Журналісты павінны працаваць на кансалідацыю грамадства

Аб гэтым заявіў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч на адкрыцці XXII Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі”.

“Сучасная палітра сродкаў масавай інфармацыі прадстаўляе шырокую карціну свету”, — сказаў міністр. Паводле яго слоў, важна, каб дакладная інфармацыя, якая перадаецца, была сур’ёзным аб’ектыўным расказам пра рэчаіснасць. “Каб, расказваючы пра сучаснасць, мы ўсе працавалі на кансалідацыю нашага грамадства, нашай краіны, былі гатовы да канструктыўнага дыялогу”, — падкрэсліў Аляксандр Карлюкевіч. Ён адзначыў шырокае прадстаўніцтва на выставе не толькі беларускіх СМІ, але і шматлікіх гасцей з розных краін. Форум “СМІ ў Беларусі” — добрая пляцоўка для абмену думкамі.

Віцэ-губернатар Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расіі Ірына Сакалова ў сваю чаргу выказала ўпэўненасць, што выстава дасць магчымасць лепш пазнаць адно аднаго, будзе садзейнічаць умацаванню сувязей Беларусі і Расіі.

Генеральны дырэктар агенцтва Trend (Азербайджан) Ільгар Гусейнаў на цырымоніі адкрыцця адзначыў, што журналістыка ў Беларусі знаходзіцца на высокім прафесійным узроўні. На яго думку, важна патрыятычнае стаўленне да сваёй прафесіі.
XХII Міжнародная спецыялізаваная выстава “СМІ ў Беларусі” праходзіць у выставачным комплексе па пр.Пераможцаў, 14.

Выстава “СМІ ў Беларусі” праводзіцца штогод з 1997 года Міністэрствам інфармацыі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, Мінскага гарвыканкама, Нацыянальнага выставачнага цэнтра “БелЭкспа”, іншых органаў дзяржаўнага кіравання, вядучых СМІ, грамадскіх арганізацый.