Жывая лабараторыя

- 12:22Адукацыйная прастора

Адкрыццё аб’екта “Жывая лабараторыя” адбылося ў Семукацкім вучэбна-­педагагічным комплексе Магілёўскага раёна.

— Унікальная лабараторыя была створана на базе школы ў рамках выканання даручэння Прэзідэнта. Гэта пакуль адзіны падобны аб’ект ва ўстановах адукацыі вобласці. Ён быў узведзены ў дастаткова кароткія тэрміны. Дапамогу з жывёламі для лабараторыі аказала кіраўніцтва Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага. Неабходныя для абсталявання фінансавыя сродкі ў якасці спонсарскай дапамогі выдзелілі мясцовыя арганізацыі і прадпрыемствы. Афармленнем займаўся непасрэдна педагагічны калектыў навучальнай установы, — расказала начальнік аддзела па адукацыі Магілёўскага райвыканкама Н.У.Колас.

Паводле яе слоў, аб’ект “Жывая лабараторыя” ўключае ў сябе чатыры памяшканні. Там навучэнцы змогуць развіваць навыкі вырошчвання сельскагаспадарчых і дэкаратыўных культур, догляду розных парод жывёл, а таксама выкон­ваць даследчыя работы, на практыцы вывучаючы раслінны і жывёльны свет.

Для вучняў Семукацкай сярэдняй школы лабараторыя стала сапраўдным падарункам. Сёння тут навучаецца больш за 60 хлопчыкаў і дзяўчынак. Некаторыя ўжо захоплены сельскагаспадарчай працай. У рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” сямёра вучняў 11 класа зараз асвойваюць прафесію трактарыста.

— Новы вучэбны аб’ект істотна пасадзейнічае развіццю ў вучняў навыкаў работы ў сельскагаспадарчай вытворчасці, больш якаснаму правя­дзенню прафарыентацыі. Наша “Жывая лабараторыя” — гэта некалькі аб’яднаных паміж сабой памяшканняў. У лабараторыі “Жывёлагадоўля” ў спецыяльных вальерах і хатках размесцяцца марская свінка і трусы. У лабараторыі “Птушкагадоўля” будуць пражы­ваць фазаны, тры пароды курэй, цацаркі, качкі. У зімовым са­дзе мы размясцілі дэкаратыўныя расліны. А вось у фіталабараторыі стварылі ўсе ўмовы для таго, каб навучэнцы маглі самастойна вырошчваць розныя расліны, працаваць з са­джанцамі і насеннем. На новым аб’екце плануем праводзіць лабараторныя работы па біялогіі ў рамках вучэбнай праграмы 6—9 класаў, заняткі даследчай дзейнасцю. Таксама тут будуць праходзіць заняткі гуртка “Юны натураліст”, розныя выхаваўчыя мерапрыемствы для вучняў, — адзначыла дырэктар вучэбна-педагагічнага комплексу В.А.Шараева.

Адкрыццё “Жывой лабараторыі” прайшло ва ўрачыстай абстаноўцы. Са значнай па­дзеяй навучэнцаў і педагогаў павіншавалі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Алег Дзячэнка і іншыя ганаровыя госці. У ходзе ўрачыстасці неаднаразова адзна­чалася важнасць стварэння такіх аб’ектаў, бо яны садзейніча­юць выхаванню ў маладога пакалення любові да працы на роднай зямлі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.