IX адкрыты абласны фестываль “Жывая вада дружбы” ў чарговы раз сабраў у горадзе над Сожам моладзь з трох краін-сябровак — Беларусі, Расіі і Украіны.
Арганізатары мерапрыемства — Гомельскі абласны палац творчасці дзяцей і моладзі і Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” — ставяць перад сабой, здавалася б, простую мэту: умацаванне дружбы і супрацоўніцтва дзіцячых міратворчых аб’яднанняў. Але ж на справе рамкі фестывалю значна шырэйшыя. Такія міжнародныя сустрэчы актывізуюць дзейнасць аб’яднанняў вучнёўскай моладзі, уносяць пэўны ўклад у грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, спрыяюць укараненню эфектыўных метадаў, форм, тэхналогій, накіраваных на фарміраванне жыццёвых каштоўнасцей і авалоданне навыкамі здаровага ладу жыцця.
Першыя клубы ЮНЕСКА ў Рэспубліцы Беларусь з’явіліся 25 гадоў назад. На Гомельшчыне першая сустрэча ўдзельнікаў клубаў міжнароднай дружбы адбылася ў 1997 годзе. Тады па ініцыятыве клуба інтэрнацыянальнай дружбы, які працаваў пры абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі, юнакі і дзяўчаты з Гомельскай, Бранскай і Чарнігаўскай абласцей сабраліся на “Зімовы карагод сяброў”, на якім, дарэчы, і было прынята рашэнне праводзіць фестываль “Жывая вада дружбы”. З кожным годам фестываль папаўняўся новымі ідэямі і задумамі. Сёння ў фестывалю ўжо склаліся свае традыцыі: распрацоўка праектаў, вечары сустрэч, азнаямленне са славутасцямі Гомеля, выпуск сумеснай газеты аб фестывалі, майстар-класы для педагогаў. У мінулым годзе ўпершыню ў рамках фестывалю адбыўся Міжнародны конкурс даследчых і праектных работ “ЮНЕСКА: адукацыя, навука, культура”.
У праграме ІХ фестывалю адукацыйныя трэнінгі “Акадэміі свету”, прэзентацыя віртуальнай газеты “ЖВД-online”, выстава метадычных матэрыялаў “Трэнінг як сродак фарміравання здаровага ладу жыцця”, ролевая гульня “Голас моладзі”, гульнядыскатэка. Напярэдадні святкавання 70-годдзя Перамогі кожная дэлегацыя падрыхтавала газету “Памяць пра Вялікую Айчынную ў маёй сям’і”.
У першы дзень госці пазнаёміліся з Гомелем і яго гісторыяй, наведалі музей вайсковай славы. А потым сабраліся на вечары “Мост дружбы”, дзе хлопцы і дзяўчаты знаёміліся, размаўлялі і дэманстравалі свае таленты ў спевах, танцах, тэатральных пастаноўках, гульнях.
У другі дзень фестывалю журы агучыла вынікі конкурсу праектных работ “ЮНЕСКА: адукацыя, навука, культура”. Пасля дзеці былі ўцягнуты ў цікавую ролевую гульню “Голас моладзі”. У пяці розных секцыях неабходна было распрацаваць сцэнарый выратавання планеты Зямля ад самаразбурэння. Традыцыйна ў рамках праграмы фестывалю прайшлі секцыі “Акадэмія ЗЛЖ”. Удзельнікам былі прапанаваны трэнінгавыя заняткі на тэмы: “Рэпрадуктыўнае здароўе жанчыны”, “Наркотыкі: міф ці рэальнасць” і іншыя. А выхаванцы аб’яднання камп’ютарнай тэхнікі і праграмавання на працягу трох дзён праводзілі відэаздымкі і выпускалі віртуальную газету “ЖВД-online”.
За сваю працу і актыўны ўдзел на закрыцці фестывалю юнакі і дзяўчаты атрымалі дыпломы ад Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” і памятныя сувеніры ад Гомельскага абласнога палаца творчасці.
На працягу трох дзён разам з маладёжнымі дэлегацыямі ўдзел у фестывалі прымалі старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” Дзмітрый Субцэльны, спікер Маладзёжнага парламента Урала-Cібірскай федэрацыі асацыяцый, цэнтраў і клубаў ЮНЕСКА Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Васькоў і, канечне, дырэктар Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Святлана Якіменка і калектыў яе таленавітых і крэатыўных педагогаў. Гэта значыць, што вучнёўская моладзь мела магчымасць раіцца са старэйшымі, выказваць свае думкі наконт той ці іншай праблемы і ўносіць свае прапановы ў правядзенне фестывалю.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.




