Жыве гісторыя — жыве і народ!

- 11:41Навіны рэгіёнаў

Вусная народная творчасць — найважнейшая частка духоўнай культуры народа — надзвычай добра захавалася не толькі ў памяці беларусаў, але і ў актыўным бытаванні, адыграла вялікую ролю ў нацыянальнай самасвядомасці. Яна плённа ўплывае і сёння на працэсы нацыянальнага адраджэння.

Менавіта паказ нацыянальнага каларыту беларускага фальклору, адраджэнне нацыянальных традыцый і сталі мэтай пры стварэнні ў Полацкім раённым аддзеле адукацыі, спорту і турызму праекта “Ад вытокаў — у будучыню”. На працягу рэалізацыі праекта вучні ўстаноў адукацыі Полаччыны разам з педагогамі будуць старанна вывучаць асаблівасці народных свят і абрадаў беларусаў. Вынікам плённай працы стане паказ перад аднакласнікамі, бацькамі і педагогамі абрадавых дзеянняў.
21 студзеня гэты праект стартаваў у сярэдняй школе № 14 Полацка самым паэтычным са старажытных славянскіх свят, якія захаваліся да нашага часу і адзначаюцца на Беларусі, — святам Калядкі. Уся дзея адбывалася ў школьным этнаграфічным музеі “Спадчына”, які існуе ўжо 25 гадоў. Удзельнікі мерапрыемства творча і разам з тым не адыходзячы ад нацыянальных традыцый прадэманстравалі прысутным, што такое “калядаванне па-беларуску”. На свяце былі і калядоўшчыкі, і традыцыйнае “паміранне” казы, і цыган з цыганкаю і мядзведзем. Так прыгожа вучні і настаўнікі спявалі беларускія калядныя песні, дэкламавалі калядныя вершы! Выступоўцы актыўна ўключалі ў гульні, песні, карагоды і гасцей свята. Хтосьці з прысутных пад гукі скрыпкі ўспамінаў мінулыя гады, дзяцінства, калі так цікава праходзілі Калядкі, а хтосьці ўпершыню ўбачыў такое свята.
А як прыветна сустракаў калядоўшчыкаў гаспадар Цярэшка са сваёй гаспадыняй Шчодрай! Якіх толькі пачастункаў на стале ў іх не было: і куцця, і бліны, і сала з каўбасой!.. А хатка як хораша была прыбрана! Гарэлі свечкі, якія надавалі таямнічасці. Падчас мерапрыемства адбылася дэгустацыя куцці і іншых беларускіх страў. Апошні карагод — і ўсе з усмешкамі на тварах і словамі падзякі разышліся па хатах.
Галоўны спецыяліст раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму І.М.Страленка выказала ўдзячнасць арганізатарам і ўдзельнікам мерапрыемства за іх дзейнасць, накіраваную на захаванне беларускіх традыцый.
Ці багатая гісторыя нашай краіны? Так, вельмі багатая. Цудоўную культуру і традыцыі зберагло старэйшае пакаленне для нас. Дык давайце ж не забываць спадчыну нашага народа, а і надалей перадаваць яе нашым дзецям і ўнукам!

Ганна АЛЕКСІНА,
настаўніца беларускай мовы сярэдняй школы № 14 Полацка.