Жыццё з камсамолам

Сёлета 100 гадоў з дня нараджэння УЛКСМ. Хочацца ўспомніць тых, чый жыццёвы шлях быў звязаны з камсамолам. Гэта і наша зямлячка Ніна Сільвестраўна Нерад, якая прайшла шлях ад сакратара пярвічнай камсамольскай арганізацыі да сакратара ЦК ЛКСМБ.

Фота да матэрыяла: Жыццё з камсамолам.Ніна Сільвестраўна нарадзілася 10 сакавіка 1938 года ў вёсцы Свіслач у сялянскай сям’і. Заходняя Беларусь тады ўваходзіла ў склад буржуазнай Польшчы. Неўзабаве пачалася Вялікая Айчынная вайна, і Свіслач адразу была занята фашыстамі. Найбольш ярка Ніна памятае, як у выніку нямецкай бамбёжкі летам 1944 года гарэла яе вёска. Фронт ішоў на захад, вайна яшчэ працягвалася, але 1 верасня 1944 года ўжо адкрылася мясцовая школа. Вучыцца пачалі ўсе дзеці і падлеткі, бо ў гады вайны школа не працавала. Цяжкасці былі вялікія: падручнікаў, сшыткаў, чарніла, пер’яў і алоўкаў або не было, або не хапала.

Ніна Сільвестраўна добра памятае сваіх першых настаўнікаў — Ціта Фаміча Жукоўскага, Навума Данілавіча Козіча, Валянціну Гаўрылаўну Кардаш. Яе любімай настаўніцай (у 5—7 класах) стала Ганна Аляксееўна Аўдзіевіч — настаўніца рускай мовы і літаратуры. Верагодна, ад яе ў Ніны з’явілася любоў да кнігі, чытання, паэзіі.

Фота да матэрыяла: Жыццё з камсамолам.Дзерачынкоўскую школу Ніна Сільвестраўна скончыла ў 13 гадоў: у тэхнікум па ўзросце не бралі, і яна працягвала вучобу ў 8 класе сярэдняй школы № 4 горада Гродна.

Падчас навучання ў Гродне Ніна з сястрой літаральна “захварэлі” на чытанне мастацкай літаратуры, перш за ўсё пра вайну, гераізм і мужнасць. Менавіта гэтае захапленне стала асновай пісьменнасці: любая дыктоўка або сачыненне даваліся лёгка. Сярэднюю школу дзяўчына паспяхова скончыла ў 1954 годзе.

З 1954 па 1959 гг. Ніна студэнтка гісторыка-філалагічнага факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Інстытут яна скончыла з чырвоным дыпломам. У студэнцкія гады працавала на зборы цаліннага ўраджаю, усе гады займалася камсамольскай работай на курсе, факультэце. А з восені 1958 года была выбрана сакратаром камітэта камсамола педагагічнага інстытута.

Фота да матэрыяла: Жыццё з камсамолам.З гэтага часу і пачалася яе прафесійная камсамольская работа, якой яна прысвяціла 15 наступных гадоў, прайшоўшы шлях ад сакратара пярвічнай камсамольскай арганізацыі да сакратара ЦК ЛКСМБ. Гады ў камсамоле —самы яркі, шчаслівы і паспяховы перыяд яе жыцця.

З 1959 па 1966 гг. Ніна Сільвестраўна працавала сакратаром, а затым першым сакратаром Гродзенскага абкама камсамола, а з 1966 па 1973 гг. — сакратаром ЦК камсамола Беларусі. У тыя гады яна выбіралася членам ЦК УЛКСМ і членам Цэнтральнага Савета Усесаюзнай піянерскай арганізацыі, часта бывала ў Маскве на з’ездах, пленумах, семінарах. Там сустракалася і была асабіста знаёма з Юрыем Гагарыным, Валянцінай Церашковай, Аляксандрай Пахмутавай, Муслімам Магамаевым, Канстанцінам Сіманавым і іншымі сапраўднымі зоркамі краіны Саветаў.

Гады работы ў камсамоле былі часам актыўнага назапашвання ведаў і вопыту, вялікай самааддачы, энтузіязму і патрыятызму. Як асоба Ніна Нерад сфарміравалася менавіта ў гэты перыяд. Дэвіз яе жыцця быў такі: “Раней думай пра Радзіму, а потым пра сябе”. І гэта было так.

Па меркаванні Ніны Сільвестраўны, 60—70-я гады ХХ стагоддзя былі “зорным часам” савецкага і беларускага камсамола, калі стартавалі многія добрыя пачынанні, ініцыятывы, запатрабаваныя і сёння. Прыемна ўспомніць, што ўзвядзенне Гродзенскага азотна-тукавага камбіната было Усесаюзнай ударнай камсамольскай будоўляй, куды камсамол адбіраў моладзь, праводзіў яе навучанне, адказваў за пражыванне і вольны час маладых будаўнікоў.

Ніна Сільвестраўна ўспамінае: “Менавіта час выбраў нас, і мы (і я асабіста) стваралі першыя атрады юных сяброў пагранічнікаў, юных сяброў Савецкай Арміі, упершыню арганізавалі масавыя дзіцячыя гульні “Залатая шайба” і “Скураны мяч”, а таксама самыя першыя студэнцкія будаўнічыя атрады. Нам выпала шчасце запусціць ваенна-спартыўныя гульні “Зарніца” і “Арляня”, першыя паходы па месцах працоўнай і баявой славы і злёты пераможцаў гэтых паходаў. Працуючы ў ЦК ЛКСМБ, мы зацвердзілі намінацыю лаўрэатаў прэміі камсамола Беларусі для творчай моладзі (першым стаў Ігар Лучанок). Мы сталі аўтарамі ідэі будаўніцтва беларускага Артэка, даказалі неабходнасць гэтага членам урада і пачалі будаваць на возеры Нарач унікальны комплекс. І ў 1968 годзе быў адкрыты Рэспубліканскі піянерскі лагер ЦК ЛКСМБ “Зубраня”. Мне выпала цяжкая роля прараба і прабіўной сілы на будаўніцтве гэтай дзіцячай установы. Я з’яўляюся “Ганаровым зубронкаўцам”. Тады ж сумесна з піянерскай газетай “Зорька” быў створаны Батальён беларускіх арлянят (знайшлі і аб’ядналі тых, хто быў піянерам і ваяваў з фашыстамі)”.

Фота да матэрыяла: Жыццё з камсамолам.Пасля камсамольскай работы Ніна Сільвестраўна была рэкамендавана ЦК КПБ на партыйную работу: спачатку другім, а потым першым сакратаром Ленінскага райкама КПБ г. Мінска, а затым сакратаром Мінскага гаркама партыі. Менавіта тады пачалося будаўніцтва метрапалітэна ў Мінску. Тады ж упершыню 3 ліпеня было арганізавана шэсце ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны па галоўным праспекце Мінска і іх усенароднае ўшанаванне. Пад кіраўніцтвам Ніны Сільвестраўны была шырока разгорнута работа з насельніцтвам па месцы жыхарства, што вельмі важна для буйных гарадоў.

“Больш за 20 гадоў (1959—1980 гг.) я была камсамольскім, а затым партыйным работнікам. І задаволена, што працавала пад непасрэдным кіраўніцтвам Пятра Міронавіча Машэрава. Не адкрыю нічога новага, падкрэсліўшы яшчэ раз, што на небасхіле зямлі беларускай ярка гарыць яго зорка і сёння. Так, ён быў значным партыйным і дзяржаўным дзеячам, які пры гэтым заставаўся простым, душэўным, адкрытым чалавекам. Яго любіў увесь народ. Гэта падкрэсліваюць эпізоды яго ўдзелу ў піянерскіх святах, шматлікіх камсамольскіх сустрэчах, пленумах і з’ездах, непасрэдных сустрэчах з працоўнымі калектывамі і творчай інтэлігенцыяй, наведванні шпіталя для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і г. д. Я называю Машэрава сваім ідэалам дзяржаўнага чалавека”.

Праз 10 гадоў партыйнай работы ЦК КПБ рэкамендаваў Н.С.Нерад на новую ідэалагічную работу з замежнай грамадскасцю: з 1983 па 1996 гг. (да выхаду на пенсію) яна працавала намеснікам старшыні Прэзідыума Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. У час службовых камандзіровак Ніна Сільвестраўна наведала амаль 30 краін свету, усе кантыненты, акрамя Аўстраліі. Двойчы (у 1970 г. і 1983 г.) у складзе беларускай дэлегацыі прысутнічала і выступала на Асамблеях ААН у Нью-Ёрку. Асабліва памятнымі для яе сталі сустрэчы з сям’ёй Рэрыхаў у Індыі.

Ніна Сільвестраўна Нерад узнагароджана ордэнамі і медалямі савецкай дзяржавы, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, знакам “Выдатнік народнай асветы” і іншымі ўзнагародамі.

Сёння Ніна Сільвестраўна жыве ў Мінску. Аднак яна была частым госцем і ў роднай школе. У краязнаўчым музеі школы створана экспазіцыя “Нашы славутыя землякі”, дзе маюцца звесткі і пра Ніну Сільвестраўну.

Жыхары Свіслачы памятаюць і любяць гэтую цудоўную жанчыну, выдатнага кіраўніка і мудрага чалавека, які любіць людзей, жыве дзеля людзей і шмат робіць для нашай роднай краіны.

Зінаіда ЖУКОЎСКАЯ,
кіраўнік краязнаўчага музея Свіслацкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна;
Наталля КУЛІКОВА,
кіраўнік музея Маці Свіслацкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.