Жыццё ў стылі эка

- 14:41Выхаванне, Выхаваўчая работа

Пад такой назвай у Мінску прайшоў Рэспубліканскі маладзёжны фестываль. Ён аб’яднаў самых актыўных маладых людзей, якія цікавяцца экалогіяй і натхняюцца прыродай.

Погляд у будучыню

Сярод удзельнікаў фестывалю — пераможцы і прызёры рэспубліканскіх экалагічных мерапрыемстваў, маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця, пераможцы праекта “100 ідэй для Беларусі”, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, Савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь і інш. 

Міністр адукацыі Андрэй Іванец, павітаўшы ўдзельнікаў фес­тывалю, адзначыў: “Пытанні экалогіі, захавання нашай планеты знаходзяцца ў пастаянным полі зроку не толькі дарослых, але і маладога пакалення. Сваімі ідэямі вы зробіце (а нехта ўжо і зрабіў) наш свет чысцейшым, лепшым і прыгажэйшым”. Ён заклікаў навучэнцаў увесь свой творчы і навуковы патэнцыял накіроўваць на стварэнне і пажадаў ім рэалізацыі ўсіх іх ідэй і праектаў.

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык прызнаўся, што яму падабаецца назва фестывалю, бо жыццё ў стылі эка ён лі­чыць справай кожнага чалавека, прычым самай важнай, і дадаў: “Парадак дня экалагічны і кліматычны, а таксама ўсё, што звязана з аховай навакольнага асяроддзя, сёння ў Беларусі фарміруюць не толькі і не столькі дзяржаўныя органы, колькі грамадства, арганізацыі, аб’яднанні, СМІ і, безумоўна, моладзь. І таму наша краіна такая чыстая, светлая і дагледжаная. Я ўпэўнены: наша будучыня ў добрых руках”.

Больш выразна гэтыя аспекты былі абазначаны на дыскусійнай пляцоўцы “Будучыня ў руках маладых”. Гэта не проста назва, але і дэвіз, якім кіруецца кожны з удзель­нікаў. На ёй маладыя людзі і госці паразважалі пра будучыню нашай прыроды і будучыя прафесіі сённяшніх дзяцей.

Так, школьніца з Новалукомля, якая займаецца ў секцыі РЦЭіК “Генетыка і селекцыя”, пацікавілася ў міністра, як можна паспяваць ва ўсіх сферах і як дасягнуць таго, каб паўтарыць рэкорд міністра і стаць самым маладым у краіне доктарам хімічных навук. На гэта Андрэй Іванец адказаў, што трэба ўпарта працаваць, старацца і самаразвівацца. 

Юны іхтыёлаг з Віцебска папрасіў міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пералічыць тыя прафесіі ў экалогіі, дзе ён і яго равеснікі змаглі б рэалізавацца прафесійна — як даследчыкі і эколагі. Андрэй Худык адказаў, што толькі ў яго ведамстве сёння больш за 10 кірункаў дзейнасці, у тым ліку і ахова водных рэсурсаў і іх рацыянальнае выкарыстанне, але адпаведныя спецыялісты будуць запатрабаваны і ў іншых арганізацыях і сферах. “Напрыклад, гідраметэаралогія ўключае назіранні і даследаванні і прыняцце рашэнняў па ахове і рацыянальным выкарыстанні водных рэсурсаў. Гэта і сіноптыкі, і гідролагі, і складальнікі прагнозаў, у тым ліку касмічных. Ды і прафесія ўласна эколага стала вельмі запатрабаванай. На любым прадпрыемстве ён знойдзе сабе працу. Неабходны нам і геолагі, якія знаходзяць баланс паміж аховай навакольнага асяроддзя і развіццём нашай эканомікі, паляпшэннем дабрабыту беларусаў”.

Андрэй Худык: 
“Адзін з напрамкаў дзейнасці нашага міністэрства — экалагічнае выхаванне насельніцтва ў цэлым, але ў першую чаргу мы робім упор на наша маладое пакаленне. І ў нас у гэтым кірунку дасягнута ўзаемаразуменне”.

Ад школьнай практыкі да Антарктыкі

Пашырылі прафесійныя гарызонты школьнікі і падчас навукова-даследчай канферэнцыі з міжнародным удзелам “Экалогія: крок у навуку”. У прыватнасці, іх зацікавілі выступленні ўдзельнікаў навуковых экспедыцый. Так, Уладзіслаў Мямін, кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры мікрабіялогіі біялагічнага факультэта БДУ, расказаў пра свае даследаванні Антарктыды. Ён прадставіў фотасправаздачу з апошніх экспедыцый — з марсіянскімі пейзажамі, зялёным снегам, экасістэмамі ў камянях і інш. Удзельнікі сустрэчы наперабой засыпалі Уладзіслава Яўгенавіча пытаннямі пра дружалюбнасць пінгвінаў, пра тое, як не згарэць сярод снягоў ад сонечных апёкаў, як гэта — жыць ва ўмовах дня працягласцю паўгода, як усяго ў некалькіх метрах адно ад другога на гэтам загадкавым кантыненце могуць існаваць салёныя і прэсныя азёры і г.д.

Міхаіл Колабаў, кандыдат біялагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік кафедры агульнай экалогіі і гідрабіялогіі біялагічнага факультэта МДУ імя М.В.Ламаносава (Расійская Федэрацыя), пазнаёміў юных калег з экасістэмай возера Байкал — ад гамарыдаў да нерпаў, а таксама з актуальнымі пагрозамі, якія могуць знішчыць гэтую ўнікальную экасістэму.

Пра ўдзел саміх падлеткаў у барацьбе са змяненнем клімату расказала Марыя Відзевіч, каардынатар ЮНІСЕФ па пытаннях развіцця падлеткаў, а Дар’я Баканава, старшыня Савета маладых вучоных Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута комплекснага выкарыстання вод­ных рэсурсаў, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела паверхневых вод, расказала пра даследаванні беларускіх крыніц. 

Актуальныя праблемы па засяленні тэрыторыі Беларусі чужароднымі відамі раслін і жывёл абазначыла Вікторыя Галавенчык, навуковы супрацоўнік лабараторыі іхтыялогіі Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бія­рэсурсах, старшыня аддзялення біялагічных навук Савета маладых вучоных НАН Беларусі. Дзіцячыя прапановы па вырашэнні экапраблем прадставіла Дзіна Лашчаўская, педагог-арганізатар аддзела культурна-масавай работы і дзіцячай творчасці НДЦ “Зубраня”.

Андрэй Іванец:
“Падобныя мерапрыемствы дапамагаюць уключыць у даследчую і навуковую работу маладых людзей, тут моладзь мае магчымасць дакрануцца да гэтай дзейнасці. А экалагічная накіраванасць дазваляе нам сваімі рукамі, сваім розумам рабіць свет лепшым і прыгажэйшым”.

Зялёныя ідэі

Маладыя людзі не толькі агучылі свае прапановы па паляпшэнні экалогіі Беларусі, але і змаглі аб’яднаць свае намаганні ў гэтым кірунку са сваімі аднагодкамі з іншых рэгіёнаў, абазначыўшы сумесныя ініцыя­тывы. Наглядна аб дасягненнях дзяцей можна было даведацца на іх выставе-прэзентацыі даследчых праектаў “Экалагічнае асяроддзе і зялёная будучыня”. А самыя гарачыя іх навуковыя дэбаты разгарнуліся падчас работы секцый па наступных напрамках: экалогія горада, рэсурсазберажэнне і рацыянальнае прыродакарыстанне, біяразнастайнасць, геалогія, даследчая дзейнасць і інавацыйныя тэхналогіі.

Сярод актыўных удзельнікаў фестывалю былі маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця, якія выступалі ў якасці экспертаў, цьютараў на пляцоўках па геалогіі, прыродакарыстанні, устойлівых гарадах і інш. Яны давалі школьнікам практычныя каментарыі па рэалізацыі іх навукова-практычных праектаў і распрацовак, па іх далейшым развіцці і фінансаванні. Сярод іх была і Стэфанія-Віталія Вінчык, студэнтка БДУ. “Гэты фестываль хутчэй адпавядае сучаснай форме хакатона, — адзначыла дзяўчына, — бо тут праводзяцца мазгавыя штурмы, ёсць прадстаўнікі ўсіх абласных цэнтраў, розных раёнаў, і ўдзельнікі дзеляцца напрацоўкамі, актуальнымі менавіта для іх мясцовасці. Каб па выніках фестывалю мы зрабілі  б экалагічную карту Беларусі, змаглі б убачыць, якія нашы рэсурсы і дзе мы можам задзейнічаць іх для нашых далейшых навукова-практычных распрацовак, а таксама накіраваць усе свае разумовыя і фізічныя рэсурсы для дапамогі сваім калегам-сябрам, бо, можа, менавіта нашы парады стануць для іх “зялёным святлом”, каб вывесці свае праекты на новую арбіту. Напрыклад, на нашай секцыі па геалогіі быў прадстаўлены праект па даследаванні якасці гліняных глеб. Аўтар, школьніца, падышла да гэтай тэмы з пункту погляду геолага-фізічнага і хімічнага разбору глеб, але я прапанавала ёй даследаваць іх яшчэ і на алергеннасць і здольнасць быць абсарбентам. Гэта магло б пашырыць прымяненне гэтай гліны і ў касметалогіі, асабліва для падлеткаў, якія пакутуюць ад акнэ, і для жанчын, якія хочуць быць прыгожымі незалежна ад ўзросту”.

Які ж гэта фестываль, тым больш маладзёжны (і да таго ж вясенні!), калі пасля сябе ён не пакіне зялёны след? Так, адной з актыўнасцей моладзі была пасадка на тэрыторыі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства памятнай яблыневай алеі ў межах экалагічнай акцыі “Дрэва героя”, прысвечанай Дню Перамогі і Году гістарычнай памяці. Непадалёк удзельнікі фестывалю залажылі і бэзавую алею. Яны спа­дзяюцца, што ўжо праз пару гадоў экацэнтр будзе сустракаць іх водарам яблынь і бэзу.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.