Жывыя галасы ветэранаў

- 14:44Вышэйшая школа

У 2016 годзе праект “Жывыя галасы ветэранаў” валанцёрскага атрада “Ветэран” Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны стаў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года” ў намінацыі “Сацыяльнае валанцёрства”. Нязменны кіраўнік атрада дацэнт кафедры хіміі Таццяна Макаранка двойчы атрымлівала ганаровыя граматы ад Гомельскага гарадскога савета ветэранаў і савета ветэранаў Цэнтральнага раёна Гомеля.

Дарэчы, сёння, 3 лютага, Таццяна Віктараўна адзначае 50-гадовы юбілей. Мы сустрэліся з даследчыцай, каб спытаць не пра навуковы, а пра грамадскі бок жыцця — валанцёрскую дзейнасць.

— Таццяна Віктараўна, раскажыце, калі ласка, як быў створаны валанцёрскі атрад “Ветэран”.

— Атрад быў створаны пры кафедры хіміі біялагічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны. У наступным годзе ён справіць сваё дзесяцігоддзе.

Сёння ў атрад уваходзяць студэнты і выпускнікі біялагічнага факультэта — усяго каля 90 чалавек. На этапе фарміравання маладыя валанцёры аказвалі шэфскую дапамогу 20 ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Сёння ў зоне нашай увагі знаходзяцца 39 чалавек. На жаль, тых, з каго мы пачыналі, у жывых засталося толькі дзевяць.

— Як узнік праект “Жывыя галасы ветэранаў”, у чым яго сутнасць?

— Калі мы прыходзілі да ветэранаў, бачылі фотаздымкі і дакументы ваенных гадоў, разумелі, што іх неабходна перавесці ў лічбавы фармат, каб захаваць гістарычныя факты пра вайну. Потым студэнты пачалі запісваць успаміны ветэранаў на відэа. Матэрыялаў станавілася ўсё больш, мы бачылі, што здольны ствараць сапраўдныя відэафільмы. Так, першы фільм пра ветэранаў, якія працавалі ў нашым універсітэце, мы зрабілі да 65-годдзя Перамогі.

А калі ўбачылі рэакцыю — слезы на вачах дачкі Рыгора Мільчанкі, радасць на тварах яго ўнукаў, удзячнасць ад ветэрана, то вырашылі стварыць фільмы пра ўсіх ветэранаў, якія сябруюць з атрадам.

— Як студэнты ўспрымаюць гэтую справу, ці карысная яна для маладога пакалення?

— Зразумела, карысная. Юнакі і дзяўчаты з задавальненнем пераводзяць у лічбавы фармат дакументы, узнагародныя лісты, фотаздымкі ваенных часоў і іншыя каштоўныя матэрыялы. Здымаюць відэа з аповедамі ветэранаў пра вайну, любоў да Радзімы і сваёй сям’і. І ў далейшым на падставе гэтых успамінаў студэнты манціруюць відэафільмы. Для сваякоў Рыгора Паўлава, Фёдара Легінава і Вілена Наважонава нашы фільмы застануцца апошнімі ўспамінамі пра бацькоў і дзядуляў. Калі ўнукі Вілена Міхайлавіча Наважонава, якія пражываюць у далёкім замежжы і толькі аднойчы бачылі свайго дзеда жывым, праглядалі відэаматэрыял, яны плакалі. А мы ў той час разумелі, што робім карысную справу не толькі для ветэранаў, але і для саміх сябе.

— Колькі відэафільмаў ужо зроблена?

— На сённяшні дзень створана 30 фільмаў-успамінаў і яшчэ

20 чакаюць свайго часу, знаходзяцца ў апрацоўцы. Мы ўпэўнены, што да 9 Мая кожны ветэран, з якім мы супрацоўнічаем, атрымае памятны відэападарунак. Свае работы размяшчаем на сайце ўніверсітэта і на папулярным відэахостынгу YouТube.

— Зразумела, што праект “Жывыя галасы” — не адзіная ваша справа. Якія яшчэ акцыі праводзіць валанцёрскі атрад “Ветэран”?

— Мы даглядаем пакінутыя магілы ветэранаў на Паўднёвых могілках у Гомелі. Цалкам аднавілі помнік на магіле Сiдара Сахоненкі, які быў парушаны часам. Мы цяжка перажываем, калі нашы падапечныя пакідаюць жыццё, імкнёмся заставацца побач з ветэранамі да самага канца і выпраўляем іх у апошні шлях.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.