І зноў лёд, і зноў кветкі, і, як заўсёды, фантазія! У выставачнай галерэі “Прырода і творчасць” Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства адкрылася ўжо вядомая ўсім рэспубліканская выстава-конкурс.
“Лёд. Кветкі.Фантазія”, як дзіцячая казка, заварожвае таямніцай, здзіўляе выдумкай, дорыць надзею на перамогу.
У Новы год з майстрамі фларыстыкі
Год сіняй Казы заяўляе пра сябе: колер фуксіі і ўсе адценні ружовага, якія былі папулярнымі ў фларыстычнай модзе амаль ужо мінулага года, саступаюць высакароднаму сіняму. 224 работы з прыроднага матэрыялу, якія выйшлі на рэспубліканскі этап і сёння прадстаўлены на выставе, спаборнічаюць за ўвагу прафесійнага фларыстычнага журы. Лепшыя работы будуць названы напрыканцы студзеня, а пакуль ва ўсіх, хто завітае ў ціхі куточак на сталічнай вуліцы Макаёнка,
ёсць магчымасць выбраць уласных фаварытаў.
Дарэчы, фларыстыка — адзін з тых кірункаў дадатковай адукацыі, які развіваецца ў Беларусі на дастаткова высокім узроўні: аб’яднанні па інтарэсах кожны год прыцягваюць значную колькасць дзяцей, працуе дыстанцыйная школа, арганізоўваюцца шматлікія майстар-класы, выставы… Сёлета спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства вырашылі пайсці далей і арганізавалі для педагогаў, якія кіруюць фларыстычнымі аб’яднаннямі, знаёмства з інавацыйнымі кірункамі ў галіне фітадызайну. Пры гэтым з новымі тэндэнцыямі, прыёмамі і тэхнікамі педагогаў знаёмілі вядучыя фларысты Беларусі, якія прадстаўляюць нашу краіну на міжнародных конкурсах.
Мікалай Даніловіч — персона, якую смела можна назваць брэндам айчыннага фітадызайну. Майстар — часты госць на творчых форумах педагогаў. На гэты раз яму зноў удалося здзівіць: новае фларыстычнае жыццё атрымалі з яго падачы… старыя капелюшы. Хто б мог падумаць, што звычайны капялюш можа ператварыцца ў арт-аб’ект, на якім суседнічаюць пальмавае валакно, сухія кветкі, пер’е і навагоднія шары! Калі вы надумаеце пайсці ў такой аўтарскай рэчы на навагодні баль, не забудзьцеся прыхапіць дызайнерскі клатч, выкананы ў адпаведным стылі. Галаўныя ўборы і калядныя кампазіцыі ад Даніловіча выклікаюць у юных наведвальнікаў выставы асаблівае захапленне, а дарослых прымушаюць карпатліва вывучаць дэталі, з якіх і складаецца творчы почырк майстра.
Свае работы педагогам прадэманстравала фларыст-дызайнер Лора Белабровік, яе прафесійнай адметнасцю з’яўляецца работа з аргшклом, што надае кампазіцыям неверагодную лёгкасць. Алена Каваленка, якая з’яўляецца бутафорам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, прадставіла для калег навагоднія аб’екты, якія займаюць зусім не многа месца. Сімпатычную калядную ёлку з дроту, упрыгожаную чырвонымі ягадамі рабіны, можна захапіць з сабой у любое месца, дзе вы збіраецеся сустрэць свята.
Педагогі атрымалі майстар-клас работы з жывымі раслінамі, якія займаюць пэўную нішу ў навагодняй і каляднай фітатэматыцы. Як аказалася, упрыгожыць ёлку можна нават жывымі ружамі і амарылісамі. Для таго каб яны захавалі сваю свежасць ад каталіцкіх да праваслаўных Каляд, іх змяшчаюць у невялічкія прабіркі. Вуаля! Ваша ёлка зацвіла!
Ёлкі з… фасолі, пілавіння і пялёсткаў гартэнзіі
Па традыцыі галоўнай намінацыяй выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія” стала “Святочная ёлка”. Аднак сёлета арганізатары вырашылі зрабіць асноўнай умовай намінацыі максімальнаевыкарыстанне ў работах прыроднага матэрыялу і мінімальнае — штучных дэкаратыўных элементаў.
Гомельскія фларысты прывезлі ў гэтым плане ёлку ўнікальную. Мала таго, што сама яна з натуральных матэрыялаў, дык і ў якасці цацак выкарыстана знаёмая ўсім сансяўера. Сакрэт у
тым, што расліна змешчана ў спецыяльныя капсулы з імху, з якіх і падсілкоўваецца вільгаццю. Калі ёлка адслужыць сваё, сансяўеру можна будзе высадзіць у вазоны.
Папулярным навагоднім фітаматэрыялам з’яўляецца бярозавае галлё. Якіх толькі варыяцый не знойдзеш на выставе! У традыцыйным стылі выканана ёлка Ваўкавыскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. Цікава, што зроблена яна з таго, што пад рукамі. Упрыгожваюць яе толькі некалькі каляровых шарыкаў, аднак гэтая ёлка здаецца адной з самых яркіх канкурсантак.
Ёлка-каляндар прыехала ў сталіцу з Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. А ў фартушку з бяросты і з ружовым партфелем ідзе ў школу ёлка з Добрушскага раёна. Лішайнікі сталі асноўным матэрыялам для стварэння навагодняй прыгажуні юнымі фларыстамі з Ляхавіч. Дробна нарэзаныя і складзеныя быццам у мазаіку галінкі выкарыстаны ў рабоце фларыстаў з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крэчат” Крычава.
Ёлкі з шышак усім, без сумнення, ужо сустракаліся, а як вам ёлка з пялёсткаў гартэнзіі ці ёлка з пілавіння, упрыгожаная высушанымі скрылёчкамі таматаў і перцаў. Ёлкі з фасолі, паперы, імху… Усяго 70 зялёных экспанатаў. Думаецца, членам журы будзе нялёгка.
Яшчэ 27 дызайнерскіх ёлак прадстаўлены дарослымі фларыстамі. Тут можна знайсці арыгінальную ідэю ёлкі-этажэркі, на якую можна выкладваць як навагоднія падаруначкі, так і салодкія прысмакі. Уражвае лёгкасць ёлкі, аздобленай вялікімі празрыстымі лямпачкамі, і падвясной ёлкі. У цэлым жа можна сказаць, што дзіцячыя работы, выкананыя пад кіраўніцтвам педагогаў, не проста годна канкурыравалі з работамі дарослых, а недзе нават пераўзыходзілі іх дзякуючы неабмежаванасці дзіцячай фантазіі і арыгінальнасці матэрыялаў.
Упершыню з’явілася ў рамках выставы-конкурсу намінацыя “Навагодняя тантамарэска”, якая выкарыстоўваецца ў якасці святочнай фотазоны. Не ведаю, куды пасля конкурсу адправяцца 16 вялікіх тантамарэсак, аднак упэўнена, каля іх будуць выстройвацца чэргі. Дастаткова толькі прасунуць твар у адтуліну — і вы ўжо Беласнежка, ці Снягурка, ці Дзед Мароз, ці сімвалічная сёлета Козачка (Авечка).
60 неверагодных экспанатаў прадстаўляюць намінацыю “Фларыстычная цацка”. Натуральна, што самай папулярнай ідэяй цацкі зноў жа стаў сімвал 2015 года. Баранчыкі з шышак лістоўніцы, лісця кукурузы, імху, авечкі і козы з сена. Баран з Навагрудскага раённага эколага-біялагічнага цэнтра надаў сабе загадкавасці, апрануўшы маскарадную маску. А баран з Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Магілёва пакарыў усіх сваёй незвычайнай воўнай, зробленай са стахісу, якая выглядае, нібы аксаміт.
У кожнай цацкі свой твар і свой характар, што сведчыць пра высокі мастацкі ўзровень работ.
Асаблівай увагі заслугоўваюць калажы, прадстаўленыя сёлета ў дзвюх намінацыях: “Сімвал года” і “Пасланне зімы”. Пры гэтым “Сімвал года” — пано, выкананае ў вольнай тэхніцы з максімальным выкарыстаннем прыроднага матэрыялу, а “Пасланне зімы” — у тэхніцы фларыстычнага жывапісу, якая носіць японскае імя ашыбана. Усяго ў конкурсе ўдзельнічаюць 113 калажаў.
Матэрыялы, выкарыстаныя ў конкурсных работах, сведчаць пра тое, што фларысты да конкурсу рыхтаваліся загадзя. Спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства ўпэўнены: сакрэт у тым, што яны ў час дасылаюць у рэгіёны гадавы план мерапрыемстваў.
Сёння паміж юнымі фларыстамі краіны і іх педагогамі існуе па-сапраўднаму высокая канкурэнцыя, а да галерэі “Прырода і творчасць” даходзяць работы адметнага ўзроўню, якія прайшлі адбор на рэгіянальным узроўні.
Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.