Жыццёвыя ўрокі

- 10:20Навіны рэгіёнаў

Настаўніцы працоўнага навучання сярэдняй школы № 1 Кіраўска Алене Уладзіміраўне Пархамовіч педагагічная прафесія дасталася ў некаторым сэнсе ў спадчыну. Схільнасць да настаўніцкай працы ў яе была з дзяцінства, бо выхоўвалася яна ў педагагічнай сям’і.

— Мае бацькі — педагогі. Прычым педагогі цудоўныя, для якіх прафесія заўсёды была не проста работай, а любімай справай. З самага дзяцінства я што­дня слухала размовы аб школе, аб вучнях і ўроках. Можна сказаць, што была дасканала знаёма з усімі асаблівасцямі педагагічнай працы. Магчыма, таму выбар прафесіі перада мной нават не стаяў. Я заўсёды падсвядома ведала, што мой шлях — гэта шлях педагога, — паведаміла А.У.Пархамовіч.

Дзіцячае імкненне Алены Ула­дзіміраўны здзейснілася. У канцы 90-х яна паспяхова скончыла Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут па спецыяльнасці “Фізіка і працоўнае навучанне”.

— Профіль выбрала мэтанакіравана. Паўплывала на гэта мой школьны педагог Жанна Аляксандраўна Завальнікава. Менавіта дзякуючы ёй, мне захацелася ста ць настаўніцай працоўнага навучання. Да таго ж, колькі сябе памятаю, заўсёды захаплялася творчасцю. А такім чынам удалося аб’яднаць прафесію і хобі ў адзі­нае цэлае, — расказала А.У.Пархамовіч.

Маладым спецыялістам Алена Ула­дзіміраўна вярнулася на малую радзіму — у Кіраўск, дзе стала выкладаць у сваёй роднай школе. З таго часу прайшло ўжо больш за дваццаць гадоў, за якія педагог выпрацавала сваю эфектыўную сістэму паспяховага навучання.

— Гэта высокакваліфікаваны, вельмі творчы педагог. Настаўнік, які прафесіянальна валодае разнастайнымі метадамі навучання і выхавання, паспяхова прымяняючы іх на практыцы. Усё гэта станоўча адбіваецца на выніках адукацыйнага працэсу, — гаворыць пра А.У.Пархамовіч дырэктар школы М.Ц.Казлоў.

Пабываўшы на занятках у Алены Ула­дзіміраўны, пераконваешся: у гэтых словах няма перабольшання. Свае ўрокі неардынарная настаўніца сапраўды будуе творча, гарманічна спалучаючы розныя адукацыйныя методыкі і тэхналогіі, раўназначна робячы ўпор як на перадавыя, так і на традыцыйныя падыходы да навучання.

— Імкнуся праводзіць урокі так, каб вучоба была дзецям у радасць. Заўсёды арыентуюся на запыты навучэнцаў, выкарыстоўваю розныя методыкі, каб максімальна захапіць прадметам, — адзначыла А.У.Пархамовіч.

Дарэчы, менавіта прывіццё цікавасці — у ліку ключавых мэт педагога. Бо многія вучні лічаць працоўнае навучанне негалоўным прадметам.

— Я рознымі спосабамі спрабую пераканаць дзяцей у адваротным. Тлумачу, што ўрокі працоўнага навучання — гэта жыццёвыя ўрокі. Менавіта яны даюць дзяўчынкам веды і ўменні, якія будуць неабходны ім кожны дзень у рэальным жыцці, — расказала А.У.Пархамовіч.

На працягу апошніх дзесяці гадоў Алена Уладзіміраўна сур’ёзна займаецца падрыхтоўкай навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядным руху. Выхаванцы Алены Уладзіміраўны паспяхова выступаюць на ўсіх, у тым ліку і заключным, этапах Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.

Сярод прыярытэтных прынцыпаў педагагічнай дзейнасці Алены Ула­дзіміраўны таксама раскрыццё патэн­цыялу кожнага дзіцяці. Для яе ўсе навучэнцы ўнікальныя. Педагог імкнецца знайсці моцныя бакі кожнай вучаніцы, каб пасля развіць гэтыя здольнасці і накіраваць іх у патрэбнае рэчышча.

Асаблівую ўвагу А.У.Пархамовіч удзя­ляе рабоце з адоранымі дзецьмі. На працягу апошніх дзесяці гадоў Алена Уладзіміраўна сур’ёзна займаецца падрыхтоўкай навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядным руху. У гэтым напрамку настаўніца з кожным юным талентам працуе па індывідуальным маршруце. На занятках разам з вучаніцамі разбірае складаны тэарэтычны матэрыял па ўсіх тэмах і раздзелах прадмета, адпрацоўвае практычныя навыкі, стварае творчыя праекты.

— Важную ролю адыгрываюць і рэгулярныя выезды на навучанне ў абласны рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы каманды вобласці да ўдзелу ў алімпіядзе. Я таксама выступаю там выкладчыкам. Абмен вопытам і эфектыўнымі педагагічнымі напрацоўкамі мае вельмі вялікае значэнне, — упэўнена А.У.Пархамовіч.

Старанная падрыхтоўка сапраўды прыносіць адпаведны вынік. Навучэнцы Алены Уладзіміраўны паспяхова выступаюць на ўсіх, у тым ліку і заключным, этапах Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. У мінулым навучальным годзе цяпер ужо вучаніца 11 класа Настасся Бялянава заваявала дыплом І ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды.

Сёння А.У.Пархамовіч — адна з лепшых педагогаў свайго профілю ў раёне. Яе плённая праца не раз была адзначана ганаровымі граматамі. Але, нягледзячы на свой важкі вопыт і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, Алена Уладзіміраўна не спыняецца ў прафесійным развіцці. Педагог увесь час знаходзіцца ў творчым пошуку новых форм і метадаў работы, якія дазволяць вывесці працэс навучання на яшчэ больш якасны ўзровень.

— Для мяне самае вялікае педагагічнае дасягненне — гэта поспехі маіх вучаніц. Менавіта іх перамогі неверагодна натхняюць, матывуюць на ўдасканаленне работы, — падкрэсліла настаўніца. — Планую ісці наперад, прафесійна развівацца, каб працягваць весці сваіх навучэнак да заваявання новых вучэбных вышынь.