Жыць поўным жыццём, не згараючы на рабоце

- 12:17Портфолио

Практыкум

Мэта: фарміраванне навыкаў супраціўляльнасці арганізма стрэсагенным сітуацыям і навучанне педагогаў розным тэхнікам, скіраваным на зніжэнне прафесійнага выгарання.

Абсталяванне: ліст А3 зялёнага колеру, стыкеры ў форме кветкі, 2 маркеры, 2 лісты чыстай паперы А3, 2 лісты для складання кластара, загатоўкі для практыкавання “Жыў-быў педагог”.

Ход практыкуму

Ці знаёма вам фраза “Чалавек прыгожы душой!”? Гэтая фраза ўвабрала ў сябе некалькі паняццяў. Ці можаце вы мне дапамагчы раскрыць гэтыя паняцці? (Выказванні педагогаў.) Я цалкам згодна з вамі. Гэтае паняцце ўкючае ў сябе адносіны да людзей, адносіны да свету, зносіны з людзьмі і са светам. І хочацца падкрэсліць, што ўсё гэта робіцца з дабрынёй, з любоўю і цярплівасцю. Вечнае супрацьстаянне дабра і зла дапамагае нам зрабіць выбар на карысць аднаго ці другога. Акалічнасці прымушаюць нам рабіць учынкі, якія вызначаюць нашы якасці.

Пачаць нашу размову прапаную з практыкавання “Асацыяцыі”. Падумайце, з якім прадметам, жывой істотай ці з’явай прыроды вы можаце сябе асацыіраваць. Доўга не разважаем, спыняемся на першым варыянце, які прыйшоў вам у галаву. Кожны педагог па чарзе павінен назваць галоўныя рысы свайго прадмета, расказаць, чаму менавіта з гэтай жывёлай ці з’явай сябе асацыіруе.

Як бачым, усе мы розныя па характары, у нас ва ўсіх не хапае на сябе часу, у нас заўсёды поўна турбот і клопатаў. Але мы ўсё вытрымліваем і з усім спраўляемся.

З дапамогай практыкаванняў “Лужок пазітыўных якасцей” пастараемся вызначыць моцныя бакі сваёй асобы. На дош­цы вы бачыце ліст паперы зялёнага колеру, які нагадвае нам лужок. У кожнага з вас ёсць рознакаляровыя стыкеры, якія будуць выступаць у ролі кветак. На іх вы павінны напісаць свае самыя галоўныя пазітыўныя якасці. Іх павінна быць не менш за тры. Гэта якасці як прафесіянала педагога, так і проста чалавека. Пасля гэтага кожны зачытвае свае якасці і чапляе кветку на дошку. Усе астатнія могуць дапоўніць ад сябе пазітыўныя якасці педагога, якія заўважылі, працуючы з ім у адным калектыве. Гэтае практыкаванне пацвярджае, што ў нашым калектыве працуюць мэтанакіраваныя, працавітыя, творчыя, добразычлівыя педагогі.

Навакольны свет — гэта прастора, у якой мы існуем. Часам яна пашыраецца да памераў дзяржавы, а часам сціскаецца да меж нашага пакоя. Мы залежым ад чужых ацэнак, эмоцыі паглынаюць нас. Унутры наспявае канфлікт, і мы часта выліваем яго на іншых. Задаём сабе пытанне: “Як жыць спакойна?” І часам нам цяжка знайсці на яго адказ.

Прафесія педагога — адна з тых, дзе сіндром эмацыянальнага выгарання — даволі распаўсюджаная з’ява. Ствараючы для дзяцей умовы эмацыянальнага камфорту, клапоцячыся пра іх здароўе, развіццё і бяспеку, мы літаральна згараем на рабоце, часцей за ўсё забываючы пра свае эмоцыі, якія тлеюць і з часам паступова ператвараюцца ў полымя.

Эмацыянальнае знясіленне выяўляецца ў адчуваннях эмацыянальнага перанапружання і ў адчуванні спусташэння, вычарпанасці сваіх эмацыянальных рэсурсаў; чалавек адчувае, што не можа аддавацца рабоце, як раней.

Прапаную ўсім устаць і свабодна пагутарыць у групах.

Першая група падрыхтуе адказ на наступныя пытанні: “Якія прычыны эмацыянальнага выгарання?”, “Якія стрэс-фактары могуць справакаваць узнікненне і развіццё прафесійнага выгарання педагогаў?”.

Другая група падумае над пытаннямі: “Якія сімптомы прафесійнага выгарання існуюць?”, “Якія з іх, на вашу думку, выяўляюцца найбольш яўна ў рабоце педагога?”.

(Пытанні напісаны на загадзя падрыхтаваным ватмане з чалавечкам. Групы пішуць адказы, выступаюць.)

Усе гэтыя прыметы або іх частку людзі часта спісваюць на авітаміноз, сезонную дэпрэсію, недасыпанне, загружанасц­ь рабочымі і дамашнімі справамі, а некаторыя стараюцца не надавац­ь стомленасці асаблівага значэння. Але ў выпадку эмацыянальнага выгарання гаворка ідзе пра інтэнсіўныя, частыя, працяглыя праяўленні, якія прыносяць чалавеку дыскамфорт і як вынік — прыводзяць да празмернага напружання, псіхалагічнага і фізічнага знясілення. Памятайце: эмацыянальнае выгаранне не надыходзіць раптам, гэта з’ява накапляльнага характару!

Наяўнасць асобных сімптомаў можа адзначыць у сябе кожны з нас. Але каб яны не развіваліся і ў выніку не прывялі да эмацыянальнага знясілення, неабходна прытрымлівацца ўмоў захавання свайго эмацыянальнага здароўя.

Першай групе прапануецца стварыць кластар на тэму “Умовы эмацыянальнага камфорту педагога на рабоце”, другой — “Умовы эмацыянальнага камфорту педагога дома пасля работы”. Агульны калаж мы назавём “Умовы захавання псіхалагічнага здароўя”.

Для таго каб вы маглі змагацца з жыццёвымі праблемамі і няўдачамі, каб у вас не з’яўляліся сімптомы эмацыянальнага выгарання, вы павінны навучыцца валодаць спосабамі самарэгуляцыі.

Псіхамышачнае практыкаванне “Гара з плячэй”

Выконваецца стоячы, можна — на хаду. Максімальна рэзка падняць плечы, шырока развесці іх назад і апусціць. Такой павінна быць пастаянна ваша пастава.

Дыхальнае практыкаванне для хуткага зняцця стрэсу

Зрабіць удых на 4 лікі, затрымаць на 4 лікі дыханне, потым зрабіць выдых на 4 лікі, зноў затрымаць дыханне на 4 лікі. Проста паспрабуйце падыхаць такім чынам хаця б 3—4 цыклы. Цела само па сабе выпростваецца, і павышаецца настрой.

Практыкаванне “Владей собой среди толпы смятенной…”

  1. Складзіце рукі ў замок за спінай. Напружце рукі і спіну, пацягніцеся, расслабце плечы і рукі. Скіньце напружанне з кісцей.
  2. Складзіце рукі ў замок перад сабой. Пацягніцеся, напружваючы плечы і рукі, расслабцеся, страсяніце кісці. У час пацягвання ў арганізм паступае гармон шчасця — эндарфін.
  3. Усміхніцеся.
  4. Зафіксуйце ўсмешку на твары на 10—15 секунд. Адчуйце, як расслабляецца ваша цела ад усмешкі.

Прапаную выканаць яшчэ адно практыкаванне пад назвай “Жыў-быў педагог”. Ваша задача — не задумваючыся, закончыць сказы. Час на выкананне — 2—3 мінуты.

  1. Раніцай ён прачынаўся і думаў__________________________
  2. Збіраючыся на работу, ён _______________________________
  3. Увесь рабочы дзень ён марыў ___________________________
  4. Прыйшоўшы дадому, ён ________________________________
  5. Засынаючы, ён думаў __________________________________

Інтэрпрэтацыя: калі адказы вам не падабаюцца, то перапішыце сказы, якія не спадабаліся, так, як бы вам хацелася. Перавядзіце ўсё на пазітыў. Вось такімі нескладанымі практыкаваннямі можна прапрацаваць любую праблему.

Самым магутным сродкам пазбаўлення ад эмацыянальнага напружання, які пры гэтым часта ігнаруецца, з’яўляецца свядомасць чалавека. Галоўнае — гэта ўстаноўка чалавека на тое, што жыццё — цудоўнае і дзівоснае, што мы валодаем мозгам, каб думаць, марыць, самаўдасканальвацца. Мы можам ствараць, рухацца, любіць, атрымліваць мноства задавальнення ад таго, што на кожным кроку дорыць нам жыццё. Пытанне толькі ў тым, ці ўмеем мы ўсё гэта заўважаць, адчуваць, ці ўмеем радавацца. Галоўнае — гэта ўстаноўка на радасць і пазітыў.

Магчыма, у вашым жыцці было шмат непрыемнасцей і ў будучыні жыццё будзе пасылаць вам усё новыя і новыя. І кожны раз, калі на вас упадзе чарговы камяк, памятайце, што вы можаце скінуць яго і менавіта дзякуючы гэтаму падняцца крыху вышэй.

Святлана КАЧКАРЫК,
педагог-псіхолаг Цырынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці.