Жывём цяперашнім — глядзім у будучыню

Адной з сучасных тэндэнцый з’яўляецца павышэнне ролі сям’і ў выхаванні падрастаючага пакалення. У сувязі з гэтым ва ўстановах адукацыі Баранавіч праводзіцца мэтанакіраваная работа па арганізацыі эфектыўнага ўзаемадзеяння з сям’ёй. Павышэнне ўзроўню бацькоўскай адказнасці за выхаванне дзяцей, педагагічнай культуры бацькоў, умацаванне аўтарытэту сям’і — важныя задачы, якія заклікана сёння вырашыць сістэма адукацыі горада. Пра гэта расказала госць нашай “Суботняй планёркі” начальнік упраўлення па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Таццяна Іванаўна ШАСТАК.

— Традыцыйнай формай арганізацыі работы з бацькамі з’яўляюцца бацькоўскія сходы, лекторыі па пытаннях культуры сямейных адносін, прафілактыкі насілля ў сям’і, папярэджанні рызыкоўных паводзін, розных залежнасцей. На іх запрашаюцца супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх, устаноў аховы здароўя, пракуратуры і спецыялісты іншых зацікаўленых структур. Рэалізоўваючы Дэкрэт прэзідэнта № 18, вывучаем жыллёва-бытавыя ўмовы навучэнцаў. Спецыялістамі СППС устаноў адукацыі вядзецца кансультаванне сем’яў па месцы жыхарства, дзейнічаюць кансультацыйныя пункты для бацькоў па пытаннях папярэджання канфліктных сітуацый.

На базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэалізоўваецца праект “Укараненне мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў”, у межах якога праводзяць сваю работу сямейны клуб, баць­коўскія ўніверсітэты, закліканыя вырашаць праблемы сямейнага выхавання. Інтэр­актыўныя заняткі, трэнінгі з навучэнцамі і бацькамі, у тым ліку з сем’ямі, якія патрабуюць асаблівага кантролю, сталі цікавай і запатрабаванай формай работы. Актуальная інфармацыя для бацькоў размешчана на сайтах устаноў адукацыі, распрацоўваюцца і распаўсюджваюцца буклеты з інфармацыяй па выбудоўванні дзіцяча-бацькоўскіх адносін, вырашэнні праблемных сітуацый. Фарміраванне ў навучэнцаў каштоўнаснага стаўлення да інстытута шлюбу і сям’і, падтрыманне пераемнасці пакаленняў у сям’і, сямейных традыцый ажыццяўляецца праз факультатыўныя заняткі “Падрыхтоўка навучэнцаў да сямейнага жыцця”, “Асновы праваслаўнай культуры”.

Работа класных кіраўнікоў па сямейным выхаванні ўключае не толькі гутаркі і лекцыі, але і актыўныя метады: гульні па вырашэнні праблемных сітуацый, распрацоўку сумесна з бацькамі сцэнарыяў сямейных свят, стварэнне сямейных летапісаў і інш. Работа па ўзаемадзеянні з сям’ёй прадугледжвае ўдзел бацькоў не толькі ў прафілактычных, але і ў культурна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых, спартыўных мерапрыемствах. Так, традыцыйным стала правядзенне спартакіяды “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”.

Важнасць узаемадзеяння сям’і і ўстаноў адукацыі немагчыма адмаўляць: ад таго, наколькі прадукцыйным яно будзе, залежыць будучыня нашых дзяцей, наша будучыня.

— Таццяна Іванаўна, а якія цікавыя праекты, творчыя справы рэалізоўваюцца ва ўстановах адукацыі горада сёлета?

— Пераступіўшы парог любой агульнаадукацыйнай установы горада, мы зможам убачыць, якая цікавая і плённая работа там кіпіць. Так, з 1 кастрычніка мінулага года ў гімназіі № 5 дзейнічае навуковая суполка педагогаў “Наасфера” з мэтай каардынацыі навукова-практычнай дзейнасці і рэалізацыі актыўных навуковых даследаванняў на практыцы (нанабіятэхналогіі, альтэрнатыўная энергетыка, 3D-друк, фізічная радыёэлектроніка і робататэхніка), што дазваляе зрабіць уклад у пераўтварэнне чалавечай дзейнасці ў якасна новы стан — наасферу, разумную дзейнасць у напрамку сумеснага развіцця чалавека і прыроды. На базе цяпліцы гімназіі рэалізоўваецца ўнікальны праект “Вырошчванне клубніц у закрытым грунце вертыкальным спосабам з выкарыстаннем сістэмы аўтаматызаванага паліву і інтэлектуальнага асвятлення”. Гэтая сістэма дазволіць на плошчы 8 кв.м высадзіць каля 500 саджанцаў клубніц. Плануецца атрымліваць да 5 ураджаяў у год, каб ласавацца свежымі клубніцамі не толькі летам, але і ў лютыя маразы.

На карце Беларусі наш горад зараз можна пазначаць літарай S, бо ў ім актыўна рэалізоўваецца праект па ўкараненні STEM-напрамкаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і ствараецца спрыяльнае асяро­ддзе для развіцця STEM. У тым, каб STEM развіваўся ў гарадскіх школах, зацікаўлены і настаўнікі, і мясцовае кіраўніцтва. У 2018 годзе пры садзейнічанні асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” былі адкрыты STEM-цэнтры ў гімназіях № 3 і № 4. А 15 лютага пачаў работу STEM-цэнтр на базе сярэдняй школы № 20. У распара­джэнні навучэнцаў горада — новая тэхніка, якая дазваляе ўвасабляць крэатыўныя ідэі і развіваць тэхнічныя навыкі, ёсць прастора, дзе можна пад кіраўніцтвам прафесіяналаў займацца праграмаваннем, канструяваннем робатаў, мадэляваннем ці нават ствараць свой міжпрадметны STEM-праект.

— А наколькі ахвотна школьнікі наведваюць установы адукацыі ў шосты школьны дзень?

— У шосты школьны дзень у школах і гімназіях горада праводзяцца мерапрыем­ствы, якія задавальняюць інтарэсы навучэнцаў розных узроставых катэгорый. Працуюць факультатывы, аб’яднанні па інтарэсах мастацка-эстэтычнага, навукова-тэхнічнага, турысцка-краязнаўчага, эколага-біялагічнага кірунку. Інтэлектуальныя гульні, прэзентацыі, віктарыны прапануюць школьныя бібліятэкі. У спартыўных залах для навучэнцаў праводзяцца розныя фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, рухавыя гульні, турніры і інш. І варта адзначыць, што вучні ахвотна наведваюць іх. Запатрабаванай формай з’яўляецца кансультацыйная работа педагогаў-псіхолагаў і сацыяльных педагогаў, групавыя карэкцыйна-развіццёвыя заняткі як для дзяцей, так і для іх бацькоў.

— Таццяна Іванаўна, ці адчуваеце вы дэфіцыт месцаў у дзіцячых садках? Якія новыя формы дашкольнай адукацыі ўкараняюцца ў горадзе?

— Месцамі ў дзіцячых садках забяспечаны ўсе маленькія гараджане. Калі не хапае месцаў у садку побач з домам, то вывучаюцца запыты бацькоў. Для іх зручнасці прапануюцца ўстановы дашкольнай адукацыі па маршруце руху на работу. У цяперашні час вядзецца будаўніцтва дзіцячага садка на 240 месцаў у мікрараёне Бароўкі-3. Яго ўвод у эксплуатацыю запланаваны ў наступным навучальным годзе. Адна з новых форм арганізацыі дашкольнай адукацыі — групы кароткачасовага знаходжання (адаптацыйныя групы, матчыны школы). Такія формы дашкольнай адукацыі карыстаюцца попытам у насельніцтва. Гэта абумоўлена шэрагам прычын, асноўнымі з якіх з’яўляюцца даступная аплата адукацыйных паслуг, магчымасць навед­ваць заняткі разам з дзіцем, а таксама магчымасць вар’іраваць час яго знаходжання ва ўстанове. Усяго ў Баранавічах такіх адаптацыйных груп 55, іх наведваюць 626 дзяцей, ёсць таксама 15 груп матчынай дапамогі — яны аказваюць педагагічную падтрымку 152 дзецям, якія не наведваюць установы дашкольнай адукацыі.

Адукацыйная прастора горада адкрыта ў будучыню, якая ствараецца ўжо сёння штодзённай працай і рухам наперад. І наша задача — зазірнуць у яе вачыма дзіцяці, зрабіць так, каб яна вабіла радасцю новых адкрыццяў, яснасцю і надзейнасцю выбранага шляху.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.