Жыве ўсюды дабрыня

Штогод напярэдадні Міжнароднага дня інвалідаў у сярэдняй школе № 91 Мінска імя Хасэ Марці праходзіць традыцыйная акцыя “Жыве ўсюды дабрыня”, у якой у поўнай меры ўвасабляецца дэвіз школы “Мы — разам, мы — адна сям’я!”. У школе разам са звычайнымі дзецьмі займаюцца навучэнцы з парушэннем слыху (122 навучэнцы з 412). Мэта акцыі — паказаць, што ўсе вучні, незалежна ад сваіх асаблівасцей, могуць жыць побач, развівацца, ствараць, вучыцца, праяўляць свае таленты ў творчасці, спорце.

На працягу тыдня ў рамках акцыі адбылося адкрыццё выставы дэкаратыўна-пракладной творчасці навучэнцаў “Навагодняя казка”. Чацвёртакласнікі ва ўрачыстай атмасферы ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны былі прыняты ў рады піянерскай арганізацыі. Незабыўныя ўражанні ў юнакоў і дзяўчат засталіся ад сустрэчы з кіраўніком кінастудыі “Юмарынка” заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Яўгенам Крыжаноўскім. Конкурс па робататэхніцы сярод вучняў пачатковай школы, якія займаюцца ў школьных гуртках, вызначыў пераможцаў — вучняў 2 класа Сцяпана Шпакава і Вераніку Пісарык. Навучэнцы школы, у тым ліку і дзеці з парушэннем слыху, традыцыйна становяцца пераможцамі гарадскога і абласнога конкурсаў па робататэхніцы.

У спартыўным свяце “Волатаўская сіла” прынялі ўдзел вядомыя беларускія спартсмены — намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола, які ўзнагароджаны спецыяльным прызам МАК “Спорт за сацыяльную адказнасць” Іван Георгіевіч Семяненя, кіраўнік міні-футбольнага клуба “Штурм” выпускнік школы Кірыл Шэйпак і шматразовы чэмпіён свету па ММА ў версіі EaglesFC у лёгкай вазе Іван Жвірбля. Спартсмены падзяліліся са школьнікамі сакрэтамі свайго поспеху, а дзеці праявілі спрыт і сілу падчас спаборніцтваў у народных спартыўных гульнях. Сваё майстэрства гасцям прадэманстравалі юныя карацісты, якія вучацца ў школе, пераможцы гарадскіх і міжнародных спаборніцтваў, сярод іх ёсць і дзеці з парушэннем слыху. Ад гасцей свята школьнікі атрымалі памятныя кубкі і прызы.

Чэмпіён свету па ММА Іван Жвірбля на сустрэчу са школьнікамі ўзяў свой даволі важкі чэмпіёнскі пояс, дзеці прымяралі яго і фатаграфаваліся. З захапленнем вучні назіралі за паказальнымі выступленнямі Івана, разам са сваім трэнерам, Стасам Закрэўскім, ён паказаў сапраўдны бой. Іван — унікальны спартсмен, які прыйшоў у спорт у 24 гады, 5 гадоў займаецца адзінаборствамі, а мэту выйграць чэмпіянат свету па ММА паставіў усяго за год да тытульнага бою. І гэта прамы доказ таго, што мэтанакіраваная праца над сабой дае дзівосныя вынікі. ММА называюць спортам XXI стагоддзя — гэта змешаныя баявыя мастацтвы, якія спалучаюць у сабе мноства тэхнік, школ і кірункаў адзінаборстваў. ММА з’яўляецца поўнакантактным боем з прымяненнем ударнай тэхнікі і барацьбы ў стойцы і на падлозе.

“Было вельмі адказна выступаць перад дзецьмі, адчуванне зараз такое, што правёў два баі на рынгу, для мяне гэта неверагодны вопыт, — прызнаўся Іван Жвірбля. — У гэтай школе вучацца дзеці з парушэннямі слыху. Іх імкненне — развіваць сябе і ў вучобе, і ў спорце. А гэта і ёсць сапраўдная чалавечая сіла. Падчас спаборніцтваў хваляваўся за кожнага ўдзельніка. Хочацца пажадаць ім поспеху. І выказаць падзяку дырэктару школы Таццяне Іванаўне Мадудзінай за запрашэнне паўдзельнічаць у акцыі”. Наперадзе ў Івана Жвірблі бой з адным з наймацнейшых байцоў, чалавекам, які ўваходзіць у сотню лепшых байцоў планеты, спартсменам з Малдовы Валерыу Мірчэ. Вучні пажадалі Івану ўдачы!

Акцыя “Жыве ўсюды дабрыня” завяршылася канцэртнай праграмай, падрыхтаванай навучэнцамі гімназіі № 15 Мінска і студэнтамі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Марыі КАЖДАН.