Журналістыка ў журналістыцы

Чацвёрты год у Слонімскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі працуе аб’яднанне па інтарэсах “Асновы журналістыкі” пад кіраўніцтвам педагога (ён жа — кіраўнік мясцовага тэлеканала “Слонім ТВ”) Сяргея Васільевіча Афанасіка. Заняткі ў аб’яднанні з першых дзён зацікавілі дзяцей сваёй незвычайнасцю, магчымасцю творчых зносін. За час існавання аб’яднання дзеці прынялі ўдзел у шматлікіх конкурсах рознага ўзроўню. Іх відэаролікі не аднойчы станавіліся пераможцамі абласных і рэспубліканскіх этапаў. На гэты раз адукацыйная праграма “Асновы журналістыкі” С.В.Афанасіка стала пераможцай абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу праграм аб’яднанняў па інтарэсах грамадска-гуманітарнага профілю ў намінацыі “Журналістыка”. Пра тонкасці журналісцкай справы мы гутарым з кіраўніком аб’яднання “Асновы журналістыкі” педагогам дадатковай адукацыі Сяргеем Васільевічам АФАНАСІКАМ.

— Сяргей Васільевіч, вы па асноўным родзе дзейнасці — кіраўнік тэлеканала, чаму вы вырашылі стаць яшчэ і педагогам, працаваць з дзецьмі?
— Для мяне як кіраўніка мясцовага тэлеканала крэатыўныя дзеці — аддушына, менавіта іх часам наіўныя ідэі, нечаканыя рашэнні і заўсёды свежыя думкі дапамагаюць тварыць, а не проста заставацца статыстам і хранікёрам падзей. Кожныя новыя заняткі ў аб’яднанні — гэта выклік, як бы я папярэдне ні распісваў тэорыю, дзеці заўсёды хітрэйшыя і больш крэатыўныя, і мая задача — толькі накіраваць іх энергію ў патрэбнае рэчышча, забяспечыць пастаянны прыток цікавай інфармацыі. Гэта як журналістыка ў журналістыцы. Мы штодзённа змагаемся за свайго тэлегледача, дагаджаючы яму сваімі праграмамі, навучаючы, інфармуючы, забаўляючы. І тыя, і другія зараджаюць цябе, як артыста на сцэне — апладысменты гледача, што дае новыя сілы і крэатыўныя ідэі.
— Што прыцягвае дзяцей у ваша аб’яднанне?
— Напэўна, тое, што практычна ўсе заняткі праходзяць на базе тэлеканала “Слонім ТВ”. Менавіта тут дзеці на кожных занятках убіраюць журналістыку плячо ў плячо з прафесіяналамі. Пасля заканчэння навучання лепшыя змогуць цалкам сур’ёзна паспрабаваць сябе на тэлебачанні. Пазаштатныя рэпарцёры з іх атрымліваюцца цудоўныя. Як паказвае практыка, нават людзі з адукацыяй, ды і тыя, хто мае сумежныя з журналістыкай прафесіі, не супраць трапіць у наша аб’яднанне і разам з дзецьмі атрымаць неабходныя практычныя навыкі.

— Як праходзяць заняткі аб’яднання на базе тэлеканала? Напэўна, яны зусім не падобныя на звыклыя, традыцыйныя?
— Заняткі на базе тэлеканала даюць дзецям магчымасць убачыць знутры кухню журналістыкі, у прыватнасці, тэлевізійнай. Праграма аб’яднання ў сваёй аснове прадугледжвае навучанне дзяцей праз практычную дзейнасць. Натуральна, заняткі маюць і тэарэтычны складнік, але ён уяўляе сабой агляднае знаёмства з журналісцкімі тэрмінамі і паняццямі.
Паспрабую расказаць па парадку. Пасля цэлай серыі азнаямленчых экскурсій (на тэлебачанне, у рэдакцыю мясцовай газеты, на радыё, у друкарню, на рэтранслятар) дзеці пачынаюць абжывацца… Першыя заданні — напісаць сачыненне на якую-небудзь простую ці вольную тэму (індывідуальна або калектыўна) — дапамагаюць вызначыць пачатковы патэнцыял дзяцей. Вынікам знаёмства і навучання павінна стаць стварэнне ўласнай рэдкалегіі. Праўда, чым яна будзе займацца, якім канкрэтна праектам, нават цяжка прадказаць. У выніку гэта можа быць серыя ролікаў на пэўную тэму ці некалькі сюжэтаў для праграмы навін і яшчэ дзясяткі варыянтаў. Гэта вырашаюць самі дзеці. Мая задача як педагога, кіраўніка — стварыць умовы для творчага працэсу.
Даволі часта заняткі праходзяць па схеме: навучэнцы атрымліваюць пэўнае заданне, напрыклад, зрабіць сумесна з рэпарцёрам тэлебачання сюжэт для праграмы навін аб адпачынку моладзі на гарадскім пляжы. Спачатку дзеці даведваюцца, што такое сюжэт, з чаго ён складаецца, якія існуюць нормы. А потым хуценька “бягуць” ад тэорыі ў практыку. А менавіта: калегіяльна абмяркоўваюць, што іх цікавіць у гэтай тэме, якія пытанні яны могуць задаць адпачывальнікам і тым, хто гэты адпачынак забяспечвае, і… у дарогу. Вядома, дзеці ўсё робяць пад наглядам прафесіяналаў, пакуль яны толькі, па сутнасці, глядзяць і выказваюць свае думкі з нагоды… (і без нагоды). Выехаўшы са здымачнай групай тэлеканала на месца падзей, дзеці назіраюць за работай рэпарцёра, здавалася б, што прасцей, чым расказаць пра гэта… Але не! Загадзя прадугледзець, як будуць развівацца падзеі падчас здымак, вельмі складана… Можа, спецыяліст адмовіцца гаварыць на камеру, можа, перастане працаваць па нейкіх прычынах камера, можа, на месцы падзей адбудзецца надзвычайнае здарэнне… Вось менавіта таму дзеці і запрашаюцца на такія здымкі, каб адчуць “жывую” журналістыку. Толькі ўліўшыся ў журналістыку, разумееш залаты дэвіз рэпарцёра: рыхтуй сюжэт да здымак, а потым падчас іх імправізуй!Працягнем разбіраць прыклад: пасля карпатлівых здымак і збору інфармацыі дзеці вяртаюцца ў студыю, дзе пачынаецца мантаж відэасюжэта. Якая б каша ў галаве ні была пасля інтэнсіўнага здымачнага працэсу (часам гэтая каша і ў докаў журналістыкі), на камп’ютары пасля 2—3 гадзін размеранай і метадычнай работы карцінкі пачынаюць складвацца ў цікавае апавяданне. Журналіст піша сцэнарый свайго сюжэта, зыходзячы з таго “шкілета”, які быў падрыхтаваны да здымак, плюс рэальнасць. Дзеці назіраюць за працэсам творчасці: адкуль бяруцца словы, як лепш абыграць сітуацыю, як расказаць пра тое, што не разумееш, і г.д. Усё паказваецца на пальцах. Далей — яшчэ цікавей: на голас рэпарцёра за кадрам накладваецца відэарад у прамежках паміж сінхронамі (выступленнем спецыялістаў ці герояў). Вось, бадай, самы сухі і кароткі аповед аб працэсе стварэння маленькага сюжэта, хвілінкі на дзве. На самай справе ўсё больш складана, але ад гэтага яшчэ цікавей.
Такім чынам, у ходзе рэалізацыі праграмы дзеці знаёмяцца яшчэ з дзвюма сумежнымі прафесіямі: аператара і мантажора. Першай навучаюць іх штатныя спецыялісты тэлеканала. Веды па будове камеры і элементарныя навыкі ў аператарскай справе абавязкова спатрэбяцца ім у жыцці і, магчыма, у будучай прафесіі. Здымаць можна навучыцца толькі здымаючы: дзеці атрымаюць унікальную магчымасць не проста патрымаць у руках вельмі дарагое абсталяванне, але і пасля некалькіх практычных заняткаў здымаць самім у набліжаных да натуральных для прафесійнага аператара ўмовах. Толькі так можна даведацца пра ўсе тонкасці гэтай справы, толькі так можна максімальна матываваць дзіця да вывучэння прадмета.
Навучэнцы аб’яднання, зноў жа пад кіраўніцтвам прафесіяналаў, маюць магчымасць прайсці курсы падрыхтоўкі па праграме AdobePremiere і ў выніку змогуць зманціраваць свой уласны відэаролік.
Асобны кірунак у навучанні — гэта лекцыі, гутаркі, кансультацыі галоўнага рэдактара мясцовай газеты, рэдактара радыё, кіраўніка тэлебачання і многіх іншых спецыялістаў. Як пісаць навіну? Што такое інтэрв’ю? Як атрымліваецца відэасюжэт? Адкуль ідзе трансляцыя тэлеканала? Як стаць вядучым праграмы навін? На гэтыя і яшчэ тысячы цікавых пытанняў адказваюць не проста тэарэтыкі журналістыкі, а практыкі. Яны адказваюць і, што больш важна, дэманструюць.Акрамя практычных навыкаў у журналістыцы і сумежных прафесіях, на занятках аб’яднання дзеці атрымліваюць магчымасць зносін з цікавымі людзьмі з асяроддзя журналістаў, а таксама тых, з кім працуюць журналісты. Натуральна, з кім праводзіць сустрэчы, вырашаюць самі дзеці: навязваць слухаць сумных, але вельмі разумных “дзядзяў” ніхто не будзе, хочуць лепш паслухаць моднага дыджэя, папулярнага спевака — калі ласка, бо журналістыка — прафесія без межаў.

— Вы перамаглі ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу праграм аб’яднанняў па інтарэсах грамадска-гуманітарнага профілю. Магчыма, штосьці плануеце змяніць у рабоце аб’яднання?
— Удзел у гэтым конкурсе паслужыў для мяне штуршком ісці далей у рабоце з дзецьмі. У планах — рэалізацыя прадстаўленай на конкурсе адукацыйнай праграмы (на тры гады навучання). Мэта другога года навучання — рэалізацыя мастацка-творчага патэнцыялу падлеткаў у формах, нацэленых на прафесійную арыентацыю. Сярод прыярытэтаў — пастаянны прыток у аб’яднанне новых членаў. А для гэтага на базе мясцовых школ плануем стварыць карэспандэнцкія пункты з ліку найбольш актыўных навучэнцаў. І тут ужо работа будзе будавацца наступным чынам: навучэнцы другога года навучання расказваюць іншым, як цікава і карысна вывучаць журналістыку, прыцягваюць у аб’яднанне новых членаў, а потым самі вучаць іх па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. На занятках, пабудаваных у інтэрактыўнай форме, навучэнцы-лідары вучаць навічкоў таму, што ўжо ўмеюць самі, дзеляцца сваім, няхай невялікім, вопытам. Эфектыўнасць такой работы ў многім, вядома, будзе вызначацца асобаснымі якасцямі дзяцей, уменнем уцягнуць, павесці за сабой, а таксама ўзроўнем падрыхтоўкі навучэнцаў першага года навучання.Мэта трэцяга года навучання — аб’яднанне карэспандэнцкіх пунктаў школ у адзіную маладзёжную рэдакцыю са сваім галоўным рэдактарам, выпускаючым рэдактарам, рэдактарамі аддзелаў, карэспандэнтамі, аператарамі, мантажорамі, творчымі групамі па вузкіх кірунках дзейнасці (напрыклад, здымка рэкламы). А вось гэта ўжо выльецца ў прывабны для тэлебачання праект для падлеткаў.
Вядома, каб гэта ажыццявіць, патрабуецца ўжо не проста жаданне пазнаваць, але і жаданне старанна працаваць. Затое ўжо тыя, хто пройдзе агонь і ваду, змогуць беспамылкова адказаць на пытанне, ці патрэбна ім журналістыка ў жыцці.

— А як вы прыйшлі ў журналістыку, ці паўплывалі на ваш выбар бацькі?
— Бацькі ніколі не спрабавалі навязаць мне прафесію, нягледзячы на тое, што абое былі па вушы ў журналістыцы, тата — у газеце, мама — на радыё… Аднак з дзяцінства бываючы ў рэдакцыі то радыё, то газеты, міжволі назіраючы за іх работай, да выпускнога класа я ўжо дакладна ведаў, што хачу і буду рабіць… І можа, невыпадкова адразу ж пасля ўніверсітэта ўдалося арганізаваць уласнае тэлебачанне, і ўсё дзякуючы ранняму старту… Хаця, канечне, не ўсё так проста. Перафразоўваючы выказванне У.Чэрчыля “хто кіруе інфармацыяй, той кіруе светам”, магу з упэўненасцю ў адносінах да навучання журналістыцы сказаць: хто валодае інфармацыяй аб прафесіі, той кіруе сваім светам, а ўжо далей па жыцці — як атрымаецца.

Гутарыла Алена ГАНЧАРЫК,
загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Слонімскага
раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.