Жывыя колеры і гукі

- 15:26Дашкольная адукацыя, Рознае
Выяўленчая дзейнасць з’яўляецца адной з самых даступных пры развіцці творчых здольнасцей дзяцей, незалежна ад іх узросту і асаблівасцей псіхафізічнага развіцця. У гэтым упэўнена выхавальнік ясляў-сада № 47 Баранавіч Брэсцкай вобласці Наталля Барысаўна Жаўнерчык, якая выкарыстоўвае пры навучанні дзяцей ва ўмовах інтэграванай групы нетрадыцыйныя тэхнікі малявання.
Беражліва ставіцца да кожнага выхаванца

Наталля Барысаўна выхоўвае і навучае дашкольнікаў на працягу 22 гадоў. Калі ўладкоўвалася ў 47-ы яслі-сад, то, зразумела, ведала аб спецыфіцы ўстановы, аб тым, што там ёсць інтэграваныя і спецыяльныя групы для дзяцей з парушэннем зроку і для дзяцей з парушэннем слыху. І вось ужо два гады, як Наталля Барысаўна працуе ў інтэграванай групе для дзяцей з парушэннем слыху. Папярэдне яна скончыла адпаведныя курсы, дзе пазнаёмілася з методыкай і падыходамі да навучання такіх дзяцей, у прыватнасці тых, каму была зроблена аперацыя па кахлеарнай імплантацыі.
“Сёння ў мяне 13 выхаванцаў, трое з іх — інваліды па слыху, якім была зроблена аперацыя па кахлеарнай імплантацыі, і адно дзіця мае парушэнне слыху, — расказвае Наталля Барысаўна. — Група рознаўзроставая — ёсць дзеці, якім споўнілася толькі тры гады, а ёсць і шасцігодкі. Дзеці з парушэннем слыху, зразумела, вылучаюцца сярод іншых, прычым часта ў лепшы бок. Яны, як правіла, вельмі самастойныя ў сваіх дзеяннях, стараюцца дакладна выконваць заданні і даручэнні выхавальніка, ім не патрэбна залішняя апека. Пасля кахлеарнай імплантацыі дзеці з парушэннем слыху атрымліваюць магчымасць чуць, але яны яшчэ доўга працягваюць назапашваць маўленчы вопыт і словы. Работа з імі абавязкова падразумявае індывідуальны падыход і больш павольны тэмп выкладання. Таго, хто раней карыстаўся жэстамі, выхавальнікі перавучваюць на вусную маўленчую форму зносін. Пры гэтым педагогі павінны дэманстраваць вельмі правільны прыклад маўлення. Для гэтых дзяцей вялікую карысць прыносяць заняткі па выяўленчай дзейнасці, паколькі яны спрыяюць развіццю дробнай маторыкі, парушэнні якой у далейшым могуць адмоўна адбіцца на фарміраванні навыкаў маўлення. У будучым выхаванцы з парушэннем слыху пойдуць у звычайную школу, таму бачу сваю задачу ў тым, каб падрыхтаваць іх да школьнага жыцця, стварыць для гэтага ўсе належныя ўмовы. Вось адна з іх: у групе, дзе навучаюцца такія дзеці, нельга залішне шумець, паколькі з разнастайнасці гукаў яны не змогуць вылучыць патрэбную інфармацыю. Трэба вельмі беражліва адносіцца да дзяцей з парушэннем слыху і па той прычыне, што пасля аперацыі яны носяць на вуху спецыяльны апарат, за настройкамі якога неабходна пастаянна сачыць”.
Нетрадыцыйным тэхнікам малявання Наталля Барысаўна вучыла дашкольнікаў і раней, але менавіта ў 47-м яслях-садзе з’явілася магчымасць праверыць іх эфектыўнасць у рабоце з дзецьмі з парушэннем слыху. Такія тэхнікі дазваляюць дзецям выбіраць у якасці ўзораў для малявання добра знаёмыя ім прадметы, а таксама розныя выяўленчыя сродкі. Як, дарэчы, робяць і мастакі-прафесіяналы, якія ствараюць карціны пры дапамозе шматлікіх, розных па насычанасці і спосабах прыгатавання фарбаў, крэйдачак, вугалю, сангіны, пастэлі і шмат чаго іншага.
Перш чым непасрэдна прыступіць да работы з выхаванцамі, педагог вывучыла амаль усю метадычную літаратуру па тэме, сабрала дапаможнікі, аснасціла групу гульнямі і матэрыяламі па выяўленчай дзейнасці. Наталля Барысаўна даследавала ўзровень развіцця творчых здольнасцей кожнага дзіцяці. Для гэтага яна прапанавала ім намаляваць пэўны аб’ект рознымі выяўленчымі сродкамі — алоўкамі, фламастарамі, гуашшу, акварэллю, крэйдачкамі. Што тычыцца дзяцей з парушэннем слыху з сярэдняй узроставай групы, то вынікі такога даследавання паказалі, што ўзровень развіцця іх творчых здольнасцей ніжэйшы, чым у астатніх выхаванцаў. На жаль, асаблівасці светаўспрымання, маўленчыя парушэнні і цяжкасці ў зносінах не лепшым чынам уплываюць на творчасць гэтых дзяцей, на сюжэты іх малюнкаў, на іх уласныя творчыя задумы.

Творчая размінка

Каб дапамагчы дзецям з парушэннем слыху, якім была зроблена аперацыя па кахлеарнай імплантацыі, развіць увагу, памяць, уяўленне, Наталля Барысаўна пачала выкарыстоўваць падчас заняткаў з імі шматлікія гульні. Напрыклад, гульня “Малюем па памяці”. Адзін з гульцоў малюе на дошцы або на мальберце домік. Наступны ж запамінае малюнак, затым заплюшчвае вочы, паварочваецца на 360 градусаў і, не расплюшчваючы вачэй, дамалёўвае да доміка акенца, дзверы, комін або птушку на даху. Развіць прасторавае мысленне і кампазіцыйныя ўменні дапамагаюць практыкаванні з колерам, формай і лініяй. Адно з іх — “Пераблытаныя лініі”. Выхаванец прасочвае позіркам ад пачатку да канца лінію, якая пераплятаецца з іншымі лініямі. Гэта таксама спрыяе развіццю засяроджанасці і канцэнтрацыі ўвагі. Або яшчэ адно практыкаванне, назва якога гаворыць сама за сябе: “Намалюй лінію — спакойную, радасную, хітрую, зубастую…”. І, канечне, абавязковая пальчыкавая гімнастыка, якая дапамагае развіваць дробную маторыку.
Дзецям вельмі падабаюцца творчыя заданні: “Складзі жывёлу з геаметрычных фігур”, “Намалюй цікавы малюнак, выкарыстоўваючы гэтыя фігуры”, “Прыдумай і ствары фігуркі людзей і жывёл з паперы”, “Прыдумай і раскажы, што адбылося ў кожнага з герояў”, “Паглядзі на малюнкі і прыдумай казку, у якой удзельнічалі б усе гэтыя персанажы”, “Здагадайся, што хаваеццаза аблокамі”, “Дамалюй і расфарбуй чараўніц так, каб адна стала добрай, а другая — злой”.
Пасля размінкі можна пераходзіць да засваення нетрадыцыйных прыёмаў і тэхнік малявання. Наталля Барысаўна выкарыстоўвае на сваіх занятках больш як 20 такіх тэхнік. Гэта малюнак па мокрым, друкаванне, напырск, калаж, кляксаграфія, маляванне гуашшу, разведзеным малаком, ніткаграфія, маляванне фарбамі, разведзенай мыльнай пенай. А таксама палачкай праз капіравальную паперу і канцылярскім клеем, птушыным пяром, сухой галінкай, спосабам пуантылізму, маляванне на шкле (плітцы, цыраце), маляванне з дапамогай трафарэтаў, шаблонаў, раслін і г.д. Многія з такіх нетрадыцыйных спосабаў малявання можна выкарыстоўваць дома. Адзін з любімых дзецьмі спосабаў — маляванне соллю, якая валодае цікавымі дэкаратыўнымі магчымасцямі. Любяць малышы эксперыментаваць і з мыльнымі бурбалкамі. Малююць і спосабам выдзімання, а таксама зубной шчоткай, ватай, пальцам (пазногцем і далонню), тампонам, скамечанай паперай, перамяшчаюць невялікай трубачкай фарбу (яе кроплю) па лісце паперы, “друкуюць” малюнак, прыціскаючы да яго розныя прадметы, ствараюць кампазіцыі свечкай, памадай, ступнямі…
“Вынік работы непасрэдна залежыць ад зацікаўленасці дзяцей у той момант, калі яны ствараюць свае маленькія шэдэўры. Таму імкнуся натхняць іх пры дапамозе гульні, — падкрэслівае Наталля Барысаўна. — Трэба толькі пажадаць, і вясёлы зайчык з маёй лёгкай рукі паскача па палітры, па зялёнай траўцы, а лісічка будзе прабірацца па сінім снезе, мішка ж касалапы пройдзе па мокрай восеньскай лістоце і пакіне свае сляды. Пры гэтым дзіця ў малюнку агучвае рытм руху жывёлы. Пастаянна рыхтую сюрпрызы: у госці да дзяцей раптам прыходзіць любімы герой казкі або мультфільма і просіць дапамагчы яму ў чымсьці або запрашае адправіцца з ім у падарожжа. Іншы раз арганізоўваю музычнае суправаджэнне заняткаў. Выкарыстоўваю і такі прыём, як малюнак ад пацешкі, або прыём забыўлівасці (няўважлівага мастака), часта чытаю вершыкі або казкі”.
14_художники2(сайт)Ісці ў маляванні трэба ад простага да складанага — ад прымянення простых відаў нетрадыцыйнай тэхнікі малюнка да складаных, ад малявання асобных прадметаў да сюжэтнага малявання, ад пераймання майстэрства да самастойнага выканання задумы. Творчыя работы спачатку выконваюцца індывідуальна, а пасля калектыўна. Выкарыстоўваць неабходна адразу гатовыя сродкі для малявання, а затым матэрыялы, якія дзецям пажадана зрабіць самім.
Наталля Барысаўна стараецца ўключыць кожнае дзіця ў выхаваўчы працэс. Дзеці малююць не толькі ў групе, але і падчас прагулак на асфальце, на мокрым пяску, на запацелым акне; ужываюць для стварэння малюнка нават вельмі незвычайныя рэчы: кубікі, пластыкавыя бутэлькі, манеткі і шмат іншага.
“Што тычыцца работы з дзецьмі з парушэннем слыху, то яна ў асноўным індывідуальная або падгрупавая, — падкрэслівае Наталля Барысаўна. — У самым пачатку заняткаў па маляванні гэтыя дзеці імкнуцца скапіраваць узор, прапанаваны выхавальнікам, або падгледзець, што малююць суседзі. Праз некаторы час яны, авалодаўшы неабходнымі навыкамі, пераадольваюць страх і няўпэўненасць, праяўляюць здольнасці да стараннага вымалёўвання дэталей. Іх работы звычайна вельмі акуратныя. Пастаянная ўвага з майго боку і станоўчая ацэнка дзеянняў малышоў як пацвярджэнне паспяховасці выканання малюнка — вось тыя метады, якія я заўсёды ўжываю ў рабоце з дзецьмі з парушэннем слыху. Пакуль яны малююць, я гутару з імі аб мастацкіх вартасцях, якімі яны надзяляюць малюнкі, аб яркіх сітуацыях і падзеях, якія мы перажывалі сумесна. Паспяховасць у творчасці стымулюе дзяцей да новых адкрыццяў і больш актыўнага пазнання свету. Яны становяцца разняволенымі, а іх малюнкі яркімі, арыгінальнымі, са сваімі цікавымі задумамі і адметнай манерай выканання. Нават самыя нясмелыя дзеці пачынаюць адчуваць сябе маленькімі мастакамі”.
Незвычайныя спосабы малявання так захапляюць дзяцей, што ў групе ў пэўныя моманты проста віруе “полымя творчасці”, якое завяршаецца выставай дзіцячых малюнкаў. Педагог аформіла прыгожы куток дзіцячай творчасці і інфармацыйны стэнд для бацькоў, на якім можна прачытаць аб творчых дасягненнях дзяцей, рэкамендацыі па занятках дома. Сумесна з бацькамі дзеці ствараюць новыя дапаможнікі для заняткаў выяўленчай дзейнасцю.

Навучыцца быць самім сабой

“Маляванне незвычайнымі матэрыяламі і ў арыгінальных тэхніках дорыць незабыўныя эмоцыі, — гаворыць Наталля Барысаўна. — Кожнае дзіця валодае дзіўнай здольнасцю: яно не перастае здзіўляцца, захапляцца, шукаць, эксперыментаваць. Маляванне дапамагае дзецям больш ярка выказваць свае думкі і пачуцці і вызваляцца ад негатыўных перажыванняў. Падчас творчасці мае выхаванцы навучыліся ствараць многія рэчы сваімі рукамі і спазналі вялікую радасць адкрыццяў — усё гэта важныя складнікі працэсу навучання і развіцця асобы. Упэўнена, што ў будучым яны будуць здольнымі да самастойнай творчай дзейнасці, змогуць адшукваць і рабіць выразныя выяўленчыя матэрыялы, знойдуць выйсце свайму натхненню”.

Надзея ЦЕРАХАВА.