Жнівень у “Сузор’і”

- 11:52Нам пішуць

Лагер “Сузор’е” Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна адчыніў свае дзверы ў жніўні.

На працягу 8 дзён 25 дзяўчынак і хлопчыкаў былі ўцягнуты ў калейдаскоп падзей. Адкрылі змену “Днём самаарганізацыі, сэлфі і смеха”, які выклікаў бурнае захапленне ва ўсіх. Штодзень выхаванцы маглі праявіць сябе: з азартам спявалі, танцавалі і выступалі ў ролі акцёраў.

Дзеці ўдзельнічалі і ў спартыўных мерапрыемствах “Летняя маланка”, “Вясёлыя старты”, ток-шоу “Самы-самы”. Штодня праводзіліся зарадка і танцавальныя размінкі на свежым паветры, тэнісныя турніры, спаборніцтвы па бадмінтоне ці футболе, турніры па шашках. Дзеці прапанавалі арганізаваць футбольны матч з гасцямі нашай вёскі, і мы падтрымалі іх ідэю.

Вялікая ўвага ўдзяляецца не толькі прапагандзе культуры і здаровага ладу жыцця, але і вывучэнню правіл дарожнага руху, пажарнай бяспекі і нават аховы мяжы, таму што наша малая радзіма знаходзіцца на мяжы з Літвой. З гэтай мэтай запрашалі інспектараў, пагранічнікаў, ратавальнікаў. Таксама былі праведзены гутаркі, накіраваныя на псіхалагічнае выхаванне.

Спадзяёмся, што дні, праведзеныя ў летнім школьным лагеры “Сузор’е”, запомняцца надоўга.

Хрысціна ІОДКА,
педагог-арганізатар Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна.