Жывыя зносіны педагога і вучня ─ самая вялікая каштоўнасць

- 10:31Актуально, Апошнія запісы

На мінулым тыдні міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў установы адукацыі Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Кіраўнік ведамства пазнаёміўся з дзейнасцю Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Світанак” у летні перыяд і правёў сустрэчу з педагагічным актывам Пухавіцкага раёна на базе гімназіі Мар’інай Горкі.

На сёння ўстанова дадатковай адукацыі Пухавіцкага раёна “Світанак” — гэта 168 аб’яднанняў па інтарэсах, дзе займаюцца 2014 навучэнцаў. За 2019/2020 навучальны год выхаванцы і педагогі цэнтра заваявалі 180 узнагарод.

У цэнтры міністр наведаў выставу “Маёй Радзімы светлыя прасторы”, дзе былі прадстаўлены работы навучэнцаў народнай студыі “Мар’інка” (кіраўнік Ларыса Гнеўчынская) і ўзорнай студыі “Кераміка і ганчарства” (кіраўнік Юлія Валуева). Як адзначыла дырэктар цэнтра Алена Карыткіна, у студыях вядзецца мэтанакіраваная работа па вывучэнні гісторыі, побыту беларускага народа. У прыватнасці, на выставе была прадстаўлена калекцыя роставых лялек і касцюмаў, якая адлюстроўвае асаблівасці народнага касцюма пухавіцкага ладу.

Затым Ігар Карпенка пабываў на занятках дзіцячага інструментальнага ансамбля “Юніці” (кіраўнікі Паліна Гардынец, Алег Козыраў), харэаграфічнага ансамбля “Інсайт” (кіраўнік Святлана Журок). У цэнтры выдатная матэрыяльна-тэхнічная база, закуплены музычныя інструменты, гукавая і светлавая апаратура, што дазваляе рабіць выступленні маленькіх артыстаў яркімі і відовішчнымі.

У Цэнтры бяспечнай жыццядзейнасці, дзе ўсе навучэнцы і дашкольнікі Пухавіцкага раёна маюць магчымасць адпрацоўваць навыкі бяспечных паводзін у інтэрактыўным рэжыме, міністр заўважыў, што такія навыкі патрэбны кожнаму. Акрамя таго, кіраўнік ведамства падкрэсліў: вельмі важна, калі такія ўменні набываюцца ў рэальных жыццёвых умовах. Наведваючы шахматна-шашачны клуб “Дэбют”, Ігар Карпенка адзначыў, што гульня ў шахматы не траціць сваёй актуальнасці, таму яе трэба шырэй распаўсюджваць сярод школьнікаў.


Адказваючы на пытанні журналістаў пра змену фармату ўступных выпрабаванняў, міністр паведаміў, што гэтае пытанне ўжо прапрацоўваецца. Ігар Карпенка нагадаў, што прэзідэнт даў даручэнне распрацаваць новыя правілы паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі.

“Хачу адразу сказаць, што раней на педсавеце вялася размова аб неабходнасці ўдасканалення правілаў паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. І мы ўносілі змены, дапаўненні, — адзначыў Ігар Карпенка. — Так, сёлета важна было стварыць умовы для выпускнікоў профільных аграрных класаў: паступаць без уступных выпрабаванняў пры мэтавым накіраванні на запатрабаваныя аграрныя спецыяльнасці, паколькі хочам адбіраць туды матываваных дзяцей. У правілы прыёму былі ўнесены адпаведныя змены. Цяпер прапрацоўваецца пытанне, каб і матываваныя навучэнцы спартыўна-педагагічных класаў таксама атрымалі магчымасць паступаць па субяседаванні”.

Па словах міністра, у цяперашні час ствараецца міжведамасная рабочая група, якая павінна прапрацаваць увесь комплекс пытанняў удасканалення ўступнай кампаніі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Ён адзначыў, што гэта сур’ёзнае пытанне, і тут галоўнае — знайсці разумны баланс.

“Грамадскасць павінна разумець, што гэты працэс не будзе закрытым. Вядома, мы аб’явім свае падыходы, якія будуць у тым ліку вынесены на абмеркаванне. Дарэчы, і гэтая паездка ў Пухавіцкі раён, сустрэча з педактывам — чарговая магчымасць агучыць свае пазіцыі, якія

педагагічная грамадс­касць павінна абмерка­ваць. Савет рэктараў, прафесарска-выкладчыцкі склад таксама павінны падключыцца да гэтага працэсу. Сёння нашым профільным інстытутам даручана прааналізаваць фармат уступных выпрабаванняў і атэстацыі ў цэлым у розных рэгіёнах, вывучыць замежны вопыт”, — расказаў Ігар Карпенка.

Міністр дадаў, што разглядаюцца ўсе прапановы і магчымыя варыянты. “Галоўная мэта, да якой мы імкнёмся, — стварыць сістэму адбору матываваных школьнікаў, якія мэтанакіравана выбіраюць тую ці іншую спецыяльнасць і плануюць у далейшым працаваць па гэтай спецыяльнасці”, — сказаў міністр.


Падчас сустрэчы з педагогамі ў Мар’інагорскай гімназіі Ігар Карпенка засяродзіўся найперш на якасці адукацыі і яшчэ раз падкрэсліў: жывыя зносіны педагога і вучня — самая вялікая каштоўнасць школьнай адукацыі.

“Неаднойчы пра гэта гаварыў і зноў хачу паўтарыць, што дыстанцыйная адукацыя ніколі не заменіць класна-ўрочнай сістэмы. Яна можа быць добрым дадаткам, але не больш. Паколькі жывыя зносіны педагога і вучня бясцэнныя”, — адзначыў Ігар Карпенка.

Міністр падкрэсліў, што сёння мяняецца парадыгма адукацыі. “Настаўнік страчвае функцыю адзінай крыніцы інфармацыі. Усё цяпер можна знайсці ў інтэрнэце. Таму сучасны педагог павінен выступаць у ролі пэўнага правадніка ў гэтым патоку інфармацыі. І гэтая парадыгма прымушае нас пераглядаць методыкі навучання”, — сказаў міністр.

Ігар Карпенка падкрэсліў, што неабходна павышаць прэстыж прафесіі педагога. “Адукацыя — гэта не сфера паслуг. І я б вас заклікаў не апускацца да такога разумення. Але разам з тым прэстыж настаўніка напрамую залежыць ад яго самога, ад яго паводзін у рэальнасці і ў сацыяльных сетках, ад яго ўмення зацікавіць вучняў у класе, наладзіць з імі дыялог. Акрамя таго, неабходна мець зваротную сувязь з бацькамі, каб ведаць, у якіх умовах жыве вучань і з якімі праблемамі штодня сутыкаецца”, — дадаў ён.

Падчас сустрэчы з педагагічнай грамадскасцю кіраўнік ведамства падрабязна спыніўся на падрыхтоўцы навучэнцаў да цэнтралізаванага тэсціравання, уступнай кампаніі, на рабоце ўстаноў адукацыі ў летні перыяд. Ён звярнуў увагу на тое, што выпускнікі з сельскіх школ і маленькіх гарадкоў, як правіла, паказваюць добрыя вынікі і атрымліваюць высокія балы і без рэпетытараў, што сведчыць пра высокі прафесіяналізм настаўнікаў.

Не засталіся без увагі і такія пытанні, як стымуляванне працы педагагічных работнікаў, забяспечанасць школ сучасным абсталяваннем, работа летніх лагераў дзённага знаходжання, бяспека дзяцей падчас летніх канікул, падрыхтоўка школ да новага навучальнага года.

Мар’інагорская гімназія — гэта 58 педагогаў і больш за 700 навучэнцаў. Дырэктар — Сяргей Зінкевіч. З 2012 года ва ўстанове працуе абласны музей “Эвалюцыя энергазберажэння”, з 2013 года гімназія з’яўляецца асацыіраванай школай ЮНЕСКА, з 2017-га пачаў дзейнічаць праект “Зялёны дах” (у межах пілотнай ініцыятывы праекта “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай”
эканомікі”).

Па выніках 2019 года гімназія стала пераможцай раённага конкурсу “За дасягненні высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” ў намінацыі “Лепшая ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі ў гарадской мясцовасці”. З 2019/2020 навучальнага года гімназія працуе над рэалізацыяй рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі міждысцыплінарнай інтэграцыі пры вывучэнні прадметаў прыродазнаўчага і сацыяльна-гуманітарнага цыклаў”.

Гімназісты — актыўныя ўдзельнікі і пераможцы алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. У гэтым годзе ўдзельнікамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды сталі 11 чалавек (вынік — дыплом II ступені і пахвальны водзыў). 80—85 працэнтаў выпускнікоў гімназіі паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Сярэдні бал на ЦТ — 66,36, лепшыя выпускнікі атрымліваюць звыш 90 балаў (па нямецкай мове, матэматыцы). Сёлета ў гімназіі 4 залатыя медалісты.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.