Жураўлі і жураўлікі

- 16:21Адукацыйная прастора, Рознае
“Спрабую запаліць у іх хаця б свечку…” — гэтыя словы А.Дольскага вельмі дакладна адлюстроўваюць асноўную ідэю фестывалю педагагічных ідэй, арганізаванага Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, вучэбна-метадычным кабінетам аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна, Гродзенскай абласной арганізацыяй Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, членамі Гродзенскага абласнога і рэспубліканскага клубаў удзельнікаў конкурсу “Настаўнік года” “Крыштальны журавель”. Сёлета фестываль быў арыентаваны на падтрымку маладых педагогаў, стаж работы якіх ва ўстанове адукацыі складае менш за тры гады, на трансляцыю і актуалізацыю эфектыўных падыходаў да распаўсюджання і шырокага ўкаранення ў адукацыйную практыку перадавога педагагічнага вопыту. Практычна кожны член клуба “Крыштальны журавель”, які прысутнічаў на фестывалі, прыехаў з камандай маладых педагогаў.

Перыяд уваходжання пачынаючага педагога ў прафесію напружаны, важны для яго асобаснага і прафесійнага развіцця. Ад таго, як ён пройдзе, залежыць, ці будзе наваяўлены настаўнік прафесіяналам, ці застанецца ён у сферы школьнай адукацыі. Маладым педагогам для адаптацыі на новым рабочым месцы, у прафесіі крайне неабходна дапамога. Не толькі матэрыяльная, але, у большай ступені, метадычная і псіхалагічная. Мы, настаўнікі, з немалым стажам работы, помнім, наколькі важная падтрымка ў пачатку шляху, наколькі важная своечасовая парада. Ідэя настаўніцтва павінна адрадзіцца ў нашай прафесіі. Дрэнны той настаўнік, які не зможа пасля сябе пакінуць паслядоўнікаў, зацікаўленых, з іскрыстымі вачыма, якія разумеюць важнасць і адказнасць настаўніцкай прафесіі. Гэта не пафасныя словы. Вельмі важна, каб у школу прыйшлі і засталіся працаваць педагогі-знаўцы, крэатыўныя, з добразычлівымі адносінамі да дзяцей і, самае важнае, з жаданнем працаваць.
Мы хацелі падтрымаць тых, хто задумаўся пра місію настаўніцкай прафесіі, зарадзіць іх энергіяй і натхненнем, паказаць, што педагогам быць неймаверна цяжка, але вельмі здорава!
Фестываль педагагічных ідэй праводзіўся ў сярэдняй школе № 26 Гродна. На працягу двух дзён вопытнымі настаўнікамі былі праведзены майстар-класы, адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класах. Члены клуба “Крыштальны журавель” прадэманстравалі метады і прыёмы розных сучасных педагагічных тэхнік. Вельмі прыемна было бачыць зацікаўленых маладых педагогаў, якія актыўна прымалі ўдзел у фестывалі. Яны маглі паказаць сябе, прыняўшы ўдзел у прэзентацыі каманд, у конкурсах і майстар-класах, павысіць узровень педагагічнага майстэрства, пераняўшы ідэі, творчыя знаходкі, прафесійныя падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу, знайсці новых сяброў, аднадумцаў.

Загарэцца энергіяй ад творчых педагогаў рэспублікі, адчуць сваю значнасць, папоўніць сваю метадычную скарбонку змаглі на фестывалі не толькі маладыя спецыялісты, але і педагогі-практыкі Гродна. Уявіце самі маштаб таго, што адбывалася на працягу двух дзён: 21 майстар-клас, 7 адкрытых урокаў змаглі наведаць настаўнікі і паглыбіцца ў атмасферу прафесіяналізму і творчага пошуку. Як мадэляваць урок, можна было павучыцца на майстар-класе ў Алены Васільеўны Пасюта, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Шчучына, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры; як супрацоўнічаць у камандзе, вучыла Алена Мікалаеўна Аскірка, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі № 1 Ваўкавыска, а як працаваць у камандзе, можна было навучыцца на майстар-класе ў Івана Віктаравіча Якіменкі, настаўніка матэматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна. Педагогі пазнаёміліся з інтэрактыўнымі метадамі навучання і асаблівасцямі іх выкарыстання на майстар-класе ў Алены Уладзіміраўны Цілюпа, настаўніцы біялогіі сярэдняй школы № 3 Крычава. Настаўніца англійскай мовы ліцэя Івацэвіцкага раёна Вольга Валер’еўна Брыч паказала магчымасці інтэрнэт-рэсурсаў у развіцці вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі, а настаўнік англійскай мовы гэтай жа ўстановы Аляксандр Мар’янавіч Сарока прадэманстраваў камунікатыўныя спосабы арганізацыі пачатку ўрока. Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Жабінкі Віталіна Аляксандраўна Папковіч правяла ўрок рускай мовы з дарослымі, а Наталля Мацвееўна Грыцук, настаўніца геаграфіі Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна, навучыла працаваць з інтэрактыўнымі картамі. Як стаць выдатнікам па жыцці, дзялілася думкамі Святлана Іванаўна Гін, дацэнт кафедры акмеалогіі Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Даведацца, у чым формула поспеху сучаснага ўрока, была магчымасць на майстар-класе ў Ігара Сяргеевіча Маслава, намесніка дырэктара па навуковай рабоце гімназіі № 3 Гродна, настаўніка фізікі і астраноміі. Настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 3 Мазыра Вікторыя Эдуардаўна Сташалеўская расказала, як арганізаваць работу з малодшымі школьнікамі, каб яны авалодалі майстэрствам красамоўства. Як авалодаць камунікатыўнай культурай і як ацаніць веды вучняў, прадэманстравалі настаўніца біялогіі гімназіі Смаргоні Ірына Рамуальдаўна Клявец і настаўніца хіміі і біялогіі Лугаваслабадской сярэдняй школы Мінскага раёна Алена Яўгенаўна Гарбар, прыёмы развіцця мыслення дэманстравала Алена Барысаўна Пратасевіч, настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 1 Драгічына. Стварыць партрэт дасканалага настаўніка маладыя спецыялісты змаглі на майстар-класе ў настаўніцы інфарматыкі Варатынскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна Вольгі Анатольеўны Счасновіч. З асаблівасцямі ацэньвання ведаў і ўменняў навучэнцаў на ўроках фізічнай культуры і здароўя педагогі пазнаёміліся на майстар-класе настаўніка фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 10 імя С.Рубанава Слуцка Валерыя Леанідавіча Варанцова.
Настаўнікі абласнога клуба педагогаў таксама падзяліліся вопытам сваёй работы. Так, Ніна Паўлаўна Корабава, настаўніца хіміі сярэдняй школы № 7 Гродна, правяла майстар-клас “Навучаючы пазнаваць і дзейнічаць, вучым вучыцца ўсё жыццё”, Святлана Уладзіміраўна Казанцава, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 3 Гродна, расказала педагогам аб развіцці навыкаў слоўнай творчасці вучняў на ўроках рускай мовы і літаратуры. Настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 3 Гродна Галіна Георгіеўна Андрышак разважала аб тым, як развіваць чытацкую цікавасць навучэнцаў пачатковых класаў. Згадзіцеся, што тэмы, абраныя для майстар-класаў, актуальныя. Таму гэтыя мерапрыемствы прайшлі цікава, з удзелам кожнага ў рабоце, з абмеркаваннем, разважаннямі і набываннем новага.

Маладыя спецыялісты пабывалі і на ўроках, якія праводзілі “жураўлі”: А.М.Сарока — урок англійскай мовы ў 10 класе, В.Э.Сташалеўская — урок рускай мовы ў 3 класе, І.Р.Клявец — урок біялогіі ў 9 класе, А.Б.Пратасевіч — урок матэматыкі ў 6 класе і інш.
Такую колькасць майстар-класаў можна было наведаць толькі падчас рэспубліканскага Каляднага фестывалю. А тут такая магчымасць была і для саміх членаў клуба, якія з вялікім задавальненнем наведалі майстар-класы сваіх калег, і, нягледзячы на свой уласны вопыт, было чым пажывіцца.
У рамках фестывалю быў адведзены час на правядзенне кансультацый для маладых спецыялістаў па прадметах, была магчымасць задаць пытанні, якія хвалююць, абмеркаваць цяжкасці, даведацца аб сакрэтах поспеху і магчымасцях рэалізацыі сябе ў прафесіі настаўніка. Адбыўся сапраўдны дыялог роўнага з роўным. Менавіта такі дэвіз клуба.
Пасля завяршэння метадычнай работы фестывалю ў якасці рэфлексіі з маладымі спецыялістамі быў праведзены майстар-клас настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска Галіны Анатольеўны Сухавай “Канструктар урока”, на якім набытыя веды маладыя педагогі маглі паказаць у дзеянні: яны склалі свае ўрокі, ацанілі іх якасць. На фестывалі панавала атмасфера дабра, творчасці і сяброўства.

Хіба толькі працаваць павінны настаўнікі? Чым займацца ў канцы рабочага дня? Як праявіць свае здольнасці пасля ўрокаў?
Наведаць актыўны перапынак, які быў арганізаваны з дапамогай педагогаў і метадыстаў дадатковай адукацыі цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі “Прамень” і “Спектр”, абласнога Цэнтра тэхнічнай творчасці Гродна, можна было ў першы дзень фестывалю. Стварыць вырабы з пластыкавай бутэлькі або атрымаць першыя навыкі мастацкай апрацоўкі скуры, стварыць паштоўку ў тэхніцы “скрапбукінг”, паспрабаваць зрабіць дэкаратыўны роспіс, сканструяваць выраб з паперы і кардону мог кожны жадаючы ўдзельнік фестывалю. Колькі радасці і ўпэўненасці ў сваіх сілах падарылі ўсім гэтыя майстар-класы! Дзякуй вам, паважаныя арганізатары гэтага цудоўнага актыўнага перапынку!
Для ўсіх удзельнікаў фестывалю была створана магчымасць праявіць свае інтэлектуальныя здольнасці. У зборных камандах маладыя педагогі спаборнічалі ў гульні “Што? Дзе? Калі?”, якую падрыхтавала і бліскуча правяла С.І.Гін. Атмасфера гульні, падрыхтаваныя і адобраныя пытанні стварылі ў зале творчую, актыўную работу ўсіх. Нават гледачы ўключыліся ў абмеркаванне пытанняў і мелі магчымасць адказваць на іх. А хіба магло быць інакш? Калі трэба было праявіць шмат кемлівасці і гумару, каб адгадаць, напрыклад, такія загадкі пра школу:
— Без акон, без дзвярэй поўна хата людзей! (Рамонт школы.)
— Ні хваста, ні галавы, а чатыры нагі! (Два першакласнікі ў хованкі гуляюць.)
Апошнім мерапрыемствам першага дня быў Навагодні баль. З Дзедам Марозам і Снягуркай, песнямі, карагодамі, жартамі, гульнямі і смехам. Многія пасябравалі.
Як хутка ляціць час! Мы з заміраннем сэрца чакаем фінальных акордаў: што скажуць у адказ на праведзеныя мерапрыемствы маладыя спецыялісты? Як адгукнуцца на нашы майстар-класы і ўрокі? На гэтыя два дні напружанай работы?
Усе ўдзельнікі атрымалі безліч станоўчых эмоцый ад наведвання практычных мерапрыемстваў. Маладымі спецыялістамі было выказана шмат удзячных слоў у адрас арганізатараў мерапрыемства і педагогаў. Самае важнае, што было агучана маладымі настаўнікамі, што пасля такога мерапрыемства ў іх выраслі крылы. А калі настаўніца з Гомельскай каманды сказала, што фестываль дапамог ёй канчаткова вырашыць застацца ў прафесіі, зала ўзарвалася апладысментамі. Значыць, нездарма мы працавалі ў гэтыя дні!
Сутнасць фестывалю — у зарадзе пазітыву, хіба не так? Мы вельмі хацелі паказаць і даказаць, што наша прафесія — не лёс няўдачнікаў, а наадварот. Гэта магчымасць тварыць, кантактаваць, быць у любімай справе і ўдасканальвацца ў ёй. І, мяркуючы па атрыманых водгуках, па фінальных акордах фестывалю, гэты зарад пазітыву атрыманы! У добры шлях, моладзь!
Спадзяёмся, што і іншыя вобласці падтрымаюць эстафету правядзення фестывалю для маладых настаўнікаў. Хочацца, каб прафсаюзы падтрымалі нашу ідэю і выступілі спонсарамі. Толькі разам, толькі сваімі прыкладамі і намаганнямі можна калі не зусім вырашыць, то хоць паспрабаваць скрануць з месца любую праблему. Бо зерне, кінутае ва ўрадлівую глебу і пры добрым доглядзе, можа даць цудоўны ўраджай.
У гімне клуба “Крыштальны журавель” ёсць такія словы: “І школьны, прывычны званок становіцца звонам духоўным!” Невыпадкова сімвалам фестывалю быў званок, які на памяць ад членаў рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель” атрымалі ўсе каманды маладых педагогаў. Няхай гэты званок нагадвае ўсім нам пра тое, што настаўнік — галоўная асоба ў нашай дзяржаве, якая патрабуе павагі, увагі і падтрымкі!

Ірына КЛЯВЕЦ, старшыня рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”,
Таццяна ДАЎГУН, Алена ПАСЮТА, Вольга СЧАСНОВІЧ.