Жыве памяць аб героях

- 11:27Навіны рэгіёнаў

У фармаце тэлемоста прайшла сустрэча навучэнцаў і педагогаў дзвюх школ: cярэдняй школы № 35 імя М.А.Волкава Гродна і сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 2 Ядрына, што ў Чувашыі (Расійская Федэрацыя). Дамова аб супрацоўніцтве паміж навучальнымі ўстановами была заключана 22 верасня 2017 года.

Тэма тэлемоста — “Няхай пакаленні ведаюць і памятаюць”. Сімвалічна, што на мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі розных пакаленняў: навучэнцы, педагогі, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

Дагавор паміж школамі стаў вынікам шматгадовага супрацоўніцтва, гісторыя якога пачыналася ў 2008 годзе са знаёмства з кіраўніком Гродзенскага грамадскага аб’яднання чувашоў “Атал” Міхаілам Якаўлевічам Андрэевым. Дзякуючы яму адбылося знаёмства педкалектыву сярэдняй школы № 35 Гродна з дзецьмі кіраўніка першай падпольнай групы, якая дзейнічала ў Гродне ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі 1941—1944 гадоў, Мікалая Аляксеевіча Волкава — Рыгорам Мікалаевічам і Нінай Мікалаеўнай. Сабраны матэрыял даў магчымасць адкрыць у 2008 годзе школьны музей “Памяць захоўвае”, на адкрыцці якога прысутнічаў Рыгор Мікалаевіч з жонкай Наталляй Лявонцьеўнай.

За гэтыя гады праходзілі частыя сустрэчы з зямлякамі кіраўніка першай падпольнай групы ў рамках фестывалю нацыянальных культур, які праводзіцца ў Гродне кожныя два гады. Дэлегаты з Чувашыі былі жаданымі гасцямі гродзенскай школы.

З 2010 года, дзякуючы намаганням педагогаў і навучэнцаў сярэдняй школы № 35, адна з вуліц Гродна носіць імя Мікалая Аляксеевіча Волкава. У 2011 годзе на адным з будынкаў вуліцы імя М.Волкава ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў яго гонар. У 2016 годзе сярэдняй школе № 35 за шматгадовую работу па ўшанаванні памяці падпольшчыка прысвоена імя Мікалая Аляксеевіча Волкава. Матэрыялы школьнага музея былі выкарыстаны пры стварэнні дакументальных фільмаў “Гродзенскае падполле” і “Дзённікі беларускага падполля. Гродна”, знятых беларускім тэлебачаннем.

Плённая работа музея адзначана Ганаровай граматай Міністэрства культуры, па справах нацыянальнасцей і архіўнай справы Чувашскай Рэспублікі ў 2014 годзе за ўклад у захаванне і развіццё чувашскай нацыянальнай культуры і ўмацаванне міждзяржаўнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Чувашскай Рэспублікай.

Летам 2017 года навучэнцы школы сустракалі праўнука Мікалая Волкава — Аляксандра Сяргеевіча — з сям’ёй. Шматгадовая дружба звязвае калектыў школы з прафесарам Чувашскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І.М.Ульянава Уладзімірам Аляксандравічам Васільевым, у супрацоўніцтве з якім быў створаны фільм “Шагнувшие в бессмертие” пра лёс кіраўніка першай падпольнай групы Мікалая Волкава. Прэзентацыя гэтага фільма адбылася ў школе 22 верасня 2017 года.

Ужо стала традыцыяй у лютым, аддаючы даніну памяці загінуўшым у гады нямецка-фашысцкай акупацыі падпольшчыкам, праводзіць дзень памяці. Гэты месяц выбраны невыпадкова. У лютым 1942 года пасля жорсткіх допытаў былі расстраляны шэсць членаў падпольнай групы, у тым ліку Мікалай Аляксеевіч Волкаў і яго жонка Варвара Васільеўна Шапашнікава.

Штогод дзень памяці пачынаецца з наведвання месца расстрэлу герояў — форта № 2 у вёсцы Навумавічы Гродзенскага раёна. Пасля навучэнцы накіроўваюцца на вуліцу, якая носіць імя Мікалая Аляксеевіча Волкава, і кладуць кветкі ля мемарыяльнай дошкі.

У гэтым годзе дзень памяці завяршыўся правядзеннем тэлемоста. Да гродзенскіх школьнікаў са словамі падзякі за захаванне памяці пра іх земляка звярнуліся старшыня Ядрынскай гарадской адміністрацыі Павел Мікалаевіч Бажайкін, дачка падпольшчыка Мікалая Волкава Ніна Мікалаеўна Караганава і кадэты ядрынскай школы.

Для гродзенскіх і чувашскіх навучэнцаў тэлемост стане пачаткам дарогі памяці, бо, як сцвярджае народная мудрасць, чалавек столькі жыве на свеце, колькі жыве памяць пра яго. Мы спадзяёмся, што ў нашых школах ніколі не згасне свяшчэнны Вечны агонь Перамогі як светлая памяць пра тых, хто адстаяў нам сённяшні мірны дзень.

Анжаліка КАЗЛОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 35 імя М.А.Волкава Гродна.