Жыццё важнейшае за ўсё!

Гэта вучні 5—7 класаў Паляцкішскай сярэдняй школы засвоілі падчас экскурсіі, якую днямі здзейснілі ў Цэнтр бяспекі Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС у Лідзе.

Фота да матэрыяла: Жыццё важнейшае за ўсё!Праблема бяспекі жыццядзейнасці чалавека ў сучасных умовах — адна з самых актуальных. Падрастаючаму пакаленню не абысціся без ведання асноў бяспекі, правілаў аказання першай медыцынскай дапамогі, умення выкарыстоўваць сродкі калектыўнай і індывідуальнай аховы. Менавіта пра гэта ішла размова падчас экскурсіі ў Цэнтры бяспекі.

Вучні апынуліся ў віртуальным аўтобусе, дзе ім расказалі аб правілах паводзін у грамадскім транспарце і на прыпыначных пунктах, у час пасадкі і высадкі з аўтобуса і тралейбуса.

У спецыяльных кабінках, дзе прадстаўлены канкрэтныя надзвычайныя сітуацыі, дзеці вучыліся адпрацоўваць алгарытм выкліку службы выратавання. Пра здарэнне паведамлялі па тэлефоне дыспетчару. Праграма ў тэлефоне адказвала на званок, прымала атрыманую інфармацыю.

Інтэрактыўная гутарка з інспектарам цэнтра, прагляд мультфільмаў і відэафільмаў нагадалі, як варта паводзіць сябе ў розных жыццёвых сітуацыях.

Засвоіць атрыманыя веды вучням дапамаглі інавацыйныя тэхналогіі і сучаснае абсталяванне, якое маецца ў цэнтры. Дзеці паглыбіліся ў віртуальнае асяроддзе, якое імітавала надзвычайныя сітуацыі. Дзякуючы эмацыянальнаму ўспрыманню абстаноўкі навучэнцы змаглі больш грунтоўна засвоіць правілы паводзін. На трэнажоры спрабавалі аказаць дапамогу чалавеку, які папярхнуўся, ратавалі тапельца, вучыліся карыстацца вогнетушыцелем.

Апынуўшыся на пляцоўцы, якая імітуе лес, дзеці размясціліся на пяньках каля вогнішча і адпрацавалі правілы паводзін падчас пажару ў лесе, паглядзелі вучэбны відэафільм.

Экскурсія яшчэ раз нагадала, што неабходна ўсвядомлена і адказна ставіцца да пытанняў бяспекі. Вучні набылі веды, уменні і навыкі, якія дазваляюць ацэньваць і прагназаваць надзвычайную сітуацыю, прымаць меры па вызначэнні спосабаў асабістай абароны.

Зноў прыйсці ў цэнтр бяспекі МНС хлопчыкі і дзяўчынкі дамовіліся праз год, калі з’явяцца новыя трэнажоры.

Алена ПАЖАРЫЦКАЯ,
класны кіраўнік 6 класа
Паляцкішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.