Жыццё — каштоўны дар

“Маленькім грамадзянам — вялікія правы”. Пад такой назвай пачаўся цыкл заняткаў па прававой тэматыцы ў Гезгалаўскім яслях-садзе Дзятлаўскага раёна. Што ж гэта за слова такое — “права” — і навошта яно патрэбна чалавеку? Атрымаць адказы на гэтыя пытанні выхаванцам дапамагае сацыяльны педагог Галіна Вікенцьеўна Гаўрош. У ходзе цікавых, пазнавальных гутарак дзеці даведаліся, што права — гэта тое, што чалавек хоча і можа рабіць без шкоды для іншых людзей.

Першае права, з якім спецыяліст пазнаёміла дзяцей 5—6 гадоў, — права на жыццё. Мэтай правядзення заняткаў было патлумачыць дзецям, што кожны чалавек мае права на жыццё і здаровае развіццё, што дзяржава клапоціцца пра сваіх маленькіх грамадзян. Дзеці даведаліся, якія цяжкасці ўзнікаюць у жыцці людзей з інваліднасцю, вучыліся гуманнасці, добразычлівасці, суперажыванню. Пачаліся заняткі з прывітальнага верша, у якім прагучала пажаданне дабра ўсім людзям. Дзеці прыкладвалі руку да свайго сэрца і прыслухоўваліся да яго біцця. Сацыяльны педагог адзначыла вялікую каштоўнасць жыцця: “Якое гэта шчасце — жыць і радавацца жыццю! У кожнага сваё жыццё. Пра тое, каб яго зберагчы, клапоцяцца бацькі, выхавальнікі, урачы, міліцыянеры і іншыя людзі. Ніхто і ніколі не мае права пазбавіць чалавека жыцця”.

Маленькая лялька, якая разам з Галінай Вікенцьеўнай завітала ў групу да дзетак, таксама прыйшла азнаёміцца з правамі людзей. Педагог адзначыла, што ёсць важны дакумент, які называецца “Закон аб правах дзіцяці”. Ён абараняе правы ўсіх дзяцей Беларусі. Дзеці народжаны для таго, каб расці здаровымі, шчаслівымі, свабоднымі, адукаванымі грамадзянамі сваёй краіны. Выхаванцы разам з педагогам успомнілі казкі, у якіх былі парушаны правы герояў на жыццё. Гэта казкі “Тры парсючкі”, “Чырвоная Шапачка”, “Калабок”, “Казка пра мёртвую царэўну і сем багатыроў”. Урывак з казкі “Калабок” быў прачытаны разам з праглядам ілюстрацый да казкі. Спецыяліст нагадала выхаванцам: “Жыццё дадзена на добрыя справы” — і прапанавала гульню. Дзеці клалі ў “Куфэрачак добрых спраў” выразаныя з паперы сэрцы, пры гэтым кожны выхаванец павінен быў сказаць, што добрае ён сёння зробіць ці ўжо зрабіў. Напрыканцы гульні дзеці зразумелі, колькі добрых спраў можна зрабіць для людзей, што ў жыцці чалавек павінен здзяйсняць толькі добрыя ўчынкі. Педагог нагадала прыказкі і прымаўкі пра дабро.

Рэалізацыя кампанентаў “Пазнанне соцыуму”, “Адаптыўныя сацыяльныя паводзіны” адукацыйнай галіны “Дзіця і грамадства” вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі адбывалася і на наступных занятках “Права на імя”, “Права дзіцяці жыць і выхоўвацца ў сям і”, на якіх у дзяцей фарміраваліся ўменні выказваць просьбы, прапановы, рабіць даручэнні, называць іншага чалавека па імені, быць добразычлівымі, праяўляць чуласць да эмацыянальнага і фізічнага стану старэйшых (мама адпачывае — нельга шумець; бабулі цяжка несці сумку — трэба дапамагчы; у бабулі баляць ногі — трэба ісці больш павольна).

Гэтыя і іншыя практыка-арыентаваныя мерапрыемствы з дзецьмі служаць павышэнню іх прававой дасведчанасці, прававой культуры і прававой абароненасці.

Галіна ГАЎРОШ,
сацыяльны педагог Гезгалаўскага ясляў-сада Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці.