Жыць навукай, ці Перамагчы містара Фікса

- 9:40Вышэйшая школа

Чаму абарона дысертацыі — толькі ўзлётная паласа для маладога вучонага? Якое дачыненне містар Фікс мае да навуковых планаў? Чаму складанне бібліяграфічных спісаў — сапраўднае майстэрства? На гэтыя пытанні знайшлі адказ прамоўцы “Тыдня аспіранта”, які нядаўна завяршыўся на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Арганізатарам навуковых сустрэч выступіў Савет маладых вучоных факультэта. “Тыдзень аспіранта” закрануў такія аспекты, як метадалогія, праблематыка і структура дысертацыйнага даследавання, публікацыі ў навуковых часопісах, складанне бібліяграфічнага спіса, пытанні карэктнага цытавання і інш. У дадатак маладыя вучоныя змаглі атрымаць асабістыя кансультацыі ў прадстаўнікоў Савета па абароне дысертацый. Сёлета мерапрыемства, куды можна было завітаць як вочна, так і дыстанцыйна, наведала каля 80 чалавек.

Пайсці ў навуку — узяць адказнасць

А. Г. Слука.

Галоўныя акцэнты ў пабудове работы над дысертацыяй “калегам па анлайне” дапамог расставіць доктар філалагічных навук прафесар кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі Алег Слука.

— Вашаму лёсу маладых вучоных можна пазай­здросціць, паколькі менавіта вам давядзецца адра­джаць інтарэс да навукі. У новым часе і на іншым якасным узроўні, — адзначыў Алег Георгіевіч. — Перад вамі стаяць важныя задачы: рабіць навуку XXI стагоддзя і выхоўваць пакаленне навуковых кадраў інавацыйнай эпохі.

Прафесар адзначыў, што дысертацыя не схематычная і сумная работа. Гэта творчая праца, ад якой чалавек павінен атрымліваць задавальненне і ў межах якой вырашаць пастаўленыя задачы.

Алег Слука вылучыў некалькі прынцыпова важных для навуковай дзейнасці аспектаў. Першы — выбар тэмы даследавання. Па словах прафесара, тэма павінна цікавіць аспіранта, тады малады чалавек зможа зразумець, што карыснага ён здолее зрабіць у сваёй галіне.

— Лепш за ўсё, калі дысертацыя вырастае са студэнцкіх курсавых і дыпломных работ, магістарскага даследавання. Тады аспірант мае шырокае даследаванае поле па праблеме, валодае вялікім аб’ёмам інфармацыі, — падкрэсліў Алег Георгіевіч.

Другі аспект — шчыльнае супрацоўніцтва з навуковым кіраўніком. Добра, калі аспіранту шанцуе са старэйшым калегам, які валодае тэмай і мае рознабаковыя веды. Навуковы кіраўнік, па словах А.Слукі, — гэта вопытны чалавек, які разумее патрэбы аспіранта, можа яго накіраваць і хоча мець зваротную сувязь ад яго. Прафесар перакананы: чым шчыльнейшым бу­дзе ўзаемадзеянне двух бакоў, тым больш эфектыўнай будзе работа над дысертацыяй. 

Трэці — не менш важны складнік — глыбокая пра­працоўка плана дысертацыйнага даследавання. Вельмі часта навуковыя публікацыі, якія неабходны маладому вучонаму, вынікаюць з гэтай структуры.

І апошняе — сістэма пабудовы работы.

— Часта, калі ў аспіранта пытаешся, як ідзе работа над дысертацыяй, можна пачуць: “Збіраю матэрыял”. Але гэта не адказ, паколькі атрыманую інфармацыю неабходна апрацоўваць сістэмна, — звярнуўся да аўдыторыі Алег Георгіевіч. — Вашы артыкулы часта будуць адлюстроўваць пункты з плана. Але паралельна з іх напісаннем трэба працаваць над зместам дысертацыі. Паверце, першы год у аспірантуры праходзіць хутка (неабходна разабрацца з тэмай, колькасцю публікацый і інш.). Каб паспець абараніцца ў час, трэба да канца другога года навучання мець як мінімум тры публікацыі і рукапіс дысертацыі. Калі вашу работу разгледзяць у першым варыянце, дапаўненні, карэкціроўкі і заўвагі вы ўнесяце хутка. Галоўнае, каб на гэтым этапе было тое, што можна дапрацоўваць.

Алег Слука адзначыў, што з першага дня работы над дысертацыяй маладому вучонаму трэба вучыцца засваенню матэрыялаў сумежных даследаванняў, логіцы выказвання ўласных думак, тэарэтычнаму асэнсаванню і выкладанню матэрыялу.

— Добра чытаецца работа, падпарадкаваная логіцы, з дакладнай структурай і вывадамі. Яна выклікае

добрыя водгукі і паспяхова праходзіць усе этапы. Але пасля абароны ваша даследаванне не заканчваецца, а, можна сказаць, толькі пачынаецца. Гэта — пачатак будучых манаграфій і, магчыма, новых навуковых напрамкаў, — рэзюмаваў прафесар. — Памятайце, што з таго часу, як пайшлі ў навуку, вы ўзялі на сябе сур’ёзную адказнасць перад будучыняй.

Загадчык аддзела абслугоўвання Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Настасся Кандратовіч нагадала слухачам правілы ўкладання бібліяграфічнага спіса. Важна ведаць, што патрабаванні да афармлення можна знайсці на сайтах Нацыянальнай бібліятэкі і Вышэйшай атэстацыйнай камісіі. Галоўная парада Настассі Генадзьеўны, якая дапаможа пазбегнуць памылак, — зварот да апісання цытуемай крыніцы ў каталогу (так можна праверыць сябе ці прасачыць правільны запіс).

Адказны сакратар часопіса “Журнал БГУ. Журналистика. Педагогика”, загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі, дацэнт Людміла Саянкова-Мяльніцкая расказала пра спецыфіку адбору навуковых публікацый. Таксама выступоўца акрэсліла змены, якія плануюцца ў выданні. Так, у хуткім часе назва зменіцца на “Журнал БГУ. Журналистика”, а педагагічны напрамак увойдзе ў асобны часопіс. Плануецца, што адзін і той жа аўтар не зможа публікаваць некалькі артыкулаў у адным нумары. Магчыма, рэгламентам будзе рэкамендавана змяшчаць публікацыі праз выпуск. Акрамя таго, плануецца павелічэнне аб’ёму артыкула (з 20 да 40 тысяч знакаў). 

А. А. Градзюшка.

Выбрыкі містара Фікса

Дацэнт кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі Аляксандр Градзюшка сустрэў малодшых калег стосам часопісаў, якія ў хуткім часе могуць стаць пляцоўкай для апублікавання навуковых высноў пачынаючых вучоных. Аляксандр Аляксандравіч падзяліўся пяццю спосабамі хутка і якасна апублікаваць вынікі даследаванняў.

— Памятаеце аўстралійскі мультфільм “80 дзён вакол свету” па матывах рамана Жуль Верна “Вакол свету за 80 дзён”? Для таго каб выйграць заклад і атрымаць згоду Лорда Мэйза на вяселле з яго пляменніцай Бяліндай, знаходлівы Філеас Фог і яго слуга Жан Паспарту адпраўляюцца ў доўгае падарожжа, завяршэнню якога ў тэрмін перашкаджае містар Фікс, — звярнуўся да аўдыторыі лектар. — Запомніце гэты персанаж, бо з ім і з яго выбрыкамі вы будзеце сутыкацца неаднойчы. 

На “п’едэстал” парад прамоўца вынес спосаб “Збярыся і працуй”. Даследчык перакананы, што калі падчас напісання артыкула з’яўляецца шматзадачнасць, да добрых вынікаў і своечасовага заканчэння работы гэта не прывядзе.

— Уявіце сітуацыю: вы сядаеце за артыкул, а на пошту прыходзіць сем паведамленняў ад калег, і чатыры з іх з пазнакай “Тэрмінова”. Калі хутка трэба вырашыць шэраг пытанняў — часу на артыкул не застаецца. Гэта ўсё выбрыкі містара Фікса! — усміхаецца Аляксандр Аляксандравіч.

Другі спосаб — “Быць у трэн­дзе”. Яго даследчык расшыфраваў як неабходнасць наладжваць сувязі з замежнымі калегамі.

— Знаходка для вучонага — электронная бібліятэка elibrary.ru. Я з жахам успамінаю, як шмат часу ішло на тое, каб прагартаць бібліятэчныя каталогі ў пошуках публікацый па тэме. Тут жа гэта робіцца за секунды. Акрамя таго, можна дабавіць у сябры на “Фэйсбуку” любога даследчыка ці звязацца з ім па электроннай пошце. Навуковыя сувязі — гэта аснова асноў, — падзяліўся Аляксандр Градзюшка.

Трэці вузлавы пункт — парада “Публікуйся ў добрых часопісах”. Выступоўца прапанаваў уласны “Топ-10” беларускіх часопісаў для публікацыі. Сюды ўвайшлі “Вестник БГУ. Журналистика. Педагогика”, “Труды БГТУ”, “Беларуская думка”, “Вестник ГрГУ им. Янки Купалы”, “Ученые записки ВГУ им. П.М.Машерова”, “Вестник МГУ им. А.Кулешова”, “Вестник Мозырского государственного университета И.П.Шамякина”, “Вестник ГГУ Ф.Скорины”, “Вести БГПУ” і “Вестник Полоцкого государственного университета”. Разам з гэтым дацэнт звярнуў увагу малодшых калег на расійскі часопіс “Знак”. Аляксандр Градзюшка заўважыў, што публікацыя ў гэтым часопісе мае больш магчымасцей быць заўважанай у асяроддзі прызнаных навукоўцаў, зарэкамендаваць сябе.

Чацвёрты спосаб пакарэння навуковага алімпу — удзел у міжнародных канферэнцыях. Аляксандр Аляксандравіч агучыў найбліжэйшыя канферэнцыі, куды могуць падаць свае артыкулы аспіранты, параіў шу­каць інфармацыю пра навуковыя мерапрыемствы ў інтэрнэце.

І ў заключэнне выступоўца падкрэсліў, што ў падрыхтоўцы публікацый важна працаваць аператыўна, планаваць выхад артыкулаў і памятаць пра тое, што тры гады хутка заканчваюцца:

— Адмерце ад сённяшняй даты 80 дзён, і за гэты час дайдзіце да пастаўленай мэты. Толькі не забывайце пра містара Фікса!

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена арганізатарамі мерапрыемства.