Жыццё як на далоні

- 10:55Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Ці можна паняцце “служба” аднесці да работнікаў сферы адукацыі? Упэўнена, так! 

У рамане Канстанціна Федзіна “Незвычайнае лета” ёсць такія радкі: “Ты ўмей знайсці такога чалавека, у якім трошкі будучыні ёсць. У працы яго, у службе народу”. У сістэме адукацыі Мастоўскага раёна такі чалавек ёсць — гэта Валянцін Сцяпанавіч Ціхановіч, начальнік упраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама. 

Свой педагагічны шлях Валянцін Сцяпанавіч пачынаў у Пацэвіцкай сярэдняй школе пасля заканчэння філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Ва ўстанове адразу адчулі, што калектыў папоўніўся ініцыятыўным, творчым і вельмі адказным педагогам з вялікім арганізатарскім патэнцыялам. Менавіта тут адбылося станаўленне маладога настаўніка. 

А вопыт кіраўніка Валянцін Сцяпанавіч атрымаў у Чарлёнскай сярэдняй школе, куды быў прызначаны дырэктарам у 2001 го­дзе. Працаваў на гэтай пасадзе 5 гадоў. Менавіта ў Чарлёнскай школе ўпершыню яскрава раскрыўся талент маладога кіраўніка. Для Валянціна Сцяпанавіча важна было стварыць у школе абстаноўку, спрыяльную і для паспяховай вучобы, і для рознабаковага развіцця, творчасці. Мне пашчасціла працаваць у калектыве, якім кіраваў малады, мэтанакіраваны, творчы і ініцыятыўны дырэктар. Глядзела на яго і здзіўлялася, як ён усё паспявае: правесці ўрокі, пасяджэнне, педсавет, арганізаваць харчаванне навучэнцаў, агледзець кветнікі, градкі, даць добрую параду, а яшчэ заўсёды быць пазітыўным чалавекам. Энтузіяст, чалавек захоплены, ён рабіў любімую справу на высокім прафесійным узроўні і атрымліваў ад гэтага задавальненне! 

Хутка маладога і перспектыўнага дырэктара заўважылі ў раёне. Валянціна Сцяпанавіча чакала новае адказнае выпрабаванне: у 2005 го­дзе ён быў прызначаны на пасаду загадчыка Мастоўскага раённага аддзела адукацыі. А гэта новыя задачы і пошук рашэнняў для іх паспяховай рэалізацыі. Лідар застаецца лідарам заўсёды. І ў хуткім часе крок за крокам малады і ініцыятыўны кіраўнік прывёў сістэму адукацыі раёна да поспеху. 

Па выніках абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы ўпраўленняў адукацыі раённых выканаўчых камітэтаў Гродзенскай вобласці па развіцці рэгіянальных сістэм адукацыі наш раён займае лідзіруючую пазіцыю на працягу 17 гадоў. А гэта магчыма толькі дзякуючы ініцыятыўнасці і ўменню Валянціна Сцяпанавіча аб’яднаць кіраўнікоў сістэмы адукацыі ў адзіную, моцную, прафесійную каманду. Гэта пераканаўчы паказчык эфектыўнасці дэталёва выбудаванай сістэмы работы з адоранымі навучэнцамі і іх педагогамі, кіраўнікамі на ўсіх узроўнях. Ніводнае дасягненне навучэнца, педагагічнага работніка, установы адукацыі не застаецца без яго падтрымкі: для кожнага ствараюцца максімальна спрыяльныя ўмовы для далейшага развіцця. 

Валянцін Сцяпанавіч лічыць сябе шчаслівым чалавекам, таму што ў яго ёсць любімая сям’я, цікавая работа, перспектывы развіцця, імкненне рухацца наперад і дасягаць новых вышынь.

Валянціна Сцяпанавіча акружаюць аднадумцы — выдатныя, адданыя сваёй справе прафесіяналы, якія разам фарміруюць імідж сістэмы адукацыі Мастоўшчыны. В.С.Ціхановіч мае актыўную жыццёвую пазіцыю, каштоўны педагагічны і прафесійны вопыт, імкнецца ва ўсім паказваць калегам прыклад. Гэта тычыцца не толькі прафесіяналізму і культуры паво­дзін. Валянцін Сцяпанавіч — апантаны кветкавод і гаспадар. Дагледжаныя кветнікі, арыгінальныя клумбы, дэкаратыўныя туі, міксбордары, дызайнерскі вадаём — яго двор не толькі прыцягвае позіркі мастаўчан, але і натхняе іншых на ўласныя ландшафтныя эксперыменты. 

Неўтаймаваны і мэтанакіраваны характар кіраўніка знайшоў карыснае прымяненне і ў грамадскай дзейнасці. Валянцін Сцяпанавіч з’яўляецца старшынёй Мастоўскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. А гэта цэлая сістэма бесперапыннай работы, супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння. Менавіта грамадская дзейнасць раскрывае яго лепшыя асобасныя і прафесійныя якасці. Ён запальвае іскрынкай творчасці і самаахвярнасці кожнага, хто знаходзіцца побач. 

Вынікам добрасумленнай працы В.С.Ціхановіча сталі шматлікія ўзна­гароды. Ён з’яўляецца выдатнікам адукацыі, узнагароджаны шматлікімі ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, мясцовых выканаўчых улад. Але галоўная ацэнка дзейнасці Валянціна Сцяпанавіча — якасная падрыхтоўка выпускнікоў, любоў і павага вучняў і бацькоў, іх шчырыя словы падзякі пры сустрэчы, тэлефонныя званкі і візіты ў святочныя дні, дапамога і падтрымка ў цяжкую хвіліну.

Спыняцца на дасягнутым не ў характары Валянціна Сцяпанавіча. Наперадзе новыя ідэі, перспектывы, планы, перамогі і дасягненні!

Лілія ПУСЬ
дырэктар Дубненскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна.