Жывая душа — няўрымслівая!

- 16:07Людзі адукацыі, Рознае

Вось ужо дваццаць трэці год у мінскай сярэдняй школе № 71 працуе выкладчык па класе фартэпіяна Ларыса Пятроўна Місюк. Такую адданасць роднай установе адукацыі сама Ларыса Пятроўна тлумачыць тым, што “тут проста ўнікальны калектыў педагогаў, незвычайная атмасфера ўзаемападтрымкі і творчага супрацоўніцтва”. Настаўніца з цяплом і любоўю згадвае колішнюю адміністрацыю школы — былых дырэктара Алену Аркадзьеўну Дамброўскую і яе намеснікаў Людмілу Рыгораўну Сажневу і Таццяну Георгіеўну Шчурко, якія стаялі ля вытокаў музычнага кірунку школы. З павагай і ўдзячнасцю гаворыць пра цяперашняга дырэктара Таццяну Фёдараўну Нікалаеву і яе намесніка па вучэбнай рабоце Алену Станіславаўну Ціханаву, якія перанялі лепшыя традыцыі сваіх папярэдніц і сёння падтрымліваюць перспектыўныя ініцыятывы педагогаў, уважліва ставяцца да іх творчых і чыста чалавечых патрэб і жаданняў, робяць усё магчымае, каб школа ў цэлым развівалася і ўдасканальвалася.

Зрэшты, саміх педагогаў тут і не трэба неяк падштурхоўваць, маляваць для іх светлыя перспектывы творчага росту і лішні раз гаварыць пра выгоды актыўнасці педагога. Так ужо склалася за апошнюю чвэрць стагоддзя (а менавіта столькі мінула часу з таго моманту, калі ў школе з’явіўся музычны кірунак), што кожны з педагогаў-музыкантаў тут ведае, што яму рабіць, і мэтанакіравана ідзе сваім шляхам — сам знаходзіць конкурсы, у якіх могуць паўдзельнічаць яго выхаванцы, сам шукае грошы на замежныя паездкі, сам радуецца сваім поспехам ды поспехам сваіх вучняў і гэтай радасцю напаўняе ўсю 71-ю школу. І, мабыць, адзін з самых яркіх прыкладаў такой педагагічнай актыўнасці і творчай няўрымслівасці паказвае тут якраз Ларыса Пятроўна Місюк.

У гэтым сэнсе ўмоўна можна вылучыць два кірункі яе плённай дзейнасці. Першы — гэта сумесныя творчыя праекты з іншымі педагогамі школы: выкладчыкамі па класе фартэпіяна Вольгай Віктараўнай Юховіч, Ганнай Ігараўнай Ганчаровай і асабліва выкладчыцай-акардэаністкай Марынай Яўгенаўнай Клімовіч. Разам з апошняй Ларыса Пятроўна ініцыіравала проста неверагоднае музычнае дзейства — мала хто ў школе нават сярод музычных педагогаў верыў у поспех супольнага выканання нумароў дзвюма дзяўчынкамі-піяністкамі (выхаванкамі Ларысы Пятроўны) і двума хлопчыкамі-акардэаністамі (вучнямі Марыны Яўгенаўны). Але затое верылі ў сваіх таленавітых дзяцей яны — самі выкладчыцы. І ў выніку нарадзіліся шыкоўныя тэматычныя нумары, якія прымусілі загаварыць пра феномен “фартэпіяна + акардэон” не толькі ў самой 71-й школе, але і ў музычна-педагагічным асяроддзі сталіцы ў цэлым.
А другі кірунак, у якім Ларыса Пятроўна дасягнула разам са сваімі вучнямі значных поспехаў, — гэта, канечне ж, конкурсы. Яе “падарожжа па конкурсах”, як кажа яна сама, пачыналася са звычайнага назірання, “падглядвання” за тым, як выступаюць вучні іншых педагогаў, што дазваляла як бы завочна набірацца ёй вопыту і элементарна “чысціць вушы”. А некалькі гадоў назад Ларыса Пятроўна адважылася паслаць на конкурс “Я іграю джаз” ужо і ўласнага таленавітага вучня Жэню Шумеля — і адразу ж 1 месца! Потым Жэня яшчэ не раз станавіўся прызёрам гэтага конкурсу, а летась стаў лаўрэатам І ступені прэстыжнага творчага спаборніцтва “Хваля ідэй”, які праходзіў у балгарскім горадзе Кранева. Цяпер Жэня Шумель, з якім займаецца Ларыса Пятроўна з 3 класа, вучыцца ў 6 класе, і педагог верыць у яго вялікія перспектывы. Яшчэ адна зорачка Ларысы Пятроўны — дзевяцікласніца Дар’я Халіманец, якая ўжо неаднойчы станавілася дыпламантам конкурсу “Новыя гукі свету”. Дзяўчынка будзе паступаць сёлета ў музычнае вучылішча. І гэта, канечне, далёка не ўсе паспяховыя вучні Ларысы Пятроўны Місюк. Сярод яе выпускнікоў — студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, музычных вучылішчаў, Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

За гады “падарожжа па конкурсах” Ларыса Пятроўна зразумела многае з таго, што неабходна для перамогі на іх. У прыватнасці, яна пераканана, што для гэтага мала адных толькі здольнасцей і ўседлівасці. Патрэбна яшчэ харызма, нейкая іскрынка, “нешта сваё канкрэтна ў гэтым дзіцяці”. “Таму што бывае, што дзіця быццам і іграе тэхнічна, і выкладваецца да канца, а вось якраз свайго не хапае”. Навучылі конкурсы Ларысу Пятроўну і быць асцярожнай з перайманнем іншых тэхнік. “У мяне быў такі перыяд, — расказвае Л.П.Місюк, — калі мне вельмі спадабалася манера аднаго выкладчыка, і я неяк міжволі пачала ламаць сваю ранейшую сістэму. Мне здавалася, што так будзе лепш, але нейкая ўнутраная незадаволенасць усё роўна мяне не пакідала. І аднойчы, пасля нейкага выступлення маіх вучняў, адна мая калега падышла да мяне і шчыра сказала: “Ларыса Пятроўна, нешта вашы дзеці сталі пастукваць, вашай адметнай напеўнасці няма…” Для мяне гэта быў момант ісціны. Я проста ўсё ўзважыла, зноў і зноў прааналізавала і вярнулася да сябе ранейшай, да таго, як вучылі мяне ў свой час мае педагогі. А вучылі яны, каб кісць пры ігры была свабоднай, каб рука была гнуткая і жывая, каб яна дыхала, як у балерыны… Як жа магла я забыцца пра гэтыя ісціны? А ўвогуле педагогіка — гэта ж такая рэч, дзе можна да бясконцасці самой вучыцца. Гэта як скарбонка, у якую ты збіраеш і збіраеш усё жыццё і кожны раз, калі нешта каштоўнае і новае бачыш, кажаш здзіўлена сабе самой: “Божа, як жа ты раней гэтага не бачыла і не разумела!” І ты вучышся, вучышся і вучышся сама, перадаючы свой вопыт дзецям. Іншым разам вучышся нават на прыкладзе дзяцей, якія іграюць на іншых інструментах. Скажам, у акардэаністаў можна падгледзець, як рука пастаўлена, у скрыпачоў — як гукавая вібрацыя робіцца… А чаму б і не паспрабаваць зрабіць тое самае на фартэпіяна?.. І так да бясконцасці”.

Выпрацаваліся за гады педагагічнай работы ў Ларысы Пятроўны і пэўныя базавыя непарушныя перакананні адносна выхавання і навучання дзяцей. Напрыклад, яна ўпэўнена, што музычная адукацыя проста неабходна ўсім дзецям без выключэння. “Такія дзеці абсалютна адрозніваюцца ад тых, хто музыкай не займаўся — і па выхаванні, і па адчуванні прыгажосці, і па кругаглядзе”. Або, напрыклад, Ларыса Пятроўна не разумее і не прызнае паняцця загружанасці дзяцей у тым сэнсе, у якім разумее яго большасць бацькоў. “Што значыць загружанасць? — рытарычна ўсклікае Ларыса Пятроўна. — Заняткі музыкай — гэта загружанасць? А ляжаць на канапе ці гуляць у камп’ютары — гэта адпачынак? Я лічу, што ўсё тут залежыць ад бацькоў, ад таго, як мы патлумачым гэтыя рэчы нашым дзецям. Часам трэба даражыць з самага малога ўзросту. Бо чым больш будзе сталець дзіця, тым больш яму будзе гэтага часу не хапаць. Мы ж, дарослыя, самі па сабе ведаем: калі спраў многа, дык і жыць весялей. А калі са справамі можна, што называецца, пачакаць, мы пачынаем разумець, што наогул нічога не робім. Проста марнатравім жыццё, і ўсё…”
А самае галоўнае і для педагога, і ўвогуле для чалавека, лічыць Ларыса Пятроўна Місюк, — гэта ўвесь час удасканальвацца, імкнуцца да ўдасканалення, быць у вечным руху, што вымагае, безумоўна, штодзённай працы як у духоўным, так і ў фізічным і ўсіх астатніх сэнсах. “Мы ж прыйшлі ў гэты свет менавіта для гэтага”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.