Жыццё без рызыкі

- 10:21Аўтарскія калонкі, Меркаванне

Святлана НІКІФАРАВА

 

 

 

 

 

Мудры настаўнік добра ведае, чым жыве кожны з яго навучэнцаў, чым захапляецца, куды спяшаецца пасля ўрокаў. Асабліва важна яму быць у курсе экстрэмальных захапленняў сваіх вучняў­падлеткаў. Гэта дасведчанасць некалі можа вырата­ваць ім жыццё.

Менавіта падлеткі імкнуцца быць у цэнтры ўвагі равеснікаў, здзіўляць іх і захапляць, быць для іх прыкладам для пераймання — карацей, быць “крутымі”. І гэта ўсё — наўрад ці за кошт стараннасці і выхаванасці. Менавіта іх рызыковыя хобі і эксклюзіўныя здольнасці часта дапамагаюць вырасці ў вачах сяброў.

“А ты можаш, як я, прайсці па парапеце?”, “Не баішся спусціцца ў катакомбы?”, “Адчуваў адрэналін, звесіўшыся з вышыннага будынка?” Той, хто разумее каштоўнасць жыцця і цвяроза ацэньвае рызыкі, не пабаіцца выглядаць “слабым” і знойдзе дастойны адказ, але дастаткова такому экстрэмалу знайсці ў суразмоўніку зацікаўленасць і падтрымку — да бяды недалёка. Так было некалі з маім знаёмым, які пабаяўся выглядаць сярод равеснікаў-падлеткаў баязліўцам і ўсё ж такі падняўся да высакавольтнай лініі па слупе… Калі становішся сведкам такой трагедыі, гэта крыху стрымлівае бяздумную смеласць, а калі не — падлеткі могуць і далей выпрабоўваць лёс. Яны знаходзяць сабе групу падтрымкі ў рэальным жыцці ці, часцей, у сацсетках і “падаграюць” адно аднаго, правакуючы на ўсё больш і больш адчайныя ўчынкі. 

Важна не дапускаць, каб цікаўнасць станавілася ўстойлівым захапленнем, і своечасова паказаць дзецям альтэрнатыву, навучыць атрымліваць яркія эмоцыі без рызыкі для жыцця. Напрыклад, калі ваш навучэнец часта заводзіць гутарку пра дахі, калі ў яго сторыз — фота з краявідамі з вышыні, начны горад, магчыма, ён руфер — аматар тусовак на даху. Узброіўшыся фотаапаратамі і тэлефонамі, руферы імкнуцца зрабіць прыгожыя фота горада зверху і паставіць сабе птушачку пра заваяванне чарговага даху. Да вострага адчування вышыні дадаецца і начная рамантыка (ноччу менш рызыкі быць злоўленым). Некаторыя ў пошуках адрэналінавай зарадкі балансуюць на парапетах і нават пераскокваюць з даху на дах. Аматары руфінгу, у адрозненне ад іх мультыплікацыйнага прататыпа, не маюць прапелера на спіне, таму іх прагу да вышыні можа спыніць зямное прыцяжэнне. 

Лепшай альтэрнатывай такому небяспечнаму захапленню можа стаць секцыя па скалалажанні, заняткі парашутным спортам ці разавыя скачкі з верталёта. Зразумела, з вопытным прафесійным інструктарам. Так, гэта нятанна, але жыццё дзіцяці па-за гэтай катэгорыяй.

Не менш небяспечная і дзіцячая цікавасць да даследавання падземных аб’ектаў — дыгерства. Дыгеры спускаюцца ў закінутыя падземныя камунікацыі, падвальныя памяшканні. Хоць тут няма небяспекі ўпасці, усё ж яны знаходзяць магчымасць паказытаць сабе нервы і рызыкуюць нарвацца на бяду. Па-першае, многія катакомбы вельмі заблытаныя і там лёгка заблукаць. Па-другое, у старых тунэлях у любы момант можа здарыцца абвал, які ў лепшым выпадку заваліць частку праходу, а ў горшым — зацісне аматараў прыгод. Па-трэцяе, не ўсе падземныя хады бязлюдныя — і тыя, хто аблюбаваў гэтыя сутарэнні, наўрад ці будуць рады візіцёрам. 

Такому аматару разгадвання падземных таямніц парайце заняцца археалогіяй ці пашукайце разам прафесійнага спелеолага — чалавека, які вывучае пячоры. Так, там таксама ёсць рызыкі, але спецыялісты дапамогуць падлетку даведацца асновы і правілы паводзін пад зямлёй.

Маладыя людзі могуць шукаць прыгоды і ў закінутых і недабудаваных будынках, на закрытых складах, у нежылых вёсках. Не буду нагадваць пра рызыку, якую нясуць старыя канструкцыі: яны ў любы момант могуць абваліцца. Наша справа — тым дзецям, якія нават у тэорыі захапляюцца гэтым, прапанаваць бяспечную альтэрнатыву. Любіш загадкі былога? Любіш вандра­ваць? Чаму б не пачаць хадзіць у турыстычныя паходы ці далучыцца да аматараў гісторыі? Вопытныя педагогі змогуць паказаць цікавыя месцы горада і ваколіц, расказаць іх таямніцы.

Зачэпінг, паркур, скай­уокінг — небяспечных захапленняў можа быць шмат, і кожнаму з іх абавязкова знойдзецца годная замена. Тут галоўнае — наладжваць даверлівыя адносіны. Толькі так вы будзеце ў курсе дзіцячых спраў. Спакойна рэагуйце на любую, нават жудасную, на ваш погляд, тэму і вучыце юных экстрэмалаў ацэньваць рызыкі. Падлеткі вераць, што з імі нічога дрэннага ніколі не здарыцца. Яны не хочуць задумвацца пра небяспеку — ім хочацца жыць ярка і насычана. Але наша задача як дарослых — даць ім магчы­масць пражыць гэты ўзрост бяспечна і лёгка, захаваўшы ім жыццё і здароўе, навучыць іх пазнаваць небяспеку і прымаць правільныя рашэнні.

Тэму альтэрнатыў экстрэмальным дзіцячым захапленням мы працягваем у нашым сённяшнім дадатку “Шосты дзень”.