарода.
Разгледзім прыклад. Ваня не любіць садзіцца на занятках за стол, але любіць гуляць з матрошкай. Калі Ваня самастойна садзіцца за стол, хвалім яго і выдаём яму жэтон. Затым жэтон забіраем і даём пагуляць з матрошкай.
Калі вы вырашылі прымяніць жэтонную сістэму заахвочвання ў сваёй дзейнасці, то памятайце, што яе эфектыўнасць будзе залежаць ад выканання правіл. Дакладна фармулюйце дзіцяці, якія задачы яно выконвае і колькі атрымае жэтонаў. Майце ў арсенале альтэрнатыўныя варыянты заахвочвання, прапануйце дзіцяці самастойна выбраць заняткі і ўзнагароды. Назірайце за паводзінамі дзіцяці, рэгулюйце час, праз які жэтоны будуць абменьвацца на ўзнагароду. Выконвайце свае абяцанні!
Жэтонная сістэма эфектыўная ў змяненні паводзін дзіцяці пры правільным яе прымяненні. У карэкцыйнай рабоце з дзецьмі з парушэннямі развіцця таксама дасягаецца прагрэс.
Алена ІСАКАВА,
педагог-псіхолаг Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі
Вялікай Бераставіцы Бераставіцкага раёна





