Жыві з усмешкай

Усмешка і радасць — паказчыкі добрага эмацыянальнага стану. Калі вы адчуваеце, што вам у жыцці не хапае радасці, паспрабуйце ўсміхацца часцей. І свет стане ярчэйшым, і жыццё весялейшым! На пазітыўнае ўспрыманне жыцця і быў накіраваны дзень аранжавага настрою, які мы правялі ў рамках абласной акцыі па прафілактыцы суіцыдальных паводзін “Падары ўсмешку”.

У гэты дзень усе мерапрыемствы былі накіраваны на развіццё ў дзяцей і падлеткаў навыкаў сацыяльнай актыўнасці, больш уважлівага стаўлення адно да аднаго, на паляпшэнне эмацыянальнага стану ўсіх удзельнікаў праз унясенне ў іх жыццё новых дадатковых сэнсаў, пачуццёвых фарбаў, культурных значэнняў. У акцыі ўдзельнічалі настаўнікі, навучэнцы і іх бацькі.

Дзень аранжавага настрою ўжо стаў традыцыйным у нашай гімназіі. Ён выбудоўваецца па наступнай форме: фігура ↔ фон (двухслаёвая структура). Фігурамі з’яўляюцца цэнтральныя мерапрыемствы дня, фонам — скразныя формы работы (цытаты, якія развешваюцца па гімназіі, музычнае суправаджэнне, аксесуары, флаеры, інтэрактыўныя стэнды). Так, у гэты дзень рэкамендавалася апранаць адзенне з элементамі аранжавага колеру. Гэты колер сімвалізуе энергію, радасць, цеплыню, смеласць, дапамагае справіцца з праблемнай сітуацыяй, імкнуцца да новага і дасягаць мэты.

Акцыя пачалася з музычнага прывітання і распаўсюджвання флаераў “Запаведзі добрага настрою”, “Падары ўсмешку”, “Думаць пазітыўна” і інш. У знак дружбы і міру дзеці, педагогі і бацькі праз сацыяльныя сеткі (“УКантакце”, Facebook, Instagram, Viber) рассылалі ўсмешлівы смайлік. У фае гімназіі былі арганізаваны танцавальныя пляцоўкі, на якіх падчас перапынкаў праходзілі флэшмобы “Марыць”. На інтэрактыўных пляцоўках “Далонька дружбы” вучні стваралі плакаты са сваіх далонек з пажаданнямі.

У класных калектывах праводзіліся мерапрыемствы “Яркае сузор’е” па стварэнні пазітыўнага настрою і фарміраванні пачуцця калектывізму. На працягу дня актыўна працавала каманда навучэнцаў-фотарэпарцёраў. А падрыхтаваныя навучэнцы — памочнікі псіхолага праводзілі міні-трэнінгі для навучэнцаў і педагогаў “Сакрэт усмешкі”, “Калі будзеш усміхацца, то мары пачнуць спраўджвацца”, “Я — малайчына: практыкаванні для самападтрымкі”. Вынікам дня стаў конкурс “Самы аранжавы клас” з размя-шчэннем фатаграфій у групе “Гімназія № 5” у сетцы “УКантакце”, на сайце гімназіі. Актыўных удзельнікаў узнагародзілі памятнымі падарункамі.

Анжэла КРЫВАНОС,
педагог-псіхолаг гімназіі № 5 Гродна.