Жыць у сэрцах землякоў

- 10:55Год гістарычнай памяці

У сярэдняй школе № 1 Клецка Мінскай вобласці дзейнічае рэсурсны цэнтр па вучэбным прадмеце “Дапрызыўная падрыхтоўка”. Шмат увагі ўдзяляецца ва ўстанове адукацыі патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў. А ў пачатку бягучага года ў школе была адкрыта стэндавая экспазіцыя “Памяці ахвяр генацыду”.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце клецкай школы № 1 Святлана Пятроўна Палівода расказвае, што стэндавая экспазіцыя, прысвечаная тэме генацыду нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, з’явілася ва ўстанове не выпадкова і не на пустым месцы.

— Зараз гэта кабінет гісторыі, а раней тут быў пакой воінскай доблесці і славы, — гаворыць Святлана Пятроўна, праводзячы нам экскурсію. — Пакой пачаў дзейнічаць у 2015 годзе, калі настаўніца гісторыі школы Марыя Канстанцінаўна Калейнік разам з выхаванцамі — удзельнікамі гуртка “Памяць” пачалі збіраць інфармацыю пра нашых землякоў воінаў-інтэрнацыяналістаў. На жаль, сем ураджэнцаў Клецкага раёна не вярнуліся з афганскай вайны. Збор матэрыялаў па гэтых юнаках стаў зыходным пунктам работы.

Далей вучні з настаўніцай сталі збіраць інфармацыю пра настаўнікаў — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія раней працавалі ў школе. Што да стэндавай экспазіцыі “Памяці ахвяр генацыду”, то яе ўрачыстае адкрыццё адбылося 21 студзеня 2022 года. Экспазіцыя ўтрымлівае архіўныя матэрыялы, сабраныя сумеснымі намаганнямі пракуратуры Клецкага раёна, супрацоўнікаў “Музея гісторыі Клеччыны” і, зразумела, навучэнцамі і настаўнікамі гісторыі ўстановы адукацыі.

— На экспазіцыі ёсць карта Клецкага раёна, дзе паказаны месцы пахаванняў і масавага знішчэння жыхароў раёна, — працягвае Святлана Пятроўна. — На пачатак Другой сусветнай вайны толькі ў самім Клецку пражывала 6 тысяч яўрэяў, што складала большую частку ўсіх жыхароў горада. У нашым горадзе ўсталяваны 2 помнікі на месцы масавых пахаванняў знішчаных мясцовых жыхароў-яўрэяў. У Клецкім раёне (вёсках Сіняўка і Заастравечча) — таксама. У нашай экспазіцыі ёсць інфармацыя пра мінскае гета і пра гісторыю Хатыні. На жаль, і ў нашым раёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны вёскі Колкі, Морач і Узнога разам з жыхарамі былі спалены фашыстамі. На шчасце, гэтыя вёскі змаглі аднавіцца. 

На момант адкрыцця ў нас былі толькі 4 стэнды, якія мы дапоўнілі яшчэ двума — картай Рэспублікі Беларусь, на якой пазначаны найбольш буйныя канцэнтрацыйныя лагеры і месцы масавага пахавання людзей, і стэнд, прысвечаны гісторыі вёскі Хатынь. У перспектыве плануем гэты кабінет зрабіць музеем. 

Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Клецкага райвыканкама Анатоль Мікалаевіч Клімовіч (дарэчы, выпускнік сярэдняй школы № 1 Клецка) упэўнены, што дзеці, жыхары раёна і горада абавязкова павінны ведаць гісторыю свайго краю. І тыя падзеі, што адбываліся ў гады вайны, людзі павінны суадносіць з падзеямі, якія адбываліся на тэрыторыі Клеччыны.

Клецкі раён быў захоплены нямецка-фашысцкімі акупантамі 26 чэрвеня 1941 года. Ахвярамі вайны сталі 8505 жыхароў раёна. У лагерах для ваеннапалонных у Клецку і Сіняўцы замучаны 1273 чалавекі. 903 чалавекі былі вывезены ў Германію.

Праз сваю ўласную гісторыю дзеці павінны разумець гісторыю цэлай краіны.

Думаю, гэтай школе вельмі пашанцавала з кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні. Мікалай Ігаравіч Невяровіч — чалавек на сваім месцы. Мікалай Ігаравіч раней працаваў на пасадзе следчага ўпраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці. Педагог прадэманстраваў, як можна арганізаваць заняткі па сваім напрамку на трох вучэбных месцах амаль на 30 дзяцей. 

Так, у адным з кабінетаў навучэнцы пад кіраўніцтвам М.І.Невяровіча вывучалі гісторыю Вялікай Айчыннай і іншых войнаў, знаёміліся з інфармацыяй пра айчынных Герояў Савецкага Саюза, а таксама пра 11 грамадзян Беларусі, якія былі ўдастоены звання Героя Беларусі. “Я дзецям тлумачу, што высокага звання “Герой Беларусі” можа ўдастоіцца кожны, незалежна ад узросту, полу і прафесіі — за выключныя дасягненні. Магчыма, у гэтым класе знаходзіцца будучы герой нашай краіны”, — адзначае Мікалай Ігаравіч.

Праз сваю ўласную гісторыю дзеці павінны разумець гісторыю цэлай краіны.

На другім вучэбным месцы ў гэты час ішла дапрызыўная падрыхтоўка. Працэсам там кіраваў вучань 10 класа Міхаіл Федасееў, які паказваў дзецям, як разбіраць і збіраць аўтамат Калашнікава, надзяваць і знімаць процівагаз. На трэцім вучэбным месцы на занятках былі адказнымі двое навучэнцаў 8 “А” класа — Уладзіслаў Праймовіч і Лізавета Ігнатчык. Ліза праводзіла заняткі па медыцынскай падрыхтоўцы: вучыла накладваць розныя віды павязак. Улад жа кантраляваў працэс вывучэння тэмы па пажарнай бяспецы — на муляжы вучыў збіраць і ўтылізаваць ртуць. 


У сярэдняй школе № 1 Клецка ўмеюць шанаваць памяць. На фасадзе школы — мемарыяльныя дошкі з імёнамі выпускнікоў, якія ўдзельнічалі ў афганскай і чачэнскай войнах і не вярнуліся дамоў. Побач — невялікі помнік у памяць аб выпускніку, які загінуў разам з падводнай лодкай “Камсамолец”. Гэтых юнакоў даўно няма, але яны жывуць у сэрцах землякоў…

Вучань школы Уладзімір Шымко загінуў у 1983 годзе ў Афганістане. За мужнасць і гераізм ён пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”.

Іван Галаган нёс ваенную службу, загінуў у 1996 годзе ў Грозным. Узнагароджаны ордэнам “Мужнасць Расіі”.

Ігар Апанасевіч служыў на падводнай лодцы “Камсамолец”. Загінуў 7 красавіка 1989 года разам з падводнай лодкай у Нарвежскім моры. За мужнасць і гераізм старшы матрос Ігар Апанасевіч пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. 

Беларусь памятае ўсіх.

Наталля КАСТЭНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.