Жыццёвая пазіцыя — станоўчая

- 10:47Выхаванне

Удзельнікі антынаркатычных атрадаў навучальных устаноў Кастрычніцкага раёна Гродна правялі для сваіх равеснікаў антынаркатычны дэсант “Паслухайце! Гэта вельмі важна!”. Гэтае і шмат ішых мерапрыемстваў адбылося падчас правядзення ў раёне вясновай антынаркатычнай акцыі “Місія — жыць”.

Вопыт работы па прафілактыцы шкодных звычак, прапагандзе здаровага ладу жыцця прадставілі на раённым конкурсе плакатаў “Жыццю —так!”, на дні здароўезберагальнага матыватара, на інтэрнэт-уроках “Маю права ве­даць!”, прысвечаных рабоце органаў правапарадку па прадухіленні наркаманіі з выкарыстаннем сайта Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Мерапрыемствы антынаркатычнай акцыі закранулі не толькі навучэнцаў, але і іх бацькоў, настаўнікаў. Так, у кожным класе афармлялі гірлянды добрых спраў, стваралі калектыўную работу “Птушка шчасця класа”. Навучэнцы ўдзельнічалі ў праглядзе і абмеркаванні сацыяльных відэаролікаў па прафілактыцы наркаманіі.

Педагогі-псіхолагі правялі з навучэнцамі псіхалагічныя гутаркі “Дзесяць спосабаў пачаць любіць жыццё”, “Аб жыццёвай пазіцыі”, “Як перамагчы цяжкасці ў жыцці”, трэнінгі “Няма адзіноты!”, “На дарозе ў сябе не стой”, “Усё ў жыцці можна выправіць, пакуль ты жывы!”, “Навучыся кіраваць сабой”. У суботу былі арганізаваны дыялогі педагогаў-псіхолагаў з бацькамі. Для бацькоў і дзяцей былі праведзены сустрэчы з прадстаўнікамі праваахоўных органаў і медыцынскіх устаноў па пытаннях прафілактыкі наркаманіі. Спецыялі­сты Гродзенскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія” правялі практыка-арыентаваныя семінары “Актуальныя напрамкі псіхалагічнай прафілактыкі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. Для маладых педагогаў былі праведзены вучэбныя заняткі па тактыцы выяўлення наркотыкаў.

Камандзіры антынаркатычных атрадаў сабраліся на IV раённай канферэнцыі камандзіраў антынаркатычных атра­даў “Мой уклад у свет без наркотыкаў”, якая прайшла у сярэдняй школе № 35 імя Волкава Гродна. Аб сваёй рабоце расказалі Канстанцін Ганчарук (камандзір атрада “Вартавыя Галактыкі” з сярэдняй школы № 5), Серафіма Ярашэвіч (камандзір атрада “Жыццё” з сярэдняй школы № 6), Цімур Былінскі (намеснік камандзіра атрада “НаркоStop!” з сярэдняй школы № 35).

За актыўную прапагандысцкую работу па прафілактыцы наркаманіі ўсе камандзіры антынаркатычных атрадаў былі адзначаны падзячнымі лістамі аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна і аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна.

Як паведаміла метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Кастрычніцкага раёна Гродна Алена Бандарчук, у кожнай школе і гімназіі раёна дзейнічаюць антынаркатычныя атрады. На працягу года праводзіцца шмат мерапрыемтваў. Так, у найбліжэйшыя дні ў сярэдняй школе № 41 Гродна адкрыецца выстава плакатаў, на красавік у сярэдняй школе № 15 запланаваны брэйн-рынг “Жыццю — так”. Традыцыйна ў канцы года праводзіцца фестываль антынаркатычных атрадаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.