Жнівень зноў сабраў настаўнікаў

- 15:06Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У галоўным педсавеце вобласці прынялі ўдзел каля 700 прадстаўнікоў педагагічных калектываў, намеснікі старшынь, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў адукацыі рай(гар)выканкамаў, кіраўнікі адукацыйных устаноў рэгіёна. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік, міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, губернатар вобласці Пётр Руднік, памочнік прэзідэнта галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў.

Ажыўленне ў галоўным корпусе Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, выбранага месцам правядзення канферэнцыі, назіралася ўжо з раніцы. У фае ўніверсітэта разгарнулася выстава з разнастайнымі інфармацыйнымі стэндамі: тут сваю прадукцыю і паслугі прадстаўлялі ўсе ўстановы, арганізацыі, звязаныя са сферай адукацыі рэгіёна.
Варта адзначыць, што структура канферэнцыі сёлета была крыху зменена. Акрамя традыцыйных выставы дасягненняў і пленарнага пасяджэння, удзельнікаў канферэнцыі чакала яшчэ работа секцый. У прыватнасці, усе запрошаныя на канферэнцыю маглі наведаць прэзентацыі па такіх актуальных тэмах, як “Пераемнасць дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі”, “Удасканаленне падыходаў і стратэгій у спецыяльнай адукацыі”, “Асноўныя напрамкі дзейнасці па забеспячэнні права дзіцяці на пражыванне ў сям’і”, “Прыярытэтныя напрамкі выхаваўчай работы, асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу ў 2014/2015 навучальным годзе”, “Павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў”, “Эксперыментальная, інавацыйная і даследчая дзейнасць — стратэгічны фактар развіцця сістэмы адукацыі рэгіёна”. Кожная дыскусійная пляцоўка стала не толькі месцам абмеркавання пытанняў, звязаных з далейшай перспектывай развіцця ўсёй сістэмы адукацыі вобласці, але і месцам прадстаўлення вопыту адукацыйных устаноў, абмену думкамі і разважаннямі ўдзельнікаў канферэнцыі, вызначэння пазіцый педагогаў і адміністрацый устаноў па вострых пытаннях адукацыі.
Пакуль у лекцыйных аўдыторыях універсітэта праходзіла работа секцый, у канферэнц-зале ўстановы міністр адукацыі Сяргей Маскевіч правёў асабісты прыём грамадзян. Падчас прыёму былі агучаны праблемы, якія хвалююць прыёмных бацькоў у Магілёве. Напрыклад, адна маці папрасіла разгледзець магчымасць аказання аднаразовай фінансавай дапамогі пры прыняцці ў сям’ю першага дзіцяці.
— Вашу просьбу можна задаволіць праз механізм аказання адраснай сацыяльнай дапамогі. Таму задача на сёння — арганізаваць апытанне ў прыёмных сем’ях вобласці з мэтай вызначэння канкрэтнай сумы. Варта разгледзець і магчымасць заахвочвання на абласным і раённых узроўнях бацькоў, якія доўгі час паспяхова выхоўваюць прыёмных дзяцей, — прапанаваў Сяргей Аляксандравіч.

Яшчэ адно пытанне, якім занепакоены прыёмныя бацькі, — несвоечасовае прадастаўленне жылля прыёмным дзецям пры дасягненні імі паўналецця. Усяго за час асабістага прыёму па дапамогу да міністра адукацыі звярнуліся восем чалавек. Пытанні тычыліся недахопу месцаў у інтэрнатах УВА, дзіцячых садках, працаўладкавання, павышэння заработнай платы педагогам. Усе атрымалі кампетэнтнае тлумачэнне на свой зварот. Прагучалі ад міністра адукацыі і рэальныя прапановы да кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі вобласці з мэтай мясцовага ўрэгулявання шэрага пытанняў.
Паралельна з актыўна разгорнутай дзейнасцю ва ўніверсітэце ў рамках канферэнцыі адбыўся візіт па ўстановах адукацыі Магілёва намесніка прэм’ер-міністра Анатоля Тозіка. Віцэ-прэм’ер наведаў Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1, сярэднюю школу № 40, навукова-тэхнічны цэнтр “Дыдактыка”, абласны школьны кірмаш і Магілёўскі прафесійны агралесатэхнічны каледж імя Арлоўскага. Характэрна, што сустрэчы ў калектывах праходзілі ў форме канструктыўнага дыялогу.
Так, падчас візіту ў Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 1 было абмеркавана шмат ідэй, якія, магчыма, дазволяць палепшыць сітуацыю ў дашкольнай адукацыі. Адна з іх — прадастаўленне большых магчымасцей прыватнай ініцыятыве і нават аказанне прыватным установам дашкольнай адукацыі дзяржпадтрымкі на ўтрыманне дзіцяці. Па словах віцэ-прэм’ера, такі крок дапаможа вырашыць праблему з дэфіцытам месцаў у дашкольных установах.
— Аднак далучыцца да рэалізацыі гэтай задумкі трэба будзе і будаўнікам, і праекціроўшчыкам. Па той прычыне, што рэальны выхад з цяперашняга становішча — будаўніцтва ўбудаваных у жылыя дамы памяшканняў для невялікіх дзіцячых садкоў. Установы такога плана ніяк не перашкодзяць жыхарам і змогуць забяспечыць крокавую даступнасць атрымання дзецьмі дашкольнай адукацыі, — адзначыў Анатоль Афанасьевіч.
Асабліва падкрэсліў намеснік прэм’ер-міністра неабходнасць максімальна эфектыўнага выкарыстання дзяржаўных сродкаў, якія выдзяляюцца на дашкольную адукацыю. У ходзе абмеркавання гэтага пытання ўсімі зацікаўленымі асобамі была падтрымана магчымасць спрашчэння праектаў будаўніцтва дашкольных устаноў, а таксама ўвядзення рацыянальнай аплаты на наведванне дзіцячых садоў дзецьмі, якія дасягнулі шасцігадовага ўзросту.
— У нас у краіне адпраўляць дзіця ў школу прынята ў шэсць гадоў. Але сёння ў рэспубліцы 30 тысяч дзяцей, якія дасягнулі гэтага ўзросту, працягваюць наведваць дзіцячыя сады. З прыведзенай лічбы — толькі 7 тысяч па медыцынскіх паказчыках, астатнія ж дзеці па сваім узроўні развіцця, як фізічным, так і інтэлектуальным, могуць ісці ў першы клас. Але бацькі па шэрагу прычын пакідаюць дзіця ў садзе. Вядома, у бацькоў ёсць на гэта права, але ўтрыманне гэтых дзяцей абыходзіцца дзяржаве ў 450 мільярдаў у год. Шляхі вырашэння такога пытання — увядзенне аплаты. Сітуацыя, якая таксама патрабуе вырашэння, заключаецца і ў тым, што многія мамы аддаюць дзяцей у сад пасля двух гадоў. Частка маці пры гэтым выходзіць на работу, але большасць — не. У той жа час у першым выпадку мама атрымлівае на сваё дзіця 50% грашовай дапамогі, а ў другім — 100. Не зусім справядліва. Таму ва ўрадзе цяпер актыўна прапрацоўваецца гэтае пытанне, каб знайсці правільны выхад са становішча, — зазначыў падчас размовы з супрацоўнікамі і дырэктарам цэнтра Анатоль Тозік.
Такі ж двухбаковы дыялог адбыўся ў віцэ-прэм’ера і з педагагічным калектывам сярэдняй школы № 40 Магілёва, дзе былі разгледжаны асаблівасці арганізацыі работы з адоранымі дзецьмі і моўнай падрыхтоўкі навучэнцаў. Асаблівую ўвагу Анатоль Афанасьевіч звярнуў на папулярызацыю выкарыстання роднай, беларускай мовы сярод школьнікаў, а таксама перагляду методыкі выкладання замежных моў ва ўстановах адукацыі і замены яе на больш эфектыўную. Не засталося па-за ўвагай і пытанне заработнай платы педагогаў.
— Мы ставім перад сабой мэту вывесці заробак настаўніка на ўзровень сярэдняй зарплаты па рэспубліцы. Я думаю, што гэта рэальна і гэтае даручэнне мы выканаем, калі будзем разумна распараджацца тымі сродкамі, якія накіроўваюцца сёння ў сістэму адукацыі, — сказаў Анатоль Тозік, зноў падкрэсліваючы неабходнасць гаспадарчага падыходу да выкарыстання бюджэтнага фінансавання.
У ходзе выступленняў дакладчыкаў падчас пленарнага пасяджэння жнівеньскай канферэнцыі была дадзена справаздача аб дасягнутых выніках сістэмы адукацыі рэгіёна, абмеркаваны наяўныя праблемы і перспектывы яе далейшага развіцця.

Развіццю сферы адукацыі на Магілёўшчыне надаецца прыярытэтнае значэнне, што выразна падкрэсліў у сваім выступленні губернатар вобласці Пётр Руднік.
— У нашай вобласці асаблівая ўвага заўсёды ўдзяляецца пытанням удасканалення адукацыйнага працэсу, эфектыўнаму вырашэнню надзённых задач. Арыентуючыся на такі падыход у рабоце за мінулы навучальны год, мы змаглі дасягнуць пэўных станоўчых вынікаў: зменшылася колькасць злачынстваў, учыненых падлеткамі, працягваецца інфарматызацыя школ, зроблены пэўныя крокі па аптымізацыі бюджэтных расходаў. Але нас па-ранейшаму не радуе ЦТ, вынікі якога, як лакмусавая паперка, указваюць на існуючыя недапрацоўкі ў ажыццяўленні адукацыйнага працэсу. Праблемныя моманты па-ранейшаму назіраюцца ў аптымізацыі дзейнасці і будаўніцтве ўстаноў адукацыі. Таму дасягнутыя сёння вынікі не павінны нас спыняць. Органам кіравання адукацыяй неабходна развіваць і памнажаць дасягнутыя поспехі, фарміраваць яшчэ з дашкольных устаноў высокатэхналагічны адукацыйны працэс, — падкрэсліў Пётр Міхайлавіч.
Гэтая тэма стала лейтматывам і ў дакладзе начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Уладзіміра Рыжкова, які акрэсліў вынікі і прыярытэты найважнейшых напрамкаў дзейнасці сістэмы адукацыі Магілёўшчыны. Асаблівую ўвагу прысутных Уладзімір Уладзіміравіч звярнуў на пытанні эфектыўнага выкарыстання ўсіх элементаў адукацыйнай сферы. Кажучы аб якасці адукацыі, яго складніках, планах на будучыню, Уладзімір Рыжкоў адзначыў, што многія пастаўленыя ў жніўні 2013 года задачы былі выкананы. Гэта актыўнае ўкараненне новых адукацыйных тэхналогій, пазітыўныя змены ў ажыццяўленні выхаваўчай работы, забеспячэнне якасных умоў навучання, уключаючы мадэрнізацыю школ, вырашэнне праблем малакамплектных школ у сельскай мясцовасці, развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў. Але, па словах начальніка ўпраўлення адукацыі, па-ранейшаму існуе і шэраг недапрацовак. Таму, завяршаючы выступленне, Уладзімір Рыжкоў заклікаў педагогаў вобласці ўдасканальваць работу і далей.
— Задача застаецца ранейшай: захаваць асобу, накіраваную на стварэнне, а не на бяздумнае спажыванне, не аддаць дзяцей у стыхію псеўдакультуры і дэструктыўных арга-нізацый, павысіць якасць адукацыі. Сумеснымі дзеяннямі, заснаванымі на аб’яднанні магчымасцей сям’і, адукацыі, грамадства, выканаць гэтую задачу нам па сілах, — выказаў упэўненасць Уладзімір Уладзіміравіч.
Насычаная праграма канферэнцыі прадоўжылася не менш цікавымі выступленнямі іншых удзельнікаў пленарнага пасяджэння, у якіх гаварылася аб падрыхтоўцы педагагічных кадраў, развіцці інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў, перспектывах развіцця прафесійнай адукацыі, прафілактыцы правапарушэнняў і безнагляднасці непаўналетніх, супрацоўніцтве сям’і і ўстаноў адукацыі.

Асаблівы рэзананс выклікала выступленне начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Круглянскага райвыканкама Сяргея Храмцова, які адзначыў станоўчы эфект зліцця аддзелаў спорту і турызму і адукацыі, што прайшло ў мінулым годзе. Па словах Сяргея Мікалаевіча, аб’яднаўшы калектыў новага аддзела агульнымі мэтамі і задачамі, у раёне поўнасцю выканалі каляндар спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Назіраюцца і іншыя станоўчыя змены. Так, у Круглым адкрылі дзве пляцоўкі са штучным пакрыццём для гульні ў міні-футбол, у аптымізаванай сельскай школе стварылі аздараўленчы лагер. Акрамя таго, у школах райцэнтра ў гэтым навучальным годзе адкрыюцца два спартыўныя класы, якія будуць спецыялізавацца на лёгкай атлетыцы і грэка-рымскай барацьбе. Выступленне Сяргея Храмцова ўтрымлівала і прапановы па паляпшэнні бягучай работы, але ў цэлым яно на справе пацвердзіла: зліццё двух аддзелаў у адзін было правільным рашэннем, і яно паказвае сваю эфектыўнасць, варта толькі правільна наладзіць работу.
На гэтым засяродзіў увагу ўдзельнікаў канферэнцыі і міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.
— Установам адукацыі Магілёўшчыны заўсёды ёсць што паказаць. Выразна наладжана ўзаемадзеянне дашкольных устаноў і школ, што на сённяшні дзень асабліва важна. Мне таксама імпануе работа ўстаноў па фарміраванні аптымальных падыходаў у выхаваўчай рабоце, вынікам чаго з’яўляецца зніжэнне ўзроўню падлеткавай злачыннасці. Занятасць дзяцей, пазакласная работа, узаемадзеянне з сям’ёй у вобласці таксама знаходзяцца на высокім узроўні, — сказаў Сяргей Аляксандравіч.
Але, па словах міністра адукацыі, прысутнічаюць у сістэме адукацыі вобласці і праблемы. У прыватнасці, Магілёўшчына траціць дастаткова вялікія сродкі на ўтрыманне аднаго навучэнца. Аднак калі развіццё сферы адукацыі будзе рухацца ў такім жа кірунку, як цяпер, такія моманты паступова вырашацца. Выступаючы перад педагогамі рэгіёна, Сяргей Аляксандравіч адзначыў і планы на новы навучальны год.
— Ва ўсіх напрамках нашай дзейнасці ад статыстыкі трэба пераходзіць да індывідуальнай адраснай работы. Асаблівую ўвагу сёлета варта ўдзяліць узмацненню праф-арыентацыі, узаемадзеянню вышэйшай школы і агульнаадукацыйных устаноў. Таму, магчыма, у Магілёўскай вобласці мы паспрабуем рэалізаваць інавацыйны праект — стварэнне вучэбнай навукова-вытворчай сістэмы, так бы мовіць, кластара, накіраванага на фарміраванне новай нарматыўна-прававой базы ўзаемадзеяння агульнаадукацыйных навучальных устаноў, ІРА і ВНУ. Думаю, такая мера дапаможа палепшыць якасць падрыхтоўкі як школьнікаў, так і педагагічных кадраў, — падкрэсліў міністр адукацыі.
Працягам канферэнцыі пасля выступленняў і абмеркаванняў стала цырымонія ўзнагароджання педагогаў вобласці. Павага і прызнанне педагагічнай работы з’яўляецца магутным стымулам для развіцця настаўніцкага корпуса. Таму ніхто з тых, хто папрацаваў на славу, не быў забыты. Узнагароды настаўніцтву рэгіёна ўручалі ад Міністэрства адукацыі, Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, Магілёўскага аблвыканкама.
Завяршальнай нотай жнівеньскай канферэнцыі стала прыняцце рэзалюцыі, рэалізацыя пастаўленых задач якой будзе спрыяць асобаснаму росту навучэнцаў, выхаванцаў і педагогаў, а таксама эфектыўнаму развіццю ўстаноў адукацыі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.