Жывое кранальнае слова настаўніка

- 11:38Людзі адукацыі

“Маё настаўніцкае натхненне — у таленавітых вучнях”, — прызнаецца настаўнік рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Круглага Алег Уладзіміравіч Галаўкоў. 40 гадоў назад пасля заканчэння Магілёўскага педінстытута ён, малады спецыяліст, пераступіў парог загаранкаўскай школы Круглянскага раёна. Ішоў час, але ўлюбёны ў сваю справу настаўнік ні на хвіліну не ўсумніўся, што зрабіў правільны прафесійны выбар. Адчуваючы запыты навучэнцаў, ён заўсёды знаходзіць правільныя педагагічныя рашэнні, якія матывуюць дзяцей да атрымання новых ведаў, да самастойнага пошуку адказаў на складаныя жыццёвыя пытанні.

Фота да матэрыяла: Жывое кранальнае слова настаўніка.

У 2007 і 2009 гадах А.У.Галаўкоў па выніках раённага працоўнага спаборніцтва стаў пераможцам у намінацыі “Чалавек года”. Чатыры разы ўзнагароджаны прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў; спецыяльнымі прэміямі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта; у 2010 годзе — нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”. Па выніках 2012 года ён прызнаны лаўрэатам Спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама “Чалавек года” ў намінацыі “Невытворчая сфера”. У 2013 годзе ўзнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”.

Вучні Алега Уладзіміравіча з’яўляюцца пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах, а таксама алімпіяды па рускай мове і літаратуры школьнікаў краін СНД і Балтыі, алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” (сёлета дыплом ІІІ ступені — у вучаніцы 11 класа Ульяны Абаевай), абласнога і Рэспубліканскага конкурсу “Ратавальнікі вачыма дзяцей” у намінацыі “Сачыненне”. Пяць яго вучаніц з’яўляюцца ўладальніцамі прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Родам Алег Уладзіміравіч Галаўкоў з вёскі Смагілаўка Круглянскага раёна. Школу скончыў у суседніх Эсьмонах, дзе, дарэчы, настаўніцай працавала яго родная цётка. Асаблівыя поспехі Алег Галаўкоў меў па матэматыцы, хіміі і фізіцы. Захапляўся чытаннем, выдатна пісаў сачыненні, вёў літаратурныя дзённікі, займаўся спортам — лёгкай атлетыкай, футболам.

“Мне пашчасціла застаць час, калі ў школе працавалі настаўнікі з пакалення, што перажыло вайну. Гэта былі, як кажуць, божыя людзі, якія асэнсоўвалі сваё прызначэнне на зямлі, якія прысвячалі ўсё жыццё прафесіі. Педагогі давалі веды не толькі па прадмеце, але і выхоўвалі дзяцей на прыкладзе сваёй асобы. Таму многія маладыя людзі, якія выдатна вучыліся, марылі ў той час пра прафесію настаўніка, і конкурсы ў педагагічныя інстытуты зашкальвалі, — расказвае Алег Уладзіміравіч Галаўкоў. — Кожны з маіх педагогаў пэўным чынам паўплываў на мой прафесійны выбар. Асабліва ўдзячны настаўнікам матэматыкі Антаніне Сямёнаўне Шаройка і Сяргею Трыфанавічу Асіпёнку, якія ніколі не павышалі голас, былі спакойнымі і мудрымі і выкладалі свой прадмет так, што выпускнікі з лёгкасцю здавалі яго пры паступленні ў інстытуты. Матэматыку, дарэчы, я і дагэтуль добра ведаю. Але самае галоўнае, чаму навучыўся ў сваіх любімых педагогаў — ставіцца з любоўю да справы, якой займаешся, да прафесіі, якую выбраў. Планаваў звязаць сваё жыццё з дакладнымі навукамі. Але сястра, якой даручыў адвезці мае дакументы ў прыёмную камісію, выпадкова аддала іх на філалагічны факультэт. Я даведаўся пра гэта толькі тады, калі прыехаў здаваць першы ўступны экзамен па матэматыцы. У той жа дзень давялося без падрыхтоўкі здаваць іспыт па рускай літаратуры. Без асаблівых цяжкасцей паступіў у Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.А.Куляшова на спецыяльнасць “Настаўнік рускай мовы і літаратуры”, які закончыў у 1978 годзе”.

Алег Уладзіміравіч сямнаццаць гадоў адпрацаваў у загаранкаўскай школе Круглянскага раёна. Трынаццаць з іх па прычыне недахопу педагагічных кадраў выкладаў нямецкую і беларускую мовы. Там жа пазнаёміўся і з будучай жонкай. Згадваючы той час, Алег Уладзіміравіч гаворыць, што гэта быў перыяд росквіту загаранкаўскай школы, калі яе навучэнцы на алімпіядах выступалі нароўні з вучнямі з райцэнтра. Паступова колькасць навучэнцаў у вясковай школе змяншалася. Са жніўня 1995 года Алег Уладзіміравіч уладкаваўся ў Круглянскую сярэднюю школу.

“Педагагічнае наватарства павінна зыходзіць ад самога настаўніка, — упэўнены Алег Уладзіміравіч. — Калі ж педагог у пошуку ідэальнай мадэлі ўрока спрабуе скапіраваць падыходы, штучна пераняць напрацоўкі сваіх калег, то, хутчэй за ўсё, ні вынікаў, ні задавальнення гэта не прынясе. Вывучаючы вопыт і дасягненні іншых педагогаў, я заўсёды адзначаў лепшае, але выбіраў свой шлях пры выкладанні прадмета. Іншы раз мне даводзілася шукаць сваю непратаптаную сцяжынку да кожнага дзіцяці, да яго сэрца і розуму. Настаў момант, і я адмовіўся ад напісання планаў урокаў, бо гэта перашкаджае творчаму працэсу. На ўроках павінна панаваць інтрыга, адчуванне невядомага. Тады і вынік іх будзе арыгінальным. Як кажуць, далей зойдзе той, хто не ведае, куды ісці… Прытрымліваюся той пазіцыі, што на занятках павінны ў большай ступені працаваць вучні. Яны галоўныя дзеючыя асобы на гэтай сцэне, а роля настаўніка — толькі дапамагаць ім. Нават калі я выходжу з класа падчас заняткаў, вучні працуюць без мяне. У пачатку ўрока не нагадваю ім тэму, яны добра ведаюць, чым ім належыць займацца сёння, а чым — на наступным уроку і далей у чвэрці. Дзеці маюць магчымасць загадзя падрыхтавацца да заняткаў. Таму, як толькі пасля званка заходжу ў клас, бачу іх узнятыя рукі. Дамашняе заданне даю такое, каб яго немагчыма было спісаць і для кожнага сваё.

Заўсёды адчуваю адказнасць за тое, каб урок адбыўся і стаў творчым і непаўторным. Калі словы і думкі, якія гучалі на ўроку, застануцца ў памяці і ў дзіцячых душах, а пасля, нібыта зярняткі, што леглі ў падрыхтаваную глебу, прарастуць — гэта сапраўдная ўзнагарода для настаўніка. Выхоўваюць не прыгожыя метадычныя прыёмы і сучасныя тэхналогіі, а асоба таго, хто даносіць веды дзецям, яго жывое кранальнае слова. Настаўнік павінен прыходзіць да дзяцей з адкрытай душой, з любоўю да прадмета, які выкладае. Я неаднойчы прысутнічаў на ўроках у сваіх калег — настаўнікаў беларускай мовы. Шмат гадоў назад і я выкладаў гэты прадмет. Адзначыў для сябе важнасць таго, як педагог гаворыць на роднай мове. Калі ў аснове яго вымаўлення — пяшчота, а крыніца, з якой ён чэрпае словы для свайго тлумачэння — жывое маўленне людзей, якое атуляе і зачароўвае, то дзеці гэта добра адчуваюць, а значыць, яны будуць любіць беларускую мову”.

Прызначэнне настаўніка-філолага, па меркаванні Алега Уладзіміравіча, — любымі спосабамі зацікавіць вучняў чытаннем, каб яны не спыняліся ў гэтым працэсе, каб іх цягнула да кнігі. Як бы прыгожа настаўнік ні расказваў пра твор, гэта не заменіць асалоду чытання. Пры знаёмстве з мастацкімі творамі, лічыць педагог, вельмі важна, каб дзеці знаходзілі ў іх розныя цікавыя нюансы і дэталі, абмяркоўвалі іх паміж сабой, каб задавалі адно аднаму пытанні, актыўна думалі і выказвалі свой пункт гледжання. З гэтай мэтай Алег Уладзіміравіч арганізоўвае паміж вучнямі спаборніцтвы, віктарыны. Здараецца, што падчас такіх літаратурных “баталій” адзін вучань вымушаны трымаць абарону перад усім класам.

Для кожнага класа Алег Уладзіміравіч прапаноўвае спіс дадатковай літаратуры (згодна з праграмай). Дзеці вядуць чытацкія дзённікі. У канцы кожнага месяца настаўнік праводзіць своеасаблівы залік па прачытаных творах і выстаўляе адзнакі: за кожныя 250 старонак — 10 балаў. Вызначыць, хто на самай справе чытаў, а хто не, педагогу нескладана.

“Прынята гаварыць пра сучаснасць або несучаснасць літаратурных твораў, якія вывучаюцца ў школе, — адзначае Алег Уладзіміравіч. — Я ацэньваю гэта з пазіцыі своечасовасці або нясвоечасовасці знаёмства з тым або іншым творам. Калі твор прыходзіць да вучня не ў свой час, дзіця не зразумее яго ў поўнай меры. Запомніць сюжэтныя лініі, характары галоўных герояў твора можа кожны, але, на жаль, не кожны адчуе яго глыбіню. Сярод твораў, складаных для разумення школьнікамі, на мой погляд, “Майстар і Маргарыта”, “Злачынства і пакаранне”, “Вайна і мір”, “Яўген Анегін”. Толькі дарослы чалавек можа ўбачыць усю шматграннасць Ясеніна, Лермантава і Пушкіна. Падыходзіць да сур’ёзнага чытання я рэкамендую паступова, праз знаёмства спачатку з невялікімі па памеры творамі класікаў.

Чытанне — першааснова пісьменнасці. Але некаторыя правілы напісання слоў вучням неабходна запомніць. На кожным уроку рускай мовы адзін з яго этапаў мы пры-свячаем вывучэнню асаблівасцей напісання слоў, працуем з так званымі правіламі-блокамі: у кожным блоку размешчаны па 3 правілы і прыклады (словы, цытаты з твораў), якія іх пацвярджаюць, або выпадкі, якія не паддаюцца правілам, з’яўляюцца выключэннем. Такім чынам, запаўненне правіл-блокаў, напісанне дыктовак па іх дазваляе вучням да 11 класа засвоіць правілы рускага правапісу”.

Колькі вучняў — столькі характараў, і да кожнага Алег Уладзіміравіч знаходзіць падыход. Часам бывае строгі і настойлівы, можа пажурыць, але дзеці адчуваюць, што за гэтым — дабрыня і жаданне дапамагчы. Ён вучыць дзяцей вучыцца, выхоўвае ў іх самастойнасць і звычку да ўпартай працы, самапавагу, дае правільныя арыенціры на жыццё. Настаўнік адразу бачыць, з якога вучня можа атрымацца толк. Часам раскрываюцца дзеці, на якіх раней ніхто не звяртаў увагі. Але для гэтага можа спатрэбіцца некалькі гадоў карпатлівай працы. За некаторых дзяцей Алегу Уладзіміравічу даводзіцца канкурыраваць з настаўнікамі іншых прадметаў, у якіх гэтыя навучэнцы таксама добра сябе праявілі. Самыя моцныя выхаванцы Алега Уладзіміравіча ўжо з 5 класа працуюць па заліковай сістэме, якую настаўнік практыкуе. Адзнакі такім вучням выстаўляюцца не толькі ў журнал і дзённікі, але і ў так званыя залікоўкі, так адзначаюцца ўсе іх звышпраграмныя дасягненні. Пасля ўрокаў на факультатыўныя заняткі да Алега Уладзіміравіча прыходзіць група вучняў з розных класаў, у тым ліку старшакласнікі. Усе займаюцца самастойна па рознаўзроўневых заданнях, прапанаваных педагогам. Старэйшыя дзеці дапамагаюць малодшым, а настаўнік з’яўляецца для ўсіх кансультантам. Калі школьнікі пачынаюць займацца ўсур’ёз рускай мовай і літаратурай з 5 класа, то ўжо ў 7—8 класах у іх могуць з’явіцца першыя алімпіядныя поспехі.

У кабінеце настаўніка размешчана вялікая шафа, у якой захоўваюцца і сучасныя дапаможнікі па рускай мове і літаратуры, і старыя савецкія падручнікі, якія стваралі акадэмікі і калектывы дактароў навук. Нельга не заўважыць і шматлікія рабочыя тэматычныя папкі, прысвечаныя творчасці паэтаў і пісьменнікаў і розным аспектам вывучэння рускай мовы і літаратуры. У гэтых папках, клапатліва сабраных настаўнікам за доўгія гады, змяшчаюцца інфармацыйныя і даведачныя матэрыялы, віктарыны і крыжаванкі, артыкулы з айчынных і замежных газет і часопісаў. Гартаючы падборку гэтых матэрыялаў, вучні знаходзяць адказы на многія пытанні: як, напрыклад, правільна напісаць водгук на літаратурны твор або якія фразеалагічныя асаблівасці рускай мовы, якія запазычанні і новыя словы для яе характэрны і г.д. Уся новая інфармацыя, якая тычыцца выкладання рускай мовы і літаратуры, па крупінках дбайна збіраецца і захоўваецца настаўнікам.

Прафесія настаўніка вымушае Алега Уладзіміравіча пастаянна працаваць над сабой. Страшна, калі настаўніку няма што новага сказаць дзецям, калі яго ўрокі становяцца руціннымі. Педагог, які спыняецца ў духоўным і інтэлектуальным развіцці, хутка перастае быць цікавым і сваім вучням. “Падтрымліваць творчы настрой і фізічны тонус мне дапамагае пастаянны рух, я па-ранейшаму сябрую з фізкультурай і спортам, вельмі люблю збіраць грыбы і ягады, займаюся нарыхтоўкай лекавых раслін, люблю будаўнічую справу, — гаворыць Алег Уладзіміравіч. — Пабудова ўласнага дома — справа гонару для кожнага мужчыны. Я чытаю і перачытваю класікаў рускай і беларускай літаратуры, для мяне гэта нібыта бальзам для душы”.

Натхняе педагога і работа з матываванымі і таленавітымі вучнямі, асабліва калі відаць іх поспехі. На працягу шэрага гадоў Алег Уладзіміравіч працуе ў школе юнага абітурыента, рыхтуе вучняў да паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі. І яго выпускнікі дэманструюць глыбокія веды на ўступных экзаменах — сярэдні паказчык па выніках цэнтралізаванага тэсціравання вышэйшы за 60 балаў. Выпускніца 2009 года Марыя Башарава атрымала на ЦТ 100 балаў. У 2008 годзе ў выдавецтве “Цэнтра Сістэмс”, Мінск выйшла кніга А.У.Галаўкова “Тестирование на 100 баллов. Русский язык. Сложные задания, типичные ошибки”. У 2009 годзе ў тым жа выдавецтве — кніга “Русский язык. Практические задания для подготовки к централизованному тестированию и экзаменам”. Алег Уладзіміравіч распрацаваў метадычныя дапаможнікі па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд і цэнтралізаванага тэсціравання.

Настаўнік займаецца і навукова-даследчай дзейнасцю. Больш за 20 гадоў ён вывучаў і збіраў фальклор роднай Кругляншчыны. Ездзіў па вёсках, размаўляў з людзьмі, занатоўваў выслоўі, прымаўкі, легенды, фразеалагізмы, павер’і, песні, скарагаворкі, дыялектныя словы і трапныя выразы. Яго праца “Фальклорныя падборкі Кругляншчыны” апублікавана ў зборніку выдавецтва Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь (у 2006 годзе). Зараз Алег Уладзіміравіч займаецца рэдагаваннем сабраных матэрыялаў для будучага “Слоўніка Кругляншчыны”. Назбіралася аж 800 старонак! “Перапрацоўваю словы, аздабляю іх прыкладамі, а перад сабой нібыта бачу сваіх землякоў, многіх з якіх ужо няма ў жывых, чую іх каларытную гаворку, — заўважае педагог. — Адчуваю сёння вялікую адказнасць перад людзьмі, якія жылі і жывуць на круглянскай зямлі, за тое, каб захавалася жывое слова продкаў”.

Надзея ЦЕРАХАВА.