Жывіце напоўніцу!

Гэты тыдзень для Алены Іосіфаўны Скорб са Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці прынёс аж дзве нагоды для выдатнага настрою. Акрамя прафесійнага свята, настаўніца малодшых класаў Дзембраўскай сярэдняй школы Шчучынскага раёна святкуе яшчэ адно: яе сям’я стала пераможцай у Рэспубліканскім конкурсе “Уладар сяла-2014”. Прычым на гэты алімп сям’я Скорб узнялася ўжо другі раз. Што ж хаваецца за гэтым званнем? Якімі якасцямі трэба быць надзеленым, каб двойчы атрымаць такую перамогу?

З вучаніц — у калегі

Сядзіба сям’і Скорб ужо даўно стала славутасцю Дзембрава. Хоць у аграгарадку дрэнных гаспадароў знайсці складана, Скорбы тут на асаблівым уліку. Нават на вуліцы з дамоў, пабудаваных па адным праекце, людзі даўжэй прыпыняюцца менавіта каля іх каліткі: ужо адсюль відаць спалучэнне рук гаспадароў. Драўляная пергола, якую выразаў гаспадар Дзмітрый Станіслававіч, аплеценая любімымі ружамі гаспадыні Алены Іосіфаўны, быццам запрашае прайсці пад ёй у двор.
З любоўю жыць, з любоўю працаваць — такім стаў дэвіз сям’і Скорб. І пачынаецца ўсё з любові да сваёй радзімы. Алена Іосіфаўна вучылася ў Дзембраўскай школе. Менавіта за партай яна вырашыла, што абавязкова стане настаўніцай. Чуючы апошні званок, ведала, што абавязкова яго зноў пачуе.
І пачула. Пасля Лідскага педагагічнага каледжа размеркаванне атрымала ў родную школу і пад знаёмыя з дзіцянства трэлі вяла сваіх вучняў у першы клас.
— Вельмі цяжка напачатку было прывыкнуць, што былыя настаўнікі сталі маімі калегамі. Але доўга адчуваць сябе іх вучаніцай мне не давялося. У нас цудоўны калектыў, і працаваць тут — адно задавальненне. Дзесяць гадоў праляцелі як адзін, — усміхаецца жанчына.
Пра яе прафесійныя якасці гаворыць хаця б тое, што ёй амаль адразу прапанавалі стаць старшынёй прафсаюзнага камітэта. Дырэктар школы Міхаіл Міхайлавіч Маручок захапляецца яе запалам, неверагоднай энергіяй.
— Такія людзі, як Алена Іосіфаўна, вельмі рэдка сустракаюцца, але нам пашчасціла, — загараюцца вочы Міхаіла Міхайлавіча. — І проста пералічыць яе лепшыя рысы не хопіць і гадзіны. А самае галоўнае, што ў Алены Іосіфаўны ёсць талент сыходзіцца з людзьмі. Гэта адчуваюць не толькі калегі, але і дзеці. Яны ўжо зранку яе чакаюць, выглядваюць праз вокны, бягуць сустракаць. Мабыць, у гэтай узаемнай любові і хаваецца сакрэт: дзеці з усіх сіл стараюцца ні ў чым не падвесці настаўніцу.
Яе прыцягальнасць і абаяльнасць адразу падкупілі і яе мужа. Дзмітрый, атрымаўшы адукацыю агранома-аграхіміка, прыехаў у Дзембрава з суседняй вёскі. З навічком маладая настаўніца знаёмства пачала сама, і з таго дня яны не пражылі ні дня адно без аднаго. Ужо праз год згулялі вяселле, а яшчэ праз год нарадзілася іх Дзіянка. Паўнату шчасцю дадаў дом, ключы ад якога ўручыў Дзмітрыю як маладому спецыялісту Дзембраўскі СПК.
Сёння дачка ходзіць у 4 клас, і так атрымалася, што мама стала яе класным кіраўніком.
— Для мяне гэта стала самым складаным, — гаворыць настаўніца. — У маім класе ўсяго 8 вучняў, і яны ў роўных умовах, але я не ведала, як ацэньваць Дзіяну. Калі стаўлю высокую адзнаку, прыходзіцца яе поўнасцю каменціраваць, каб у іншых не складвалася ўражанне, што я завышаю адзнакі дачцэ. І ў той жа час я хачу, каб для маіх вучняў адзнака не была галоўным. Я вучу іх быць людзьмі ва ўсіх адносінах: разумець адно аднаго, падтрымліваць, не зайздросціць і ніколі не стаяць на месцы, імкнуцца жыць напоўніцу.

Мой дзень пачынаецца і заканчваецца ў ружарыі

Жыве напоўніцу і сама Алена Іосіфаўна. Прафесія настаўніка аднімае шмат часу і сіл. Але гэта не пра маю гераіню, тым больш што ў сям’і папаўненне: любую стому як рукой знімае і ўзнімае настрой і бацькам, і старэйшай сястрычцы трохгадовы гарэза Санька. І калі ў хлопчыка спадчынная няўрымслівасць выражаецца ў неймавернай энергіі падчас гульняў, то ў бацькоў яна набывае іншае ўвасабленне. Каб дэкрэтны водпуск прайшоў з большай карысцю, Алена Іосіфаўна, пакуль гадавала маленькую дачку, скончыла педагагічны ўніверсітэт, а з маленькім сынам атрымала яшчэ адну вышэйшую адукацыю — юрыдычную.
— Яшчэ нікому не пашкодзіла адукацыя, тым больш юрыдычная, — гаворыць мая гераіня. — Ніхто не ведае, што для нас рыхтуе заўтрашні дзень. Можа, калі і спатрэбіцца. Ды і ў звычайным жыцці юрыдычная падкаванасць дапамагае адчуваць сябе ўпэўнена.
Упэўнена адчуць дапамагае і цырульніцкае майстэрства, якое жанчына асвоіла самастойна. Цяпер выглядаць яшчэ лепш, прычым эканоміць на цырульнях, можна ўсёй сям’ёй. Не абыходзяцца без Алены Іосіфаўны і сяброўкі, калі збіраюцца, скажам, на вяселле.
Сказаць, што жанчына не стамляецца, будзе няпраўдай. Яна проста ўмее адпачываць. Толькі робіць гэта па-свойму — аддаючыся любімым справам.
— Калі ты кахаеш і цябе кахаюць, інакш быць не можа, — гаворыць мая суразмоўніца. — Тут так важна знайсці чалавека, які б падзяляў твае інтарэсы. Мне пашчасціла з мужам. У нас агульныя мары, агульныя клопаты, адно на дваіх жаданне зрабіць свой дом такім, каб у ім было прыемна жыць. А цяпер ужо нават не на дваіх — на чацвярых адно жаданне.
Як толькі сыходзіць снег, на ўчастку ў гаспадароў Скорб пачынае кіпець жыццё. Суседзі перасталі ўжо здзіўляцца, а вось выпадковыя прахожыя не разумеюць: што можна рабіць у агародзе, калі людзі яшчэ і рукавіц не знімалі.
Пачынаецца сезон у садзе. Каб адны яблыні перагледзець і, калі трэба, падрэзаць, часу трэба шмат: іх тут ажно шэсцьдзясят чатыры! На маё здзіўленне, навошта такі вялікі сад, гаспадыня зазначае: “Хіба гэта вялікі сад? Быў бы ён гектары два ці тры, а яшчэ лепш дзесяць — гэта разумею. А так невялікі садок, тым больш што яблыні — паўкарлікі. Сёлета нас вельмі падвялі познія маразы — якраз сад цвіў, таму ў нас упершыню ўраджай — некалькі яблыкаў, а мінулыя гады ўраджай радаваў. У мужа ёсць сястра з сям’ёй, у мяне — брат, у нас ёсць бацькі, шмат сяброў — усім хапае яблыкаў. Усе яблыні прышчэпліваў муж, ёсць і выпрабавальная яблыня, на якую мы хочам прышчапіць мноства гатункаў. Пакуль тут толькі дзве прышчэпкі, але эксперыменты толькі пачынаюцца.
Але ў сям’і нават не сад галоўнае захапленне. Ружарый — вось дзе муж і жонка праводзяць найбольш часу разам. У разнастайнасці гатункаў спаборнічаць з ружарыем сям’і Скорб можа хіба толькі батанічны сад. Глорыя, Гейша, Блакітны Ніл, Айсберг, Сіняя расподыя — іх тут больш за шэсцьдзясят, прычым кожны існуе толькі ў адзіным экзэмпляры.
— З вясны і да маразоў кожная мая раніца пачынаецца з абходу ружарыя, — гаворыць Алена Іосіфаўна. — І вечарам, ідучы са школы, не магу прамінуць кветкі і адразу пайсці ў хату. І ўжо вечарам, калі прыходзіць муж з работы, мы яшчэ і разам пройдземся тут сцежкамі, паглядзім, ці прыжыліся маладыя саджанцы, ці распусціліся навічкі. Не было ніводнага года, каб мы не купілі некалькі новых кустоў руж. Аднолькава часта значную частку заработнай платы пакідаем у кветкавых магазінах і я, і Дзмітрый. Некаторыя кусты вельмі хутка разрастаюцца, шчодра цвітуць, а некаторыя гады два хварэюць, перш чым прыжыцца. Калі не хапае маіх ведаў, на дапамогу прыходзіць прафесіяналізм мужа-агранома.

Смак мядовага квасу

У гэтай сям’і ўсё робяць разам. Разам, без нічыёй дапамогі будавалі хлеў, склеп, гараж. Засталіся апошнія штрыхі дэкору ў новенькай лазні.
Дзмітрый Станіслававіч захапляецца разьбой па дрэве. Яго творы ёсць і на двары — арэлі, на якіх адразу памяшчаецца ўся сям’я; дэкор на пабудовах і ў доме — апрацоўчыя дошкі, вешалкі, хлебніца. Ён жа зрабіў паліцы для калекцыі бакалаў — іх назбіралася ўжо больш за сотню, і колькасць імкліва павялічваецца. Сям’я часта адпачывае ў Расіі, Латвіі, Украіне, а Дзмітрый часта бывае за мяжой падчас камандзіровак. Пакуль бакалы туляцца на кухні, але хутка яны будуць дэманстраваць бляск сваіх шкляных бакоў у лазні, а пасля парылкі будуць частаваць гаспадароў дамашнім квасам у альтанцы.
Па адным са старажытных рэцэптаў у квас трэба дадаваць мёд. І ў самых бліжэйшых планах Алены Іосіфаўны — мёд з уласнага пчальніка. Праўда, Дзмітрый пасмейваецца з гэтай яе ідэі, але сам цішком перагортвае старонкі кнігі “Пчальнік. З чаго пачаць?”. Хоць жонка плануе займацца пчалярствам сама, але можа спатрэбіцца і яго дапамога. Дарэчы, каб было на чым смакаваць квас, пастаралася сама гаспадыня. З драўляных шчытоў з-пад цэглы і блокаў яна змайстравала мэблю — крэслы і лаўкі. У дапаўненні мяккімі падушкамі яны не толькі ўтульныя, але і ўпрыгожваюць сад.
Свой уклад у дэкор уносіць і Дзіяна. Часцей яна далучаецца да мамы, калі тая асвойвае нешта новае. Напрыклад, робіць шыкоўныя букеты з цукерак. Навучыла мама і вязаць пруткамі. Але найбольш дачцэ падабаецца плесці з бісеру. Тут дзіцячай фантазіі няма мяжы.

У горадзе мне не хапае кіслароду

— Людзі часам пытаюцца, ці можна шчасліва жыць у вёсцы, — разважае мая гераіня. — А я не разумею, як можна жыць у горадзе. Я нават фізічна не змагла б: мне там не хапае кіслароду, я задыхаюся. А шчаслівае жыццё для мяне тады, калі можна з асалодай працаваць і тварыць. Я не ўяўляю, як так можна жыць: выйшаў за дзверы кватэры — і ўсё, жыццёвая прастора скончылася. Лесвіца, асфальт, гул, пыл. Нам тут утульна, нам добра. А калі нешта трэба купіць, то тут праблемы няма: селі ў машыну — і праз дваццаць хвілін у горадзе. Не разумею, чаму людзі імкнуцца ўцячы з вёскі. Калі я вучылася ў нашай школе, было 280 вучняў, зараз усяго толькі 100. Часта маладыя спецыялісты з нецярпеннем чакаюць апошняга дня адпрацоўкі і адразу з’язджаюць. Безумоўна, каб жыць у вёсцы, трэба шмат працаваць. Не атрымаецца кожны дзень пралежваць бакі на канапе. Але ж гэта не толькі праца, але і задавальненне.
У тым, што гэтай сям’і сапраўды любая справа не бяда, ужо другі раз пераканалася і журы конкурсу “Уладар сяла”. Пасля творчай прэзентацыі сваёй сям’і і роднай вёскі сем’і-фіналісты прынялі ўдзел у практычных іспытах: паказалі, як умеюць распілоўваць, калоць і складваць дровы, запрагаць і распрагаць каня, вязаць саламяныя снапы, убіраць бульбу і нават гатаваць дранікі ў паходных умовах. Па выніках усіх конкурсаў сям’я Скорб выйшла несумненнай пераможцай.
— Асаблівасць “Уладара сяла” гэтага года ў тым, што сям’я-пераможца прадставіць Беларусь на Міжнародным інтэлектуальна-спартыўным конкурсе “Лепшая маладая сям’я года СНД”, які пройдзе ў кастрычніку ў Арменіі, — гаворыць Андрэй Белякоў, другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ, які традыцыйна выступае арганізатарам праекта. — Галоўная каштоўнасць, якую прапагандуе праект, — каханне. Каханне паміж мужам і жонкай, любоў да дзяцей, да сваёй справы, да радзімы. Акрамя таго, конкурс паказвае, як можна шчасліва жыць на сяле, ствараць прыгажосць сваімі рукамі, будаваць дамы і добраўпарадкоўваць родныя куточкі.
Жадаем Алене Іосіфаўне і яе цудоўнай сям’і не спыняцца, ісці да новых вышынь і перамог!

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Лізаветы ДАБРЫЦКАЙ.