Жыць напоўніцу

У Лідзе адкрыта зала інклюзіўнага кросфіту

Зала інклюзіўнага кросфіту адкрыта на базе Лідскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 4. Тут могуць трэніравацца людзі ўсіх узростаў з рознымі фізічнымі магчымасцямі.

9-гадовая лунінчанка Насця Кульпекша прыехала ў Ліду на канікулы. Дзяўчынка з задавальненнем займаецца ў кросфіт-зале пад кіраўніцтвам трэнера Віктара Захар’ева.

Ініцыятыва “Інклюзіўны кросфіт” рэалізоўваецца Лідскай між­раённай арганізацыяй ГА “Рэспубліканская асацыяцыя інва­лідаў-калясачнікаў” у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “БЕЛМЕД”. І жыхары горада ўжо змаглі ацаніць магчымасці новай залы (да афіцыйнага адкрыцця яна некалькі месяцаў працавала ў тэставым рэжыме). На сённяшні момант у інклюзіўных групах праведзена каля сотні заняткаў па кросфіце.

Як паведаміў кіраўнік згаданай арганізацыі Аляксандр Аўдзевіч, зала абсталявана так, каб тут мог займацца любы чалавек, незалежна ад фізічных магчымасцей. Тут зручна і здаровым людзям, і лю­дзям з інваліднасцю. Надзвычай папулярны сёння кросфіт (методыка кругавых трэніровак) вельмі добра гарманіруе з самой ідэяй інклюзіі: паўтараючы практыкаванні і замыкаючы іх у ланцужок, лю­дзі ў зале пастаянна перасякаюцца. А гэта словы падтрымкі, усмешкі, узаемаадносіны. Такая адкрытасць дапамагае людзям пашыраць кантакты і сацыялізавацца.

“У звычайнай спартзале як бывае? Прыходзіць чалавек, робіць пару практыкаванняў, а потым 10 мінут здымае сэлфі, — гаворыць трэнер інклюзіўнага кросфіту Віктар Захар’еў. — У нас прапаноўваецца комплекс практыкаванняў на сілу, вынослівасць, кардыятрэніроўку — і гэта сапраўды эфектыўна. Вядома, у дачыненні да інвалідаў па­трэбен індывідуальны падыход, бо траўмы ва ўсіх розныя. Спорт павінен умацоўваць здароўе і ні ў якім разе не шкодзіць, таму падбіраем правільныя практыкаванні і адэкватную нагрузку для кожнага”.

У свеце выпускаюцца асобныя трэнажоры для інвалідаў, але, па словах Аляксандра Аўдзевіча, кожны з іх каштуе як цэлая спартзала. Таму выбар быў зроблены на карысць звычайных трэнажораў, якія дапоўнены спецыяльнымі прыстасаваннямі: ручкамі, гумкамі, канатамі, каб можна было дацягнуцца да турнікоў, упорамі для каляскі. Віктар і Аляксандр цесна кантактавалі з канструктарамі і разам прадумалі ўсе дробязі. У выніку зала інклюзіўнага кросфіту ў Лідзе стала месцам, дзе адсутнічаюць любыя перашкоды.

Ініцыятар адкрыцця залы інклюзіўнага кросфіту Аляксандр Аўдзевіч рады запрасіць гасцей на наваселле.

Праект “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”) ажыццяўляецца Праграмай развіцця ААН і фінансуецца Еўрапейскім саюзам. У рамках праекта пачынаючы з 2016 года ў розных рэгіёнах Беларусі рэалізавана 25 інавацыйных ідэй. Так, фельчары пераселі на электравеласіпеды, моладзь займаецца на варкаўт-комплексах з рэальнымі і віртуальнымі трэнерамі, дзеці вучацца бяспечным паводзінам на спецыяльна абсталяваных пляцоўках, іх бацькі асвойваюць маршруты для скандынаўскай хадзьбы і майстар-класы па здаровым харчаванні, развіваецца рух дваровых гульняў і параалімпійскія віды спорту і інш. “Інклюзіўны кросфіт” у Лідзе — гэта таксама адно з дасягненняў праекта “БЕЛМЕД”.

“Сумесны спорт сцірае ўсялякія межы і аб’ядноўвае людзей, — гаворыць Віктар Захар’еў. — У залу прыходзіць многа дзяцей, якія літаральна раствараюцца сярод лю­дзей з інваліднасцю. І ўжо нікога не здзіўляе, што ў кагосьці няма канечнасці ці чалавек перамяшчаецца ў інвалідным крэсле. Мы лічым, што гэта добры старт для сапраўднай інклюзіі”.

Віктар  правёў майстар-клас па інклюзіўным кросфіце, і мы таксама бачылі не інвалідаў, а прыгожых, дужых людзей. У кожнага з іх — свая жыццёвая драма, але яны справіліся. І яны намнога здаравейшыя, чым тыя здаровыя, якім ніхто і нічога не трэба.

Дарэчы, у зале інклюзіўнага кросфіту некаторыя маладыя лю­дзі ўжо знайшлі свае другія палавінкі. “Гэта нават больш, чым задумвалася. Я вельмі рады за сваіх сяброў”, — гаворыць Аляксандр Аўдзевіч.

“У Беларусі жыве каля 570 тысяч людзей з інваліднасцю, толькі ў Лідзе каля 200 чалавек з’яўляюцца інвалідамі-калясачнікамі, — сказаў на цырымоніі адкрыцця залы інклюзіўнага кросфіту каардынатар праектаў ПРААН Кірыл Сцежкін. — І такія цэнтры, дзе людзі могуць сустракацца, узаемадзейнічаць, разам займацца спортам, дазваляюць уцягваць усіх у агульны працэс гарадскога жыцця. Ліда сёння адзін з самых інклюзіўных гарадоў Беларусі, і гэтая ініцыятыва — чарговы крок у бок інклюзіі. Я бачу новую спартзалу як кропку росту. Спадзяюся, яна стане добрым прыкладам для іншых рэгіёнаў краіны”.

Пра тое, што заняткі кросфітам могуць стаць прыступкай да большай незалежнасці і мабільнасці інвалідаў, гаварыў і Берэнд дэ Гроат, кіраўнік аддзела праграм супрацоўніцтва прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі.

“Хачу павіншаваць мясцовыя ўлады з тым, што наладзілася такое ўдалае супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю, і разам яны змаглі рэалізаваць гэты праект, — сказаў дыпламат. — Цяпер важна, каб гараджане актыўна і з задавальненнем карысталіся да­дзенай ім магчымацю. Кросфіт-зала адкрыта для шырокага кола наведвальнікаў, што дапамагае людзям з інваліднасцю пашы­раць кантакты і сацыялізавацца. Паляпшаючы свой фізічны стан, устанаўліваючы асабістыя рэкорды ў зале, людзі з інваліднасцю рашаюцца змяніць сваё жыццё ў цэлым — шукаць новую працу, станавіцца эканамічна актыўнымі”.

Дарэчы, інклюзіўная прастора Лідскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 4 не абмяжоўваецца толькі новай кросфіт-залай. Тут абсталявана саўна, куды бесперашкодна могуць трапіць людзі з інваліднасцю. Таксама ёсць зручны выхад у басейн.

Зараз, па ўмовах праекта, зала па кросфіце бясплатная для ўсіх, але ў хуткім часе яна трапіць пад юрысдыкцыю ДЮСШ № 4 і павінна будзе перайсці на самаакупнасць. Аднак дырэктар спартыўнай школы Ала Лунёва запэўніла, што для інвалідаў заняткі ў спартзале і басейне застануцца бясплатнымі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прадстаўніцтвам ЕС у Беларусі.