Зіма на ўра!

За вокнамі ціха падае снег… Такое надвор’е нібы створана для гарачага чаю, мяккага пледа і чароўных казак. Але гэта не для актыўных дзяцей з сярэдняй школы №2 Скідзеля. Для іх зіма—гэта час актыўнага адпачынку, катання на лыжах, каньках і санках, гульні ў хакей, прагулак у зімовы лес, лепкі снежных фігур.

Дзеці з радасцю віталі сяброў, каб разам пайсці на прагулку ў зачараваны зімовы лес, разглядаць сляды жывёл і птушак на белым некранутым снезе. Некаторым нават удалося паназіраць за гульнямі вавёрак, зрабіць незабыўныя фотаздымкі.

У зімовых забавах удзельнічаюць не толькі дзеці, але і іх бацькі. Хтосьці з дзяцей баіцца нават самой думкі аб тым, каб пакатацца на каньках. Але, патрэніраваўшыся, зрабіўшы першыя няўпэўненыя рухі, у канцы зімовага сезона ўжо з задавальненнем катаюцца на катку каля школы.

Не застаюцца ўбаку і добрыя справы. Вучні 4 “А” класа зрабілі кармушкі для птушак і падкормліваюць пярнатых, якія зімуюць у ваколіцы ракі Котра. А валанцёры атрада “Міласэрнасць” дапамагаюць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны ў расчыстцы снегу.

Яшчэ ў школе арганізаваны конкурс “Зіма ў аб’ектыве”: дзеці дзеляцца фотаздымкамі зімовай прыроды, цікавымі момантамі зімовых забаў.

Вікторыя Дашкевіч,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы №2 Скідзеля.