Жыццёвыя навукі

- 11:56Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Паўстагоддзя. Менавіта столькі гадоў плённай працы прысвяціла сферы адукацыі настаўніца хіміі сярэдняй школы № 3 Асіповіч Святлана Зайцава. 

Дзяцінства Святланы Зайцавай прыйшлося на складаныя пасляваенныя гады. Час быў вельмі цяжкі. Але ратавала лю­дзей узаемадапамога і агульная падтрымка адно аднаго.

— Памятаю, што ў вёсцы, дзе мы жылі, было шмат спаленых падчас вайны дамоў. Адра­джалі іх талакой. Па чарзе ўсе ра­зам будавалі новыя хаты і верылі ў мірную светлую будучыню, — дзеліцца ўспамінамі Святлана Уладзіміраўна. 

Па яе словах, у сям’і не было педагогаў. Але з маленства больш за ўсё ёй падабалася гуляць у школу і настаўніцу. 

— Не ведаю чаму. Як зараз памятаю: замест лялек расстаўляла па зямлі невялікія палачкі — яны былі маімі вучнямі, а потым пачынала з імі заняткі. Як падрасла, дапамагала вучыцца старэйшаму брату, які ўжо быў школьнікам. І вельмі чакала, калі сама сяду за парту, — расказвае Святлана Зайцава.  

Свае школьныя гады Святлана Уладзіміраўна і зараз успамінае з цеплынёй. Яны былі неверагодна насычанымі: алімпіяды, даследаванні, праекты, шматлікія цудоўныя настаўнікі, прыклад якіх і натхніў яе на педагагічны шлях.

— Старшакласніцай я ўжо спрабавала выкладаць урокі ў малодшых школьнікаў і нават сваіх аднакласнікаў. І дакладна ведала, што стану настаўніцай. Цікава, што, вызначаючыся з педагагічным профілем, першапачаткова хацела ісці на фізмат. Але дырэктар Ганна Піліпаўна Шапавалава, а яна была ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, угаварыла выбраць хімію і вярнуцца выкладаць гэты прадмет на малую радзіму. Мне падабаліся ўсе дакладныя навукі, таму да парады прыслухалася і пайшла вучыцца на адпаведнае аддзяленне тагачаснага Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. У выніку аб’яднання стала студэнткай хіміка-біялагічнага факультэта. Выкладаю ў асноўным хімію, аднак пытанні экалогіі заўсёды закранаю на ўроках, — паведамляе Святлана Зайцава.

Пасля атрымання запаветнага настаўніцкага дыплома маладым спецыялістам Святлана Уладзіміраўна адправілася ў расійскі горад Улан-Удэ. Там пачынала сваю педагагічную дзейнасць.

— Туды быў накіраваны на ваенную службу муж, а я паехала ўслед за ім. На сваім першым працоўным месцы не толькі адбылася як педагог, а атрымала выдатную прафесійную загартоўку. Школа працавала ў дзве змены. Я ішла на работу зранку, а вярталася дадому познім вечарам. Складанасцей было шмат, але мяне ўсяляк падтрымліваў мой 11 клас, дзе вучыліся 24 хлопцы і толькі 4 дзяўчыны. Заўсёды з любоўю і падзякай згадваю тых сваіх вучняў, — расказвае Святлана Зайцава.

За пяць дзесяцігоддзяў Святлана Уладзіміраўна змяніла не адну навучальную ўстанову. Адпраўляючыся за мужам-ваенным, працавала нават у школах Германіі. Зараз, звыш трыццаці гадоў працуючы ў 3-й асіповіцкай школе, яна не ўяўляе для сябе нічога іншага. Педагогіку лічыць сваім галоўным жыццё­вым прызначэннем. 

 

Чытайце матэрыял Ганны Сінькевіч у нумары ад 23 снежня 2022 года.