Жыццё, напоўненае працай

- 10:39Людзі адукацыі

Даўно хацелася пабываць на ўроку абслуговай працы ў настаўніцы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Лідзіі Барысаўны Некрашэвіч з Ланской сярэдняй школы Маларыцкага раёна. Але ўсё ніяк не выпадала. І вось нарэшце пашчасціла.

На ўроку ў 9 класе я і дзве вучаніцы. Сяджу затаіўшы дыханне. Стараюся нічога не ўпусціць і пераняць хоць невялікую частку багатага вопыту работы аднаго з лепшых педагогаў Маларытчыны. Адразу здзівілі нязмушаныя зносіны, псіхалагічны камфорт, створаны за некалькі хвілін. З Лідзіяй Барысаўнай заўсёды прыемна знаходзіцца побач. Прывабліваюць яе сціпласць, тактоўнасць, спакойны і ласкавы голас, дабрыня, інтэлігентнасць, душэўнасць…

За плячыма Л.Б.Некрашэвіч — чвэрц­ь стагоддзя, аддадзенага педагогіцы. Настаўніца адзначана мноствам грамат і падзяк за добрасумленную і самаадданую працу. На рахунку выхаванцаў Лідзіі Барысаўны — 8 дыпломаў рознай вартасці і 2 пахвальныя водзывы, атрыманыя на абласных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.

— У мяне кожны вучань навідавоку, а кожны ўрок індывідуальны, — гаво­рыць педагог. — Адна з прычын — у невялікай напаўняльнасці класаў. Так, сёння ў 5 класе вучацца 4 дзяўчынкі, у 6-м — 2, у 7-м — 3, у 8-м — 1, у 9-м — 2. Каб ім было цікава на занятках, імкнуся рознымі метадамі, прыёмамі і сродкамі стварыць сітуацыю поспеху, што матывуе да ўсвядомленага і грунтоўнага засваення новых ведаў, уменняў і навыкаў. Кожны ўрок хочацца зрабіць практыка-арыентаваным, каб ён выхоўваў працавітасць, культуру працы, эстэтычны густ, акуратнасць і беражлівасць. Дапамагае ў гэтым змена форм і метадаў навучання. Мая задача — зацікавіць і здзівіць, захапіць і далучыць да прыгожага і таямнічага свету творчасці. Паказваю дзяўчатам важнасць працоўных ведаў, уменняў і навыкаў у жыцці.

Педагог лічыць, што ўрокам абслуговай працы належыць асаблівая роля ў станаўленні моладзі, раскрыцці здольнасцей, развіцці творчага патэнцыялу і самастойнасці. Лідзія Барысаўна вучыць дзяўчат працаваць і ствараць прыгажосць уласнымі рукамі, перадае сакрэты жаноцкасці і падштурхоўвае выглядаць модна, сучасна, стыльна.

Л.Б.Некрашэвіч нарадзілася і вырасла ў Брэсце. Калі надышоў час выбіраць прафесію, яна не вагалася. Цвёрда вырашыла стаць настаўніцай пачатковых класаў яшчэ ў 7 класе. Дакументы падала ў тагачасны Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна. Але мара дзяцінства не збылася: не прайшла па конкурсе.

— Шкадавання не было, — успамінае Лідзія Барысаўна. — Бацькі суцешылі, падтрымалі. Разам прынялі рашэнне паступаць у Брэсцкае ПТВ № 26 імя Д.М.Карбышава, якое рыхтавала спецыялістаў для швейнай вытворчасці. Гэтая ўстанова і вызначыла мой далейшы жыццёвы шлях. Пасля яе заканчэння, набыўшы спецыяльнасць краўца мужчын­скага і дзіцячага верхняга адзення, пэўны час працавала на Брэсцкай фабрыцы  індпашыўадзення.

Дзяўчына была неверагодна шчаслівая, калі касцюм, пашыты бацьку, вельмі спадабаўся не толькі яму, але і іншым родным. Гэта надало сілы і жадання для творчасці і пошукаў свайго месца.

Адвучыўшыся яшчэ і ў Віцебскім індустрыяльна-педагагічным  тэхнікуме, Лі­дзія Барысаўна, выдатніца вучобы, прыняла прапанову выйсці на работу ў Брэсцкае ПТВ № 26. Там яе добра памяталі як адказную старасту групы і здольную навучэнку, якая добрасумленна адносілася да любой даручанай справы. Так Л.Б.Некрашэвіч на некалькі гадоў стала майстрам вытворчага навучання.

— Спачатку было цяжка, — расказвае педагог. — Пастаянна думала пра тое, што перадам навучэнцам, чаму і як змагу навучыць. Паступова назапашваўся вопыт, прыходзіла майстэрства. Гэта быў час станаўлення і пошукаў сябе.

Жыццёвыя акалічнасці прывялі на Маларытчыну. Давялося звольніцца з любімай работы і пераехаць з сям’ёй у вёску.

— Верыла і спадзявалася, што ўсё атрымаецца і наладзіцца на новым месцы, — гаворыць Лідзія Барысаўна. — Спачатку ў Ланской сярэдняй школе не было вакансій. Пры Доме піянераў вяла гурток “Мадэляванне адзення”, які наведвала амаль 20 дзяцей. Праз некаторы час мяне запрасіла тагачасны дырэктар школы Ганна Шпетная і прапанавала гадзіны абслуговай працы. Пачутае ўзрадавала. Старанна і падоўгу рыхтавалася да ўрокаў. На кожны з іх ішла, ды і да гэтага часу іду, як на своеасаблівае свята. Адчуваю вялікае задавальненне і радасць ад сустрэч з выхаванцамі, іх дапытлівымі вачыма. Урокі абслуговай працы — маё жыццё, цікавае і непаўторнае, напоўненае пошукам і гармоніяй. На занятках чэрпаю сілы для творчасці. А творчасць — гэта палёт, які не спыніць.

Больш за 10 гадоў Л.Б.Некрашэвіч вяла гурток “Мяккая цацка”. Дзеці былі ў захапленні ад таго, што сваімі рукамі са старых футраў шылі звяркоў і птушак.

Лідзія Барысаўна — майстар на ўсе рукі. Тэхналогію пашыву любога адзення ведае назубок. Спачатку ўсе неабходныя рэчы жанчына шыла толькі для сябе, мужа, дзяцей і ўнукаў, а потым ужо не магла адмовіць і аднавяскоўцам, якія заказвалі ў яе абноўкі. І на кухні яна сапраўдная чараўніца. Сярод калег карыстаецца заслужаным аўтарытэтам, а сярод вучняў і іх бацькоў — павагай.  

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.