Жыццё пчалінай сям’і — анлайн

Пчолы заўсёды суправаджалі жыццё чалавека. Мёд знаходзілі ў егіпецкіх пірамідах. Чалавек каменнага веку намаляваў здабыванне мёду — выява захавалася ў Іспаніі да нашых дзён. Авіцэна прапанаваў мёд як сродак прадаўжэння жыцця. Такіх прыкладаў шмат. Дарослы чалавек можа ўжываць да 100 грамаў карыснага прадукту штодзень. Аднак мы ядзім мёд у значна меншых колькасцях. Вытворчасць мёду на аднаго чалавека ва ўсім свеце скарачаецца.
Як змяніць гэтую сітуацыю, а таксама пра пчол і пчалярства ў Беларусі шмат ведае (і не проста ведае, а вядзе навуковыя даследаванні) дацэнт кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта кандыдыт сельскагаспадарчых навук Мікалай Халько.

У 2006 годзе па ініцыятыве рэктара ўніверсітэта Вітольда Песціса і тагачаснага загадчыка кафедры Мікалая Мядзвецкага быў створаны вучэбна-доследны пчальнік. Пазней на базе яго арганізаваны Цэнтр навуковага пчалярства, якім кіруе М.В.Халько, і музей пчалярства.
Размову з Мікалаем Віктаравічам мы вядзём у музеі, дзе сабрана шмат старадаўніх і сучасных экспанатаў: вуллі, дымары, вопратка пчаляроў, медагонкі, воскапрэсы, розныя прылады, якія выкарыстоўваюць пчаляры. Ёсць тут і даўнейшая саламяная борць, і сучасная распрацоўка гродзенскіх навукоўцаў — вулей для інтэнсіўнага ўтрымання пчаліных сем’яў.
Але самае цікавае — сапраўдныя вуллі, якія размясціліся побач, у двары корпуса ветэрынарнага факультэта ў самым цэнтры Гродна. На гэтым вучэбна-доследным пчальніку праходзяць практычныя заняткі студэнтаў — у Гродзенскім аграрным універсітэце курс “Пчалярства” выкладаюць на біятэхналагічным факультэце.
Паназіраць за жыццём пчол у рэальным часе можна з дапамогай вэб-камеры, якую ўстанавілі ў вуллі. Сёлета праклалі оптавалакновы кабель, і трансляцыі можна будзе назіраць анлайн на сайце ўніверсітэта. Як расказвае М.В.Халько, многія студэнты пасля такога курса пачынаюць сур’ёзна цікавіцца пчалярствам. Сам Мікалай Віктаравіч з дзяцінства знаёмы з гэтым промыслам — вуллі былі ў бацькі. Можа таму, акрамя Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, ён скончыў яшчэ і Інстытут пчалярства ў Расіі.
На сценах музея — патэнты. Вучоныя аграрнага ўніверсітэта атрымалі звыш 40 патэнтаў на карысныя мадэлі і вынаходніцтвы ў галіне пчалярства. Сярод іх работ — распрацоўка тэхналогіі комплекснага ўтрымання пчаліных сем’яў, атрыманне пчалінага матачнага малачка і іншыя. Могуць тут выконваць і пылковы аналіз, які пакажа, з якой мясцовасці мёд і калі ён быў сабраны.
Гродзенскія вучоныя падрыхтавалі некалькі падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па пчалярстве. Зараз рыхтуецца да выдання практыкум па пчалярстве, аўтарамі якога з’яўляюцца Вітольд Песціс, Мікалай Халько і расійскія вучоныя — дырэктар навукова-даследчага інстытута пчалярства Рассельгасакадэміі Вячаслаў Лебедзеў і прафесар Расійскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта — МСГА імя К.А.Ціміразева — Альфір Манапаў.
Мікалай Халько адзначае, што пчалярства ў Беларусі сёння — справа ў асноўным прыватнікаў. Праўда, у Гродзенскай вобласці працуе вытворчы кааператыў “Шчучынскае пчалярства”. А раней амаль у кожным раёне былі сельскія гаспадаркі па вытворчасці мёду, працавалі заатэхнікі-спецыялісты.
Колькасць пчаліных сем’яў зараз прыкладна 215—230 тысяч, і на аднаго беларуса прыпадае на год усяго каля чвэрці кілаграма мёду. Але ж пчала — гэта не толькі мёд, пярга, пчаліны яд, воск, праполіс. Яна — галоўны апыляльнік раслін.
— Калі правільна выкарыстоўваць пчол, — расказвае Мікалай Віктаравіч, — можна значна павысіць ураджайнасць рапсу і грэчкі, нават збіраць ураджай два разы на год. Гэта магчыма ў Беларусі. Пасля ўборкі рапсу поле можна засеяць грэчкай, толькі абавязкова прывезці сюды вуллі з пчоламі. У некаторых краінах нават грошы выплачваюць гаспадарам за тое, што яны вывозяць пчол на палі.
Дарэчы, пры Цэнтры навуковага пчалярства ва ўніверсітэце працуюць курсы павышэння кваліфікацыі, слухачамі якіх могуць стаць усе жадаючыя — і прафесіяналы, і тыя, хто толькі хоча заняцца гэтай справай.
У музеі пчалярства часта бываюць школьнікі, а таксама вопытныя пчаляры. Напрыклад, летась аграрны ўніверсітэт і музей наведаў прэзідэнт Сусветнай федэрацыі пчалярскіх асацыяцый “Апімондыя” Жыль Рація. (Арганізацыя аб’ядноўвае вучоных і вытворцаў мёду, грамадскіх дзеячаў. Саюз беларускіх пчаляроў таксама з’яўляецца яе членам.)
У канцы размовы запытала ў Мікалая Віктаравіча, ці ведае ён якія-небудзь прымаўкі пра мёд. “Мёд — не Бог, але многа міласцівы” — пачула ў адказ. Сапраўды, філасофія.

 

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.