Жыццё ў тандэме

- 10:37Людзі адукацыі

Яны ўсё жыццё разам: разам заканчвалі школу, потым — педагагічны каледж, затым — БДПУ імя Максіма Танка. Яны разам працуюць, побач жывуць, разам гадуюць сваіх дзяцей-аднагодак. І працаваць прыйшлі ў адну ўстанову, выбраўшы для сябе адну на дваіх сферу творчасці. Іна і Ірына Платонавы працуюць у народнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Натхненне” ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна больш за 10 гадоў, але не страцілі юнацкага азарту, прагі да новага. Разам са сваімі навучэнцамі яны асвойваюць самыя розныя кірункі рукадзелля, каб з іх дапамогай вяртацца да спрадвечна беларускіх.

— Зразвіццём гурткоў IT-про­­­філю і тэхналогій, якія дапамагаюць ствараць прыгожыя рэчы хутка і амаль без намаганняў, становіцца ўсё складаней далучаць дзяцей да рукадзелля, асабліва да народнай творчасці. Калі жадаючыя сесці за станок і саткаць такі ж ручнік, як ткалі некалі нашы бабулі і прабабулі, знаходзяцца, то іх імпэт хутка прападае — гэта справа складаная. Затое тыя, хто зацікавіўся, хто прайшоў адбор часам і вытрымкай, застанецца верным справе надоўга, — гаворыць Ірына Міхайлаўна.

Сярод верных традыцыям ёсць і педагогі, якія ні на крок не адыходзяць ад аўтэнтыкі. А ёсць тыя, хто выбера для сябе і прапаноўвае дзецям толькі тыя кірункі, якія ў гэты момант на піку папулярнасці. Сёстры Платонавы працуюць у кірунку інтэрпрэтацыі і імкнуцца спалучаць традыцыі з інавацыямі.

— Мы можам гучна крычаць, што народныя традыцыі неабходна захоўваць, але абмяжоўвацца імі неабавязкова. Ды і ствараць проста тканыя дываны сённяшняму дзіцяці нецікава. Ве­даць, як яны рабіліся, паспраба­ваць сат­каць кавалачак — можна, але, калі няма попыту ў жыцці на такія рэчы, дзецям ствараць іх нецікава. Таму мы не бачым неабходнасці хвалявацца за чысціню тэхнікі і смела міксуем розныя кірункі, калажыруем іх. Мы ўжо асвойвалі з дзецьмі і работу са скурай, яе гравіроўку, і лепку, і дэкупаж, і стым-панк, эксперыментавалі з раслінамі. Напрыклад, мы кукурузныя лісткі ўплятаем у тэкстыль, у тканыя рэчы, спалучаем з ляпнінай, — дапаўняе сястру Іна Міхайлаўна. — Мы вывучаем розныя тэхнікі не для пашырэння кругагляду, не для таго, каб падхапіць тое, што ў трэндзе, а каб назапасіць пабольш тэхнік, узяць з кожнай з іх самае лепшае, самае неабходнае, і аб’ядноўваем у новым творы з аўтэнтычнай асновай.

Лепшым вынікамі такога багатага тэхнічнага сплаву стаў іх праект “Перапляценні”, дзе іх навучэнцы аб’ядналі і ткацтва, і тэкстыль, і стылізацыю. Менавіта гэты калаж заваяваў лепшыя ацэнкі журы на апошняй Рэспубліканскай выставе-конкурсе мастацкіх праектаў “Спрадвечнае заўтра”, а сёстры Платонавы атрымалі за гэты праект перамогу. І гэта пры тым, што педагогі працуюць на базе Старабарысаў­скай санаторнай школы-інтэрната, куды дзеці часта прыязджаюць усяго на некалькі месяцаў. Тым не менш у іх склаўся ўжо добры касцяк: педагогі навучылі іх многаму, таму работы гэтых дзяцей — на вельмі высокім узроў­ні.

— Быць мастаком мала. Трэба добра ведаць структуру матэрыялаў. Так, у нас на занятках праводзяцца доследы з рознымі матэрыяламі. Напрыклад, метадам проб і памылак мы вызначаем самыя дзейсныя спосабы захаваць на пано лісточкі і кветкі, бо гэта недаўгавечны матэрыял і часта фларыстычныя работы маюць кароткі век. Эксперыментуем мы і з сучаснымі будаўнічымі матэрыяламі — тынкам, з сумесямі для барэльефа, для стварэння дробных дэталей. Прычым ідэі эксперыментаў часцей прыносяць дзеці, а мы з Ірынай імкнёмся дапамагчы іх рэаліза­ваць, якімі б смелымі яны ні падаваліся на першы погляд. Гэта іх права — паспрабаваць, — гаворыць Іна Міхайлаўна.

Цяпер сёстры-педагогі збіраюцца працягнуць эксперыменты з гіпсам, паспрабаваць спалучыць яго з жывапісам, стварыць з гіпсу мініяцюры. Адлітыя ў спецыяльныя формы фігуркі быццам просяцца пад дзіцячы пэндзаль. Ды і сярод педагогаў горада майстар-класы сясцёр Платонавых па стварэнні такіх сувеніраў і іх роспісе карыстаюцца вялікім попытам. Мастачкі лепяць і з пластыліну, і з халоднага фарфору, робяць жывапісныя ба­рэльефы. Пакуль у Беларусі гэтаму няма дзе павучыцца, таму педагогі ўсяму вучацца ў сваёй творчай лабараторыі.

— Педагог абавязаны ісці за дзіцем, адчуваць, што яму цікава. Калі педагог будзе проста паказваць, чым ён захапляецца, і вучыць гэтаму дзіця, ніколі нічога не атрымаецца. Трэба ісці ад дзіцячай цікавасці, — упэўнена Іна Міхай­лаўна.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.