Жыццё навучэнцаў — бясцэннае

- 11:02Школа управления

Уступіла ў сілу пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 3 жніўня 2022 года № 227 “Аб зацвярджэнні правіл бяспекі, правіл расследавання і ўліку няшчасных выпадкаў, якія здарыліся з навучэнцамі”. Дакумент каменціруе галоўны тэхнічны інспектар працы Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Марына Леанідаўна ЛЯСУН.

— Пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 227 — надзвычай своечасовы дакумент.

Мы дабіваліся прыняцця такога дакумента доўгія гады. Выдатна, што ён зараз з’явіўся, прычым правілы ў ім прапісаны асобна для ўсіх узроўняў адукацыі: дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і г.д. Раней выкладчыкі і кіраўнікі самі для сябе распрацоўвалі прыкладныя правілы, хто на што здатны. Адзінага дакумента, акрамя правіл бяспечных паводзін, не было. Ды і правілы бяспечных паво­дзін не былі распрацаваны Міністэрствам адукацыі, а распрацоўваліся на месцах.

У дакуменце сістэматызаваны моманты бяспекі, напрыклад, якія гутаркі трэба праводзіць з навучэнцамі, вызначана адзіная форма журнала рэгістрацыі інструктажу з адказнымі асобамі. Па кожным прадмеце дакладна распісана, што трэба рабіць на ўроках хіміі, фізікі, біялогіі, інфарматыкі, працоўнага навучання. Гэта правілы для патэнцыяльна небяспечных кабінетаў. Падкрэслю: патэнцыяльна небяспечных, таму што небяспечнага там нічога няма, інакш там не займаліся б дзеці. Патэнцыяльна небяспечныя яны з-за хімічных рэчываў, пэўнага абсталявання, дзе ёсць небяспека траўміравання. Такімі ж патэнцыяльна небяспечнымі месцамі ва ўстанове адукацыі з’яўляюцца спартыўныя залы, вучэбныя майстэрні.

Мы прымалі актыўны ўдзел у распрацоўцы дакумента. Адзіная форма журнала была маёй рэкамендацыяй, выдатна, што такая форма знайшла адлюстраванне ў гэтым дакуменце.

На наш погляд, дакумент яшчэ можна і трэба дапрацоўваць. Мы прынялі рашэнне, што Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі сумесна з Міністэрствам адукацыі будуць акумуляваць усе прапановы і заўвагі, каб да пачатку новага навучальнага года выпусціць абноўлены дакумент. 

 

Падрабязна чытайце ў нумары ад 14 кастрычніка 2022 года.