«Жыву сваёй працай. Увесь час думаю, як палепшыць навучанне ў клубе»: Аляксей Баруноў – аб падрыхтоўцы пераможцаў міжнародных спаборніцтваў

- 14:38Багаж знаний

Аляксей Баруноў, кіраўнік гуртка па спартыўным праграмаванні Клуба юных пажарных Мазыра, распрацаваў сваю сістэму падрыхтоўкі алімпіяднікаў. Дзякуючы ёй, школьнікі пастаянна заваёўваюць медалі на міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 

Фота Віталія Руцкага

Пяць самых яркіх момантаў у кар’еры

— 2007 год. Упершыню каманда школьнікаў з правінцыяльнага гарадка Мазыр паднялася на сцэну канцэртнай залы Анічкавага палаца ў Санкт-Пецярбургу і была ўзнагароджана залатымі медалямі Усерасійскай каманднай алімпіяды па праграмаванні. Гэта быў вялікі крок наперад для нашых клубаўцаў: такім чынам быў зняты псіхалагічны бар’ер у імкненні ўдзель­нічаць і дасягаць поспехаў у вялікіх спаборніцтвах. Потым былі і іншыя перамогі, але першая — самая важная для мяне і маіх выхаванцаў.

— 2008 год. Першае выступленне на Міжнароднай алімпіядзе школьнікаў па інфарматыцы і першы бронзавы медаль. У той год  гэтае спаборніцтва сабрала прадстаўнікоў больш як 80 краін і праходзіла ў Егіпце. Медаль заваяваў Аляксей Рапан.

— 2018 год. Першы ­ўдзел у Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы па кірунку “Інфарматыка”. І адразу сярэбраны медаль. Са сцягам Беларусі ў Алматы для ўзнагароджання выйшаў выхаванец клуба Дзяніс Півавараў.

— 2019 год. Мной упершыню была арганізавана і праве­дзена міжрэгіянальная алімпіяда юніёраў па праграмаванні CYF Junior, якая стала штогадовай. На бягучы момант завяршылася пятая CYF Junior для навучэнцаў 4—8 класаў. Спаборніцтва прахо­дзіць у два этапы: першы — адборачны завочны этап, у якім удзельнічаюць больш за 100 школьнікаў з абласцей і горада Мінска; другі — заключны  вочны, які ладзіцца на базе нашага клуба і на які запрашаюцца 25 лепшых вучняў. Усіх фіналістаў чакаюць цікавыя задачы і памятныя футболкі з сімволікай алімпіяды.

— 2020 год. Першы ­ўдзел у Міжнародным балгарскім турніры па інфарматыцы IATI. Клубаўцы заваявалі тры медалі рознай вартасці — “золата” і “серабро”. Я ўпершыню быў каардынатарам усіх беларускіх пляцовак для анлайн-удзелу ў алімпіядзе з відэаназіраннем і запісам экрана ўдзельнікаў. Гэта быў каштоўны вопыт, які спатрэбіўся ў далейшай рабоце, бо шмат спаборніцтваў з таго моманту пачало пераходзіць на анлайн-фармат.

— Сёлета я прыняў ­удзел у якасці аднаго з двух навуковых кіраўнікоў у арганізацыі і правядзенні адборачных збораў для кандыдатаў у нацыянальную каманду Беларусі для ўдзелу ў міжнароднай алімпіядзе, якая пройдзе ў Венгрыі ў жніўні — верасні 2023 года.

Аляксей Валянцінавіч Баруноў — выдатнік адукацыі, педагог дадатковай адукацыі вышэйшай катэгорыі.  Ганаровы грамадзянін Мазыра, чалавек года Гомельшчыны 2023 года. Уладальнік ганаровых грамат Міністэрства адукацыі, 9 прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, 15 прэмій Гомельскага аблвыканкама, 6 прэмій галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама.

Пяць рэчаў, якія дазваляюць рэалізавацца як педагогу

 — Я жыву сваёй працай. Увесь час думаю, як і ў чым можна палепшыць навучанне ў клубе: абнавіць праграму, запланаваць новыя спаборніцтвы, прыдумаць для малодшых выхаванцаў дадатковую матывацыю хутчэй рухацца наперад у вывучэнні тэорыі. Разважаю, што зрабіць, каб новае пакаленне інтэлектуалаў магло канкурыраваць з сапернікамі з іншых беларускіх школ праграмавання і з навучэнцамі за мяжой.

— На занятках дэлегую свае паўнамоцтвы ў рабоце з малодшымі навучэнцамі па рашэнні задач некалькім чалавекам з ліку старэйшых клубаўцаў. Такім чынам ажыццяўляецца важны прынцып “навучыўся сам — навучы іншых”. Размяркоўваю работу па падрыхтоўцы набораў задач для маючых адбыцца спаборніцтваў сярод старэйшых выхаванцаў і выпускнікоў.

— Планую падзеі надоўга наперад, бо разумею, што тыя навучэнцы, якія пачалі займацца сёння, праз пяць гадоў стануць моцнымі ўдзельнікамі спаборніцтваў. Для іх падрыхтоўкі на працягу гэтага часу трэба арганізаваць удзел у шматлікіх турнірах, падтрымліваць канкурэнтнае асяроддзе з іх аднагодкамі, дапамагаць маладым алімпіяднікам сацыялізавацца, знайсці сваё месца ў калектыве клубаўцаў.

 

— Імкнуся дзейнічаць не ў маштабах клуба, а ў маштабах вобласці, рэс­публікі. Пры гэтым  прада­стаў­ляю ўсім жадаючым настаўнікам магчымасць працаваць на рэсурсе з архівамі мінулых спаборніцтваў, анансую беларускім трэнерам інфармацыю аб маючых адбыцца спаборніцтвах, удзельнічаю ў арганізацыі нацыянальных адбораў у зборныя каманды Беларусі.

— Падтрымліваю кантакты з выпускнікамі. Дзякуючы іх ведам і вопыту, атрымліваецца матыва­ваць новае пакаленне вучыцца старанна, укладваць сілы ў развіццё сваіх здольнасцей. Для мяне калектыў клуба як адна вялікая сям’я.

А.Баруноў: “Я вельмі ўдзячны нашым выпускнікам! Стаўшы студэнтамі, яны працягваюць дапамагаць роднаму клубу ў яго развіцці: рыхтуюць задачы для спаборніцтваў, тлумачаць тэорыю маладому пакаленню, выконваюць бягучы рамонт вылічальнай тэхнікі. Большасць выездаў на замежныя спаборніцтвы спансіруецца нашымі былымі выхаванцамі і кампаніямі, дзе яны працуюць”.

Пяць прычын любіць сваю работу

— У 1993 годзе дырэктар Клуба юных пажарных Аляксандр Уладзіміравіч Баравік прыняў мяне, студэнта 1 курса, на працу кіраўніком гуртка інфарматыкі. З таго часу і па сённяшні дзень ён падтрымлівае ўсе нашы пачынанні, звязаныя з развіццём клуба, аператыўна вырашае адміністрацыйныя пытанні па арганізацыі паездак на спаборніцтвы, па развіцці матэрыяльнай базы, прымае вялікі ўдзел у жыцці калектыву навучэнцаў і выкладчыкаў. Бывае, калі трэба прыняць складанае рашэнне, я пытаюся ў сябе: “А як зрабіў бы дырэктар?” І вырашыць праблему становіцца лягчэй.

— У першыя гады работы клуба тут быў адзін маленькі кабінет інфарматыкі з камп’ютарным класам. Паступова вучэбныя плошчы гуртка інфарматыкі (а потым гуртка спартыўнага праграмавання) раслі: ра­зам з дырэктарам і старэйшымі клубаўцамі мы рамантавалі перададзеныя нам кабінеты, напаўняючы іх усім неабходным. Цяпер на двух паверхах клуба працуюць 50 адзінак вылічальнай тэхнікі, аб’яднаныя гігабітнай лакальнай сеткай, ёсць сервернае памяшканне. Дзякуючы падтрымцы нашых выпускнікоў і арганізацый-спонсараў, у кабінетах размешчана камфортная мэбля для навучэнцаў, ёсць абсталяванне для кандыцыяніравання паветра, на спаборніцтвах працуюць вялікія дэманстрацыйныя экраны з табло і трансляцыяй вэб-камер у памяшканнях удзель­нікаў. Мы любім будынак нашага клуба і ўкладваем шмат сіл у яго абнаўленне.

— Лічу сваю работу творчай. Дзякуючы падтрымцы дырэктара, мы маем магчымасць рэгулярна абнаўляць методыку выкладання і змест матэрыялу, арганізоўваць пляцоўкі для ўдзелу ў завочных міжнародных спаборніцтвах, запрашаць гасцей на ўласныя алімпіяды. Кіраўніцтва дазваляе нам самім выбі­раць маштабы ўзаемадзеяння клуба: у межах горада, вобласці ці краіны. Мы цэнім такую свабоду творчасці.

— Спаборніцтвы. Мне цікава рыхтаваць клубаўцаў, якія праходзяць шлях ад пачаткоўцаў да паспяховых удзельнікаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд. Цікава сапернічаць з трэнерамі з іншых школ праграмавання, чые выхаванцы больш паспяхова выступаюць на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Кожны год у падрыхтоўку нашых хлопцаў спрабуем уносіць штосьці новае, тое, што дае ім больш шансаў трапіць у верхнюю частку табліцы вынікаў.

На рахунку клубаўцаў:

*15 дыпломаў і 4 медалі Усерасійскай каманднай алімпіяды школьнікаў па праграмаванні ў Санкт-Пецярбургу;

*9 залатых, сярэбраных і бронзавых медалёў Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы, якая прахо­дзіла ў розных краінах свету — Канадзе, Тайландзе, Італіі, Аўстраліі, Сінгапуры і іншых;

*13 медалёў рознай вартасці Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы;

*сотні дыпломаў фінальных этапаў рэспубліканскіх конкурсаў.

— Пераемнасць пакаленняў. Ідуць гады, і вось ужо нашы дарослыя выпускнікі прыво­дзяць сваіх дзяцей у гурток праграмавання. Кожнае пакаленне ўно­сіць свой уклад у гісторыю клуба, у яго традыцыі. Мяняюцца інта­рэсы дзяцей, іх характар, сістэма каштоўнасцей. Пастаянным застаецца стаўленне хлопцаў адзін да аднаго: узаемадапамога, падтрымка тых, хто побач. Мне цікава выхоўваць вучняў не толькі паспяховымі ўдзельнікамі спаборніцтваў, але і дастойнымі людзьмі, якія, пасталеўшы, успамінаюць наш клуб добрым словам як месца, дзе яны пачыналі свой шлях.

Пяць спосабаў, якія дапамагаюць матываваць выхаванцаў

— Альтэрнатыва традыцыйнай сістэме выкладання тэарэтычнага матэрыялу.

У клубе ёсць задачнік “Базавая праграма навучання”. Па ім вучацца малодшая і сярэдняя групы, часам ён карысны і старэйшым хлопцам. У ім больш за 70 тэм, размешчаных у парадку ўзрастання іх складанасці: ад самых простых арыфметычных аперацый да структур даных і алгарытмаў іх апрацоўкі. Рух па тэмах рэгулюецца самім выхаванцам: ён вывучае сумесна з трэнерам новы матэрыял, слухае тэорыю, выконвае практычныя заданні, а затым дае справаздачу аб рэшаных задачах. На наступных занятках клубавец працягвае работу з таго месца, дзе скончыў яе мінулы раз. У адрозненне ад класна-ўрочнай сістэмы, калі лекцыя чытаецца для ўсёй групы навучэнцаў у канкрэтны момант, у нас новы матэрыял выкладаецца персанальна таму выхаванцу, які дабраўся да гэтай тэмы цяпер. Такі спосаб вывучэння матэрыялу дае яшчэ адну перавагу: школьнік сам выбірае час наведвання заняткаў і іх працяг­ласць. Клуб працуе для выхаванцаў малодшай групы штодзень, з паня­дзелка па нядзелю, з 17:00 да 21:00. Дзеці могуць прыйсці на ўсе чатыры гадзіны або толькі на частку заняткаў, выбраўшы тую працягласць, якая будзе ім па сілах.

А.Баруноў: “Заняткі ў гуртку па спартыўным праграмаванні для ўсіх бясплатныя. І я перакананы, што гэта вельмі правільна. Наша мэта — выхаваць прафесіяналаў. Таму ўсе жадаючыя павінны мець роўныя шансы праявіць сябе незалежна ад іх сацыяльнага становішча”.

— Рэйтынгі праграмы навучання і ўдзелу ў алімпіядах.

У малодшай групе папулярны рэйтынг праграмы навучання. Што гэта значыць? Той, хто засвоіў больш тэм па праграме навучання, бу­дзе мець больш пераваг, напрыклад, права выбару камп’ютара, прыярытэт падчас праслухоўвання новай тэмы або здачы задач па мінулай тэме і шмат іншых. Мы стараемся матываваць дзяцей рухацца наперад, каб яны хутчэй вывучылі базавы матэрыял, і далучаць іх да ўдзелу ў спаборніцтвах. Сярод клубаўцаў са старшай і сярэдняй груп больш папулярны рэйтынг удзелу ў алімпіядах: за дасягненні ў шэрагу беларускіх і замежных турнірах выхаванцы атрымліваюць балы ў скарбонку свайго рэйтынга, які рэгулярна абнаўляецца на вялікай дошцы кабінета старшай групы.

— Дзяленне вучняў на прадстаўнікоў малодшай, сярэдняй і старшай груп.

Гэта адбываецца не па ўзросце, а па вопыце і выніках удзелу ў спаборніцтвах па праграмаванні. Усе навічкі, ці то шасцікласнікі, ці то дарослыя дзесяцікласнікі, прыходзяць у малодшую групу. Выканаўшы пэўны нарматыў, клубавец можа перайсці ў сярэднюю групу, з сярэдняй — у старшую.

Паступова, назапашваючы вопыт распрацоўкі праграм і ўдзелу ў трэніровачных анлайн-спаборніцтвах, яны рыхтуюцца да свайго першага ўдзелу ў афіцыйных вочных алімпіядах па праграмаванні. Як правіла, гэта першы і другі этапы Рэс­публіканскай алімпіяды па інфарматыцы. Але на працягу года бываюць і іншыя сур’ёзныя выпрабаванні. Тыя малодшыя ўдзель­нікі, якія заваявалі дыпломы на беларускіх алімпіядах пачатковага ўзроўню, запрашаюцца ў сярэднюю групу — і ў іх з’яўляецца шэраг пераваг, такіх як асобны кабінет і большы, чым у малодшых, час для заняткаў у клубе. Але разам з бонусамі прыхо­дзіць і адказ­насць: клубаўцы з сярэдняй групы ўдзельнічаюць у вялікай колькасці спаборніцтваў у анлайн- і афлайн-фармаце, у разборах задач пасля алімпіяд (гэта работа над памылкамі, вывучэнне дадатковай тэорыі, неабходнай для рашэння задачы, якая не паддалася). Яшчэ адзін абавязак выхаванцаў сярэдняй групы — дапамога малодшым у рашэнні задач і пошуку памылак у іх праграмах.

Часта можна ўбачыць на занятках, як каля адной дошкі трэнер тлумачыць тэорыю клубаўцу, які дабраўся да новай тэмы, а каля другой дошкі стаіць памочнік з сярэдняй групы і паказвае ідэю рашэння задачы малодшаму, які папрасіў дапамогі.

Выхаванцы старшай групы — гэта пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды і прызёры замежных алімпіяд. Яны прымаюць удзел у абнаўленні праграмы навучання: займаюцца пошукам дадатковых задач і раздзелаў тэорыі, распрацоўваюць наборы задач для спаборніцтваў пачатковага ўзроўню, рыхтуюцца да выступлення на турнірах Расійскай Федэрацыі і краін далёкага замежжа.

— Розная спаборніцкая матывацыя для школьнікаў розных узростаў.

Жыццё ў клубе падобна на вялікую гульню, дзе можна сваёй працай зарабіць балы, павысіць свой рэйтынг і прасунуцца наперад па прыступках кар’еры алімпіядніка. Малодшым найбольш цікава саперніцтва са сваімі аднагодкамі з клуба. Сярэдняя група больш зацікаўлена ў перамогах на алімпіядах, дзе прысутніча­юць навучэнцы з іншых аб’яднанняў, каб ацаніць свае сілы. Старшай групе важна паступіць без уступных іспытаў у вышэйшую навучальную ўстанову пасля заканчэння школы — такое права маюць пераможцы заключнага этапу рэс­публіканскай алімпіяды і некаторых міжнародных. Такім чынам, клубавец кожнага ўзроўню падрыхтоўкі знаходзіць для сябе менавіта тую гонку, у якой яму цікава і карысна ўдзельні­чаць на бягучым этапе развіцця.

— Клуб — месца зносін для розных узроставых груп выхаванцаў.

На канікулах сюды часта прыяз­джаюць студэнты з розных гарадоў, каб паразмаўляць са сваімі аднагодкамі і з маладым пакаленнем будучых праграмістаў: расказаць пра свае дасягненні, падзяліцца ўражаннямі аб студэнцкім і прафесійным жыцці, адпачыць у прывычным з дзяцінства месцы. Сярэдняя і старшая групы падчас адпачынку лю­бяць гуляць у настольныя гульні ў асобным пакоі. Малодшыя бя­руць баскетбольны або футбольны мяч і гуляюць на ўнутраным двары. Наша навучальная ўстанова выконвае ролю клуба па інтарэсах не на паперы, а ў жыцці: сюды цягне ўсіх нашых хлопцаў, якія выраслі ў гэтых сценах.

Марына ЖДАНАВА