Жыццё на вышыні

- 15:59Сацыяльны ракурс

Кажуць, студэнцкія гады — самыя цікавыя ў жыцці. Калі яшчэ можна быць такімі вясёлымі, шчаслівымі, бесклапотнымі? Калі яшчэ выпадзе магчымасць так цешыцца паходамі, праседжваць ночы ля вогнішча, спяваючы з сябрамі песні пад гітару, любавацца світанкамі, не баючыся не пачуць ранішняга званка будзільніка на работу ці ўжо маленькага жывога “званочка”? Мая сённяшняя гераіня Анастасія Лапко на ўласным прыкладзе даказвае, што ні дыплом, ні працоўная кніжка, ні пасведчанне аб шлюбе, ні сынавы метрыкі дзяцей не павінны станавіцца кропкай у маладосці, у насычаным і шчаслівым жыцці.

Навуковыя перспектывы

З Анастасіяй Лапко я знаёміла нашых чытачоў тры гады назад, калі яна, аспірант і навуковы супрацоўнік Інстытута біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, шчаслівая мама, стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу БРСМ “100 ідэй для Беларусі”, прадставіўшы свой унікальны гемасарбент, які можа прымяняцца для карэкцыі ­аўтаімунных захворванняў, у анкалогіі і пры трансплантацыі органаў. Такія прэпараты ў свеце ўжо ёсць, але Насцін — намнога таннейшы, адпаведна будзе больш даступны нашым суайчыннікам. Гэта і стала тэмай яе кандыдацкай дысертацыі, якую яна амаль скончыла (крыху адцягнула абарону нараджэнне малодшага сына Сямёна). Сёння Насця ўжо член экспертнага савета рэспубліканскага конкурсу. Напрыканцы снежня яе выбралі і старшынёй Савета маладых вучоных аддзялення “Хімія і навука пра Зямлю” Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Але прафесійнае захапленне біяхіміяй — толькі частка яе жыцця. Сёння свае веды пра Зямлю Насця пашырае на практыцы — падчас экстрэмальных падарожжаў па свеце ў кампаніі мужа і двух сыноў.

“Галоўнае — любіць тое, што ты маеш. І неабавязкова засяроджвацца толькі на нечым адным, — упэўнена Насця. — Я люблю сваю работу, і безумоўна, сваю сям’ю, але паглыбіцца ў прывычную для многіх руціну “дом-работа-дом” — сумна, аднастайна. Ся­дзець на месцы, ляжаць вечарамі на канапе — гэта не пра нас. Таму мы стараемся знайсці яркія эмоцыі, каб потым зноў і зноў іх перажываць, стараемся атрымаць такі зарад энергіі, які б даў дадатковы стымул для далейшых поспехаў, здзяйсненняў — і ў сям’і, і ў працы, і проста ў жыцці”.

Горная хвароба

“Мой тата  — настаўнік геаграфіі, і сёння выкладае ў сярэдняй школе № 2 маіх родных Стоўбцаў, і першымі маімі кнігамі, яшчэ да Буквара, былі татавы атласы па геаграфіі, — расказвае гісторыю мар пра падарожжы Насця. — Менавіта іх я гартала, яшчэ не ўмеючы чытаць, і ўяўляла, як гэтыя моры і горы выглядаюць у прыродзе. Выехала на мора ўпершыню ў жыцці я толькі ў студэнцкія гады. А тыя краіны, якія памятала яшчэ з маленства, з татавых атласаў, адкрыла для сябе, толькі калі выйшла замуж”.

З Косцем, земляком са Стоўбцаў, яе звязвалі агульныя мары пра вандроўкі. Цягу да падарожжаў Насця і Косця прывезлі з Турцыі 10 гадоў назад, дзе адпачывалі “дзікунамі”, таму ўбачылі не тую, якую бачаць звычайныя турысты ў “пакетных” атэлях, а сапраўдную. Потым быў Тайланд з заездам у Камбоджу з яе храмавым комплексам Ангкор-Ват, неафіцыйным восьмым цудам свету. І так пайшло-паехала… Былі розныя краіны, розныя маршруты… Амаль усе іх аб’ехаў з бацькамі і Сцяпан, які з 2 гадоў “на чамаданах”, дакладней, з рукзаком.

Але круты віраж адбыўся ў жыцці маіх герояў, калі яны ўбачылі горы ў Турцыі. Горы сталі самай вялікай любоўю, амаль хваробай. “Ёсць чатыры стыхіі: агонь, паветра, вада, зямля. Для мяне яшчэ ёсць і пятая — горы”, — з захапленнем гаворыць Насця.

Не марнуючы час на пад’ём на невялікія горы, паўтара года назад Насця і Косця ўзы­шлі на Эльбрус, дарэчы, стаўшы першай беларускай сямейнай парай на яго вяршыні. Потым былі ў Танзаніі, дзе падняліся на Кіліманджару — вышэйшую кропку Афрыкі.

“Складана ­выказаць свае адчуванні, калі ты глядзіш на аблокі зверху, калі бачыш заход сонца ці світанак у гарах, калі ся­дзіш на грэбені над навальнічнымі хмарамі: унізе бліскаюць маланкі, грыміць гром, а над намі — зорнае неба! Гэта неверагоднае адчуванне!” — дзеліцца Канстанцін.

Абгрунтоўваючы такі нечаканы для навічкоў у альпінізме выбар, Насця тлумачыць: “Мы з мужам  максімалісты, прывыклі адразу ставіць перад сабой самыя высокія мэты і рабіць усё для іх дасягнення. А тут прыемным бонусам быў для нас яшчэ і кошт. Літаральна ўсе нашы падарожжы пачынаюцца з танных білетаў з распродажаў авіякампаній. Косця падпісаны на ўсе магчымыя рэсурсы, дзе праходзяць такія распродажы. Прычым мы заўсёды на першае месца ставім не пасіўны адпачынак, а актыўны, азнаямленчы, каб убачыць як мага больш, адчуць культуру, асаблівасці невядомых краін”.

Так, у Танзаніі, знакамітай сваімі нацыя­нальнымі паркамі, сям’я ­Лапко  была 10 дзён. Таму адправіліся на афрыканскае сафары. Наведалі Тарангірэ — парк сланоў і баабабаў, запаведнік. Два дні былі ў парку Сэрэнгэці, дзе  праходзяць асноўныя шляхі міграцыі афрыканскіх жывёл: велізарная колькасць зебраў, бізонаў, антылоп, жыраф, ільвоў, гепардаў. Начавалі ў палатцы пасярод гэтага парку. Хоць, прызнаецца Канстанцін, і страшнавата, калі ад драпежнікаў аддзяляе толькі брэзент палаткі, усё ж самая жудасць — гукі гіен, падобныя на злавесны чалавечы смех. ­Здзівіў парк Нгорангора — буйны вулкан, сценкі якога праваліліся, а ўнутры ўтварылася натуральная рэзервацыя. Ён першы ў свеце па шчыльнасці драпежнікаў.

У кратары жыве каля 25 тысяч жывёл.

Да вяршынь — усёй сям’ёй

У апошнія дні мінулага года сям’я Лапко зноў адправілася ў горы.  На гэты раз чатыры вулканы Інданезіі пабачылі яны ў поўным складзе — з 8-гадовым Сцяпанам і 3-гадовым Сямёнам. Праўда, на іх самі падняліся толькі трое, Сямён хутчэй даехаў да вяршынь вярхом на ­бацьку. А вось на пяты, Іджэн, самы небяспечны, падымаліся толькі Насця і Косця. Менавіта з яго жэрла яны прывезлі серу для музея мінералаў і горных парод геаграфічнага таварыства Беларусі, які дзейнічае на геафаку БДУ і членамі якога яны з’яўляюцца.

Нерэальныя пейзажы, мора як на далоні, серныя фумаролы, какосавае малако на снеданне і абед з яек, звараных прама ў гейзеры, трапічныя ліўні, купанні ў вулканічных крыніцах і ў Індыйскім акіяне, храмы вострава Ява — пра гэта і не толькі Сцяпан можа расказваць гадзінамі. Але, бадай, ­самым нечаканым для яго быў Мерапі. Гэта самы актыўны вулкан ­Інданезіі, які бушуе кожныя сем гадоў. Цікава, што адно з самых моцных вывяржэнняў сучаснасці здарылася 5 лістапада 2010 года, у дзень нараджэння Сцёпы. Пад ­аплаўленымі гадзіннікамі, якія спыніліся ў той дзень, бацькі сфатаграфавалі Сцёпу з адкрытым пашпартам.

Дарэчы, каб не было ніякай рызыкі для жыцця падчас падарожжа, Насця загадзя знайшла інтэрнэт-рэсурс, дзе адсочваюцца землетрасенні ў рэальным часе. Але, тым не менш, прызнаецца жанчына, пачуцці неверагодныя, калі адчуваеш магутнасць Зямлі, чуеш у яе нетрах рокат, які вырываецца з гейзераў у кратары вулкана: “У гэтую секунду ­ўсведамляеш, наколькі мы мала ведаем пра нашу планету, наколькі ўнікальная наша прырода, што мы — усяго толькі мурашкі ў Сусвеце”. 

Як сапраўдныя першаадкрывальнікі на ўсіх пакораных імі вяршынях, сям’я рабіла фота са сцягамі. Узыходжанне на Кіліманджару яны прымеркавалі да Года малой радзімы — узялі з сабой сцяг Стоўбцаў. На Інданезійскія вулканы Анастасія ўзяла з сабой і беларускі сцяг, які ўжо лунаў на вяршынях Кіліманджара і Эльбруса і які яна прыносіла на нядаўнюю сустрэчу моладзі з прэзідэнтам у Палацы Незалеж­насці. Сцяпан на вяршыні вулканаў таксама браў з сабой сцяг — сваёй гімназіі №61.

Экстрым — шлях да развіцця

Разважаючы пра дзіця­чы турызм, Канстанцін гаворыць: “Сёння многія вядуць спрэчкі наконт адпачынку з дзецьмі. Нехта лічыць: усё, што трэба дзецям, гэта сонца і басейн ці мора, а ўсе экскурсіі, якія вырываюць з гэтых камфортных умоў, — амбіцыі бацькоў. Але, з іншага боку, не думаю, што ўсе дзеці любяць школу і з задавальненнем ходзяць на ўрокі, але ўсе бацькі штораніцы іх туды адпраўляюць, бо хочуць, каб іх дзеці атрымалі добрую адукацыю, мелі цягу да пазнання. Такія падарожжы даюць магчымасць на свае вочы ўбачыць тое, што вывучаюць у школе. Сцяпан у нас ужо вандроўнік са стажам. Мы з ім і на каяках плавалі на незаселеныя астравы ў Паўднёва-Кітайскім моры, ганялі на сланах, прападалі ў мангравых джунглях… І калі мне дзеці сказалі, што выпадкова адламалі ў чайніка хобат, я зразумеў, што мы робім усё правільна. Але ў той жа час мы адэкватна ацэньваем дзіцячыя магчымасці і ніколі не будзем рызыкаваць іх жыццямі. Ды і сваімі таксама. Так, летам сарвалася наша ўзыходжанне на Гаверлу — найвышэйшую кропку Украіны, бо ішоў страшэнны цыклон, і мы, нягледзячы на тое, што ўжо забраніравалі атэль, пабаяліся прыехаць з дзіцем у холад і  дождж. Насамрэч, падарожжы з дзецьмі — гэта іншая адказнасць, і ты, па большай частцы, ахвяруеш сваім камфортам. Але ў параўнанні з атрыманымі эмоцыямі — гэта дробязі”.

Расставіўшы на паліцы ў гасцінай новыя сувеніры, у гэтыя дні Сцяпан рыхтуе прэзентацыю — яго класны кіраўнік папрасіла правесці класную гадзіну ў гімназіі, а бацькоў запрасілі прыняць удзел у конкурсе на лепшую сям’ю. І ў адну з субот Насця і Косця паабяцалі тату прыехаць да яго ў школу ў Стоўбцы, дзе на ўроку геаграфіі яны раскажуць пра свае падарожжы.

У найбліжэйшых планах сям’і Лапко — завяршыць праграму альпінізму “7 вулканаў” — наведаць сем найвышэйшых патухлых вулканаў Зямлі. Чакаюць яшчэ Арысаба ў Мексіцы, Дэмавенд у Іране, Гілуве на востраве Новая Гвінея, Сідлей у Антарктыдзе і самы высокі Охас дэль Салада — 6893 метры — у Чылі. А далейшы горны маршрут, відавочна, падка­жуць сваімі скідкамі авіякампаніі. А, магчыма, і Сцяпан. Нядаўна на дзень нараджэння свайму старэйшаму ўнуку дзядуля-географ падарыў глобус. Віктар Неанілавіч хоць сам не рашаецца на далёкія падарожжы, прызнаецца, што больш за ўсіх рады смеласці і адважнасці новага пакалення, таму, што месцы, аб якіх ён ведае толькі з кніг, яго дзеці і ўнукі могуць бачыць на сямейных фотаздымках.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з уласнага архіва сям’і Лапко.