Жыве дзіцячымі лёсамі

- 13:29Людзі адукацыі

Якія якасці найбольш важныя ў прафесіі педагога? Адказ у кожнага педагога свой. На думку настаўніцы геаграфіі Магілёўскага дзяржаўнага ліцэя № 1 Марыны Віктараўны Собаль, цяпер (ды і раней) аднаго прафесіяналізму, ведання адукацыйных методык для эфектыўнай працы недастаткова. Неабходна яшчэ любоў, шчырасць да дзяцей.

Настаўнічаць Марыне Віктараўне хацелася з дзяцінства. Іншага прафесійнага шляху яна для сябе не ўяўляла, бо вырасла ў сям’і педагогаў.

— Калі мае аднагодкі бавілі час у двары, я гуляла дома ў школу! Рассаджвала за сталом лялек і тлумачыла ім урок. Я ўжо тады дакладна ведала, што абавязкова буду настаўнікам, — усміхаючыся, кажа М.В.Собаль.

Атрымаўшы школьны атэстат з адзнакай, рашэння стаць педагогам Марына Віктараўна не памяняла і рушыла ўслед за дзіцячай марай. Захапленне геаграфіяй дапамагло вызначыцца з профілем.

Студэнцкія гады праляцелі непрыкметна, і маладая настаўніца М.В.Собаль накіравалася на першае працоўнае месца. Ім стала невялікая школа ў Чэрыкаўскім раёне, якая істотна пацярпела ад аварыі на ЧАЭС.

— Працу ў той школе, нягледзячы на шэраг цяжкасцей, успамінаю з цеплынёй. Менавіта там прайшло маё педагагічнае станаўленне. Але праз два гады прыйшлося шукаць іншую працу. І нават больш — іншае месца жыхарства. Усю вёску пахавалі, бо знаходзіцца там па адпаведных прычынах было небяспечна, — расказвае М.В.Собаль.

Марына Віктараўна адправілася ў абласны цэнтр. Некаторы час працавала ў школах Магілёўскага раёна, а пасля, прайшоўшы конкурсны адбор, стала часткай педагагічнага калектыву Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя №1. Тут яна выкладае геаграфію на працягу ўжо 23-х гадоў. За гэты час М.В.Собаль неаднойчы змяняла і ўдасканальвала свае адукацыйныя методыкі. Але яе галоўны педагагічны прынцып застаецца нязменным. Да ўсіх навучэнцаў Марына Віктараўна стараецца адносіцца як да родных дзяцей. Акрамя ведаў, яна штодня дорыць дзецям любоў, дабрыню і шчырасць, а яшчэ фарміруе ў іх упэўненасць ва ўласных сілах і магчымасцях. На яе думку, менавіта цёплыя, шчырыя адносіны, стварэнне ў навучанні сітуацыі поспеху забяспечваюць максімальнае развіццё дзіцячай асобы.

— Калі настаўнік шчыры, то дзеці хо­чуць яго пачуць і зразумець. Яны добра адчуваюць, з чым прыйшоў да іх чалавек: проста даць урок і пайсці, ці ён жыве іх лёсамі. Таму да ўсіх сваіх вучняў я стаўлюся з бязмежнай любоўю. Да кожнага з іх імкнуся знайсці свой падыход, — гаворыць М.В.Собаль.

Урокі настаўніцы — сукупнасць індывідуальнага падыходу, сучасных адукацыйных методык і пошукавай актыўнасці. На сваіх занятках Марына Віктараўна не толькі дае навучэнцам пэўны набор ведаў, але і фарміруе ў іх жаданне і ўменне вучыцца самастойна. Каб дасягнуць гэтай мэты, на занятках яна выкарыстоўвае сучасныя адукацыйныя методыкі, часцей за ўсё праблемнае навучанне.

Значнае месца ў педагагічнай дзейнасці М.В.Собаль займае работа з адоранымі дзецьмі. Выяўляючы такіх навучэнцаў, Марына Віктараўна ўсімі сіламі імкнецца развіваць іх таленты.

— Мая галоўная задача як педагога — разгледзець у вучню асобу, а ўжо зыходзячы з гэтага арганізоўваць працу па развіцці яго здольнасцей. У асноўным праца скіравана на ўдзел у алімпіядным руху. Да алімпіяд мы рыхтуемся дбайна, але гэта цалкам самастойная работа навучэнцаў. Я стараюся выступаць толькі карэктарам і дарадчыкам. Вельмі важным у падрыхтоўцы з’яўляецца таксама псіхалагічны аспект. Імкнуся падтрымліваць дзяцей ва ўсіх пачынаннях. Пахвала, матывацыя шмат у чым могуць паспрыяць поспеху, — расказвае пра сістэму работы з таленавітымі дзецьмі настаўніца.

Такі падыход дае адпаведны вынік. Штогод навучэнцы Марыны Віктараўны становяцца пераможцамі тряцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Апошнія тры гады яны заваёўваюць прызавая дыпломы на заключным туры гэтай алімпіяды. ­Усведамленне таго, што ў поспехах сённяшніх і былых навучэнцаў ёсць і яе маленькая заслуга, прыносіць настаўніцы галоўнае задавальненне ад педагагічнай працы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.