Жыць, каб памятаць!

- 9:20Адукацыйная прастора

22 чэрвеня — знакавая дата для брэстаўчан. Штогод у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і пачатку гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці ў горадзе над Бугам праходзяць розныя тэматычныя мерапрыемствы з удзелам шматлікіх гасцей.

21 чэрвеня актывісты БРСМ, студ­атрадаўцы і валанцёры руху “Добрае сэрца” разам з прадстаўнікамі ўсерасійскага грамадскага руху “Валанцёры Перамогі” і Расійскага саюза моладзі прынялі ўдзел у фінальных мерапрыемствах міжнароднай акцыі “Сад памяці”. Праект, які стартаваў летась, прадугледжвае высадку 27 млн дрэў у краінах СНД у па­мяць пра 27 млн загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне.

Моладзь Саюзнай дзяржавы высадзіла на тэрыторыі, прылеглай да мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”, хвойныя дрэвы ў памяць пра герояў Вялікай Перамогі. У закладцы алеі ўдзельнічалі госці з Расіі, у тым ліку праўнучка двойчы Героя Савецкага Саюза маршала СССР Канстанціна Ракасоўскага Арыядна Ракасоўская.

Пасля ўрачыстай цырымоніі прайшоў адкрыты дыялог “Мы памятаем, мы ганарымся”, у рамках якога было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж БРСМ і “Валанцёрамі Перамогі”. Акрамя гэтага, моладзь дзвюх краін стварыла ў Брэсце ўнікальную інсталяцыю “Холмскія вароты Брэсцкай крэпасці”. Легендарныя Холмскія вароты — галоўны сімвал цытадэлі над Бугам і яе гераічнай абароны савецкімі салдатамі ў чэрвені 1941 года. Арыгінальнае палатно памерам 10´12 м2 было “саткана” з больш як 20 тысяч запаленых свечак і лампад з надпісам “Брэст памятае” ў рамках міжнароднага патрыятычнага праекта “Вогненныя карціны вайны”. Незвычайную карціну можна было бачыць з вышыні птушынага палёту на працягу 4 гадзін.

Даволі цікавым атрымаўся інтэрнэт-праект, ініцыіраваны БелТА і Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. На працягу чэрвеня ў музейнай экспазіцыі Брэсцкай крэпасці “Абарона Усходняга форта” экспануецца фотавыстава “Лёсы, складзеныя ў трохвугольнік”, якая праз сапраўдныя асабістыя пісьмы ваеннага часу і паштоўкі, адпраўленыя з агнявых рубяжоў родным, архіўныя фотаздымкі расказвае пра лёсы загінуўшых і пра людзей, якія прайшлі ўсю вайну.

Прадстаўленыя дакументы — сведкі па­дзей, што закранулі лёс кожнай беларускай сям’і. Сабраныя матэрыялы дазваляюць адчуць трагізм ваеннага ліхалецця. У сваіх пісьмах салдаты апісвалі цяжкасці франтавога побыту, баявыя дзеянні і раненні, дзяліліся радасцю перамог і надзеямі на хуткую су­стрэчу. Праект раскрывае сілу духу савецкага народа, які мужна абараняў Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны разгарнуў на адной з цэнтральных вуліц горада перасовачную экспазіцыю ў рамках акцыі “Жыць, каб памятаць!”. Брэсцкі абласны краязнаўчы музей падрыхтаваў выязныя выставы са сваіх фондаў “Мы для Перамогі нічога не пашкадавалі” і “Вайна ў нашай памяці”. У Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры працуе міжнародная філатэлістычная выстава “Брэст-2021”, прымеркаваная да
80-годдзя пачатку гераічнай абароны Брэсц­кай крэпасці. На выставе прадстаўлены 90 калекцый з 11 краін.

Шмат гледачоў сабралі марш рэкан­структараў даваеннага часу, выстава старой ваеннай тэхнікі і сустрэча ўдзельнікаў аўта­прабегу Брэст — Іркуцк — Брэст “Садружнасць: ад Буга да Байкала”. Курсанты Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь правялі каля Цярэспальскіх варот акцыю памяці “Баявы разлік”.

Важнай падзеяй у жыцці горада стала адкрыццё абноўленай алеі “Іх імёнамі названы вуліцы Брэста”, якая вядзе да галоўнага ўваходу ў мемарыяльны комплекс. На ўчастку працягласцю 300 метраў усталяваны 13 новых гранітных стэл, якія падсвечваюцца ў цёмны час сутак. Да ранейшых 23 бю­стаў вядомых савецкіх герояў і военачальнікаў дабаўлены яшчэ адзін — першага Героя Беларусі Уладзіміра Карвата. У перспектыве магчыма ўстаноўка новых стэл з барэльефамі знакамітых суайчыннікаў для ўвекавечвання іх памяці і заслуг.

Напярэдадні 22 чэрвеня ў Брэсце зрабіў сімвалічны прыпынак унікальны перасовачны музей “Цягнік Перамогі”, які на працягу чэрвеня курсіруе па Беларусі. Ён пачаў сваё доўгае падарожжа па Расіі ў кастрычніку мінулага года з Беларускага вакзала Масквы. За час работы музея яго наведалі каля 93 тысяч чалавек з 38 гарадоў. Жадаючых трапіць у цягнік-музей вельмі шмат.

У нашай краіне маштабны гістарычна-асветніцкі праект рэалізуецца Беларускай і Расійскай чыгункай пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у рамках Года народнага адзінства і прымеркаваны да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Актыўную дапамогу ў ажыццяўленні праекта аказваюць органы мясцовай улады, міністэрствы і ведамствы, Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр.

Унікальнасць музея на колах у тым, што гэта першая ў свеце імерсійная інсталяцыя, размешчаная ў рухомым саставе дзеючага цягніка. У аснове экспазіцыі — гісторыя пра Вялікую Айчынную вайну, расказаная ад імя ветэрана-чыгуначніка. Прататып галоўнага героя — Алена Чухнюк — машыніст паравознай калоны, якая вазіла воінскія эшалоны са зброяй і боепрыпасамі да лініі фронту.

Кожны з 9 экспазіцыйных вагонаў мабільнага музея, адзін з якіх прысвечаны подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці, — унікальная старонка мінулага, дзе пераплецены падзеі ваенных гадоў, гістарычныя факты, лёсы і ўспа­міны людзей. У музеях свету няма такой колькасці шматфігурных кампазіцый у скульп­туры, як у “Цягніку Перамогі”.

Экспазіцыя ўражвае таксама мультымедыйным суправаджэннем (50 відэапраектараў, 18 відэасцен, 12 тач-сталоў), якое дазваляе адчуць маштаб трагічных падзей і ўявіць подзвіг савецкага народа. Пры стварэнні экспазіцыі была праведзена каласальная работа: у галоўных гістарычных музеях краіны па крупінках збіраліся і рэканструяваліся ўнікальныя фота- і відэаматэрыялы, вырабляліся складаныя скульптурныя групы па са­праўдных партрэтах савецкіх байцоў.

Трэба адзначыць, што скульптуры атрымаліся даволі рэалістычнымі, бо ствараліся па ўнікальнай тэхналогіі. Так, для ўніформы і грамадзянскага касцюма выкарыстоўваліся арыгінальныя прадметы адзення і амуніцыі 1930—1940-х гадоў, вырабляліся высакаякасныя музейныя копіі з аўтэнтычных матэрыялаў. Акрамя гэтага, была распрацавана спецыяльная ІТ-сістэма, якая дазволіла стварыць адзіную экспазіцыю і гарманічна злучыць у адзінае цэлае рэальныя музейныя экспанаты і мультымедыйныя эфекты. Для дэманстрацыі выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналагічныя сродкі: праектары, відэа­экраны, інтэрактыўныя панэлі, аб’ёмны гук, тэатральнае асвятленне, механічныя спецэфекты, датчыкі прысутнасці, галаграмы, панарамы баёў у віртуальнай рэальнасці і інш.

У другой палове года “Цягнік Перамогі” накіруецца ў бок Далёкага Усходу. Яго маршрут пройдзе па Транссібірскай і Байкала-Амурскай магістралях. Цягнік-музей прае­дзе праз буйныя прамысловыя і навуковыя цэнтры Расіі, зрабіўшы прыпынкі ў Екацярынбургу, Новасібірску, Цюмені, Омску, Краснаярску, Брацку, Камсамольску-на-Амуры, Хабараўску, Уладзівастоку, Благавешчанску, Чыце, Улан-Удэ, Іркуцку, Чэлябінску, Магнітагорску, Уфе…

Асноўныя мерапрыемствы ў Брэсцкай крэпасці адбыліся на досвітку 22 чэрвеня. На плошчы Цырыманіялаў прайшоў мітынг-рэквіем з удзелам ветэранаў і кіраўніцтва вобласці. Затым на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання была арганізавана ваенна-гістарычная рэканструкцыя абароны легендарнай цытадэлі. А завершацца мерапрыем­ствы вячэрнім канцэртам-рэквіемам.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота БелТА.