У Новапагосцкай сярэдняй школе Міёрскага раёна працуе адзіны ў краіне музей Генадзя Цітовіча, а сама ўстанова адукацыі носіць імя славутага земляка. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Гэтыя песні здараюцца ў жыцці кожнага беларуса. Нават праслуханыя мімаходзь, яны дзіўным чынам застаюцца з намі. У пэўны момант хопіць выпадковага погляду ці слова, каб у памяці абудзіўся чысты напеў, якому хочацца падпяваць, — “Ой, рана на Iвана”, “Рэчанька”, “Жавароначкi, прыляціце”… Іх часта называюць нацыянальнымі музычнымі сімваламі. Меладычныя радкі сугучныя з тым адвечным і родным, што закладзена ў нашым генетычным кодзе. Аднойчы іх пачуў, запісаў і зрабіў канцэртную апрацоўку апантаны збіральнік беларускага музычнага фальклору Генадзь Цітовіч. А выканаў хор Цітовіча — такімі мы іх і ведаем.
Родныя галасы
Падчас этнаграфічных экспедыцый Генадзь Цітовіч занатаваў больш за 3 тысячы народных песень, танцаў, інструментальных найгрышаў. Непераўзыдзены рэкорд, прычым гэты скарб не асеў да пары ў зборніках — многія знаходкі штодзень гучаць!
У Ляхавіцкім раёне яму, тады яшчэ супрацоўніку баранавіцкага радыё, запалі ў душу песні вяскоўцаў з Вялікага Падлесся. Зачасціў туды і настолькі падахвоціў мясцовых жыхароў, што ці не ўсе яны пачалі збірацца на аматарскія спеўкі. Так у канцы 30-х гадоў складваўся самадзейны калгасны хор, якому неўзабаве пасля першага выступлення на абласным конкурсе ўжо апладзіравалі ў сталічным Крамлі і Вялікім тэатры.
Генадзь Цітовіч заўсёды ўмудраўся выкройваць час на збіранне песень. Не да таго было хіба што ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі — муж і жонка Цітовічы не проста стараліся выжыць у ліхалецце, яны працавалі ў аптэцы і перадавалі медыкаменты партызанам.
Практычна адразу пасля вайны вандроўнік-музыказнавец зноў адправіўся па вёсках ды хутарах. З блакнотам замест зброі ездзіў па небяспечных мясцінах, дзе ў лясах хаваліся бандыцкія недабіткі: выратаваная ад забыцця песня для яго была вышэйшай за інстынкт самазахавання.
І, зразумела, энтузіяст народнай музыкі карпатліва займаўся адраджэннем свайго хору. Афіцыйна датай яго стварэння лічыцца 1952 год. У 1959-м калектыў быў рэарганізаваны ў Беларускі дзяржаўны ансамбль песні і танца, у 1964-м — у Дзяржаўны народны хор Беларускай ССР. Артысты і іх нязменны мастацкі кіраўнік актыўна гастралявалі, у тым ліку па замежжы. Зрывалі авацыі гледачоў і станавіліся лаўрэатамі вядомых усесаюзных, міжнародных конкурсаў і фестываляў. Аднак найбольш цёпла і шчыра іх выступленні гучалі на роднай зямлі, дзе людзі іх прымалі як любімых, паважаных сваякоў. Нездарма Генадзь Цітовіч — першы беларускі музыкант, па ініцыятыве вяскоўцаў ушанаваны званнем “Заслужаны калгаснік”. Цяпер Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь носіць імя Г.І.Цітовіча. Між тым выйсце крыніц, якія потым зліліся ў жыццёвую плынь легендарнага харавога дырыжора, знаходзіцца на паўночным захадзе Беларусі. У царкоўнай кнізе месцам, дзе нарадзіўся будучы народны артыст СССР, кавалер трох ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэна Дружбы народаў, пазначана вёска Новы Пагост Міёрскага раёна. Адсюль бруіцца яго рэчанька…
Настаўніцкі сын
Імя Г.І.Цітовіча прысвоена Новапагосцкай сярэдняй школе ў лістападзе 2022 года. Вялікую ўрачыстасць у гонар падзеі з адкрыццём мемарыяльнай дошкі правялі праз тры месяцы і прымеркавалі да Міжнароднага дня роднай мовы. На той момант завяршылася рэканструкцыя ўнікальнага музея — адзінага ў Беларусі, прысвечанага Генадзю Цітовічу.
— У сённяшнім двухпавярховым будынку наша школа — з 1976 года, — расказвае дырэктар Вольга Усціновіч. — А пачатковая чатырохгадовая школа для хлопчыкаў 8—11 гадоў у мястэчку Новы Пагост працавала ўжо ў пачатку мінулага стагоддзя. Потым да верасня 1939-га тут была польская сямігодка, далей — беларуская пачатковая школа. У гады Вялікай Айчыннай вайны былы школьны будынак спалілі. Аднак 1 верасня 1944 года, услед за вызваленнем нашага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дзеці пайшлі вучыцца. Заняткі арганізавалі ў двух найбольш прыдатных для гэтага дамах мясцовых жыхароў. Можна правесці сімвалічную паралель: калі Генадзь Іванавіч адраджаў знакаміты хор, на яго радзіме педагогі адраджалі школу. Менавіта ў 1952/1953 навучальным годзе ўпершыню быў сфарміраваны 9 клас, праз год адбыўся першы выпуск дзесяцікласнікаў. Дачка Генадзя Іванавіча Святлана расказвала нам, як разам з бацькам наведвала яго родныя мясціны. Думаю, ён парадаваўся, гледзячы на новую школу. Хаця адзначым, прытрымліваючыся гістарычных фактаў: Генадзь Цітовіч не вучыўся ў школе Новага Пагоста. Да паступлення адразу ў 3 клас Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі ў 1924 годзе ён атрымліваў хатнюю адукацыю, так было прынята ў сям’і.
Будучага вучонага і народнага артыста выгадаваў выдатны педагагічны дуэт.
Івана Фадзеевіча ў свой час размеркавалі вучыць дзяцей на Смаргоншчыну. Сусанна Рыгораўна да шлюбу настаўнічала ў вёсцы Замошша (цяпер Браслаўскі раён). Пасля рэвалюцыйных падзей 1917 года, пагрозы нямецкай акупацыі, надыходу польскага панавання, настаўнік Іван Цітовіч пераасэнсаваў свой шлях, здаў экзамены за поўны курс праваслаўнай семінарыі і стаў свяшчэннікам. З 1920 года айцец Іаан служыў у Новым Пагосце.
Педагогі песняра
Гаворачы пра настаўнікаў маладога песняра, нельга не прыгадаць легенду айчыннай музыкі — кампазітара Рыгора Шырму. Знаёмства з ім пачалося ў Вільні, дзе Рыгор Раманавіч выкладаў у беларускай гімназіі і кіраваў хорам, удзельнікам якога на працягу некалькіх гадоў быў Генадзь Цітовіч. Калі ж рухацца да самых вытокаў, то захапленне беларускім музычным фальклорам у Генадзя Цітовіча сфарміравалася з дзяцінства дзякуючы спевам бабулі Еўфрасінні, якая мела цудоўны голас (гэты песенны рэпертуар будзе першым з занатаваных), і ўрокам вясковага настаўніка Фрола Манцэвіча.
— Фрол Данатавіч быў з тых педагогаў, хто пасля ўз’яднання Беларусі ўдзельнічаў у стварэнні новай сістэмы народнай адукацыі, — адзначае Вольга Войцехаўна. — У кастрычніку 1939-га ён быў дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі, уваходзіў у склад Паўнамоцнай камісіі для прадстаўлення Дэкларацыі аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў БССР на V сесіі Вярхоўнага Савета СССР. Самаадданы патрыёт і таленавіты прафесіянал, ён вельмі многае зрабіў як настаўнік, метадыст — толькі намнога больш не паспеў. У ліпені 1941 года акупанты арыштавалі Фрола Манцэвіча па даносе і пасля катаванняў забілі. Па дакументальна непацверджаных звестках, у Полацку, дзе ён калісьці заканчваў настаўніцкую семінарыю.
Захавальнікі памяці
Пра стварэнне музея Генадзя Цітовіча ў Новапагосцкай школе задумаліся напярэдадні святкавання 80-годдзя з дня яго нараджэння. Ідэю настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алы Урублеўскай падтрымалі як педагогі, так і вучні. Пад яе кіраўніцтвам дружна збіралі матэрыялы і дакументы, запісвалі песні сваёй мясцовасці, адпраўлялі пісьмы на тэлебачанне, вядомым паэтам, кампазітарам і дзеячам мастацтва…
Першымі ластаўкамі ў адказ на запыты школьнікаў даляцелі бандэролі ад Юрыя Семянякі, Ігара Лучанка і Уладзіміра Карызны. Затым успаміны даслалі Віктар Роўда і Міхась Дрынеўскі, былая артыстка квартэта
“Купалінка” Надзея Баканава. Многа найкаштоўнейшых экспанатаў перадалі ў фонды жонка Генадзя Цітовіча Вольга і яго дочкі Таццяна, Святлана і Людміла. Распрацаваць агульную канцэпцыю і аформіць экспазіцыі дапамагла Святлана Майхровіч з Літаратурнага музея імя Янкі Купалы. Кола сяброў музея імкліва пашыралася, многія прысутнічалі на яго адкрыцці ў 1992 годзе. Сёння занатаваныя ў школьным летапісе радкі Алы Урублеўскай пра падзеі тых дзён таксама каштоўны экспанат.
Пераемніцамі Алы Леанідаўны ў музейнай справе сталі яе калегі Наталля Рыкун, Таццяна Янушонак і — у нашы дні — настаўніца гісторыі Наталля Самсановіч. Адкрыццё абноўленага музея ў мінулым годзе атрымалася не менш маштабным і запамінальным святам. Сярод ганаровых гасцей школы ў гэты дзень былі яе выпускнік і залаты медаліст, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка (з сакавіка 2024 года — Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу), артысты Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.І.Цітовіча на чале з дырэктарам Маратам Лагуткам, кіраўнікі вобласці і раёна, Святлана Цітовіч.
— У нас прадстаўлены восем экспазіцый, — завяршае музейны экскурс Вольга Усціновіч. — Найбольш цікавымі і рэдкімі экспанатамі з’яўляюцца фатаграфіі Г.І.Цітовіча і членаў яго сям’і, рукапісы, аўдыязапісы, буклеты і афішы, зборнікі песень. Навучэнцы на прыкладзе земляка бачаць, як з простага вясковага хлопца, дзякуючы вучобе ў духоўнай семінарыі, універсітэце, кансерваторыі, вялізнай любові да родных мясцін, народнай песні і неймавернай працаздольнасці, вырас паспяховы, вядомы і паважаны ва ўсім свеце чалавек. У перспектыве мы плануем стварэнне віртуальнага музея Генадзя Цітовіча.
З верасня 2023 года ўстанова адукацыі пачала рэалізацыю раённага інавацыйнага праекта “Духоўна-маральнае развіццё і станаўленне асобы навучэнца ў працэсе супрацоўніцтва школы, сям’і, царквы”, нацэленага на станаўленне асобы навучэнца на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа. У праекце задзейнічаны ўсе школьнікі і педагагічныя работнікі, музей з’яўляецца яго складнікам. Імя Генадзя Цітовіча носяць таксама школьная піянерская дружына і навучэнскі будатрад “Сябры прыроды”.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі