Зіма, нарэшце, парадавала нас снегам. Беларусы ўжо прывыклі, што навагодняя ноч “радуе” іх хіба што дажджом, а тут за некалькі дзён зямлю накрыла белым покрывам. Адразу былі адшуканы санкі, цюбінгі, лыжы, канькі, клюшкі і іншы зімовы рыштунак — і наперад, у госці да матухны Зімы.
З акна маёй кватэры адкрываецца від на штучную сажалку. У мінулыя выхадныя на гэтым невялічкім водным аб’екце, ужо скаваным лёдам, зранку з’явіліся аматары актыўных зімовых відаў спорту. Расчысцілі снег, расчарцілі лёд, змайстравалі невялічкія вароты. Хакейныя баталіі доўжыліся цэлы дзень, змяняліся толькі каманды. Суседзі адпачывалі цэлымі сем’ямі: падлеткі каталіся на каньках, малышоў бацькі каталі на санках.
Падумалася: як мала чалавеку трэба для шчасця.
Ёсць у нашай краіне, і ў прыватнасці ў беларускай сталіцы, аматары і больш экстрэмальнага зімовага адпачынку. У Мінску дзейнічае цэлая суполка “сталічных маржоў”, якія не ўяўляюць, як можна зімой адпачываць на канапе, перад тэлевізарам, а не акунаючыся ў ледзяную ваду. Кожны тыдзень на адным з мінскіх вадасховішчаў ладзяцца мерапрыемствы па загартоўванні насельніцтва. А 23 студзеня бягучага года адбыўся чарговы загарт-фэст, які пачаўся з зімовай прабежкі на некалькі дыстанцый, аблівання сцюдзёнай вадой, акунання ў раку Свіслач і працягнуўся саграваннем гарачым чаем з самавара і лазняй. Добра ведаю аднаго з такіх аматараў зімовых купанняў, які сцвярджае, што гэта найлепшы спосаб загартаваць цела і ўмацаваць імунітэт у перыяд, калі чалавецтва змагаецца са страшэнным каранавірусам. Яно, можа, і так, але загартоўвацца такім чынам, на мой погляд, здолее далёка не кожны чалавек. Ды і здароўе павінна быць выдатным, каб лёгка пераносіць такі экстрэмальны адпачынак.
Як многа трэба чалавеку для шчасця!
Не маю нічога супраць і адпачынку на канапе, асабліва калі па тэлевізары ў прамым эфіры паказваюць біятлон. (Прызнаюся: я біятлонная балельшчыца з 30-гадовым стажам.) Ужо літаральна праз 10 дзён стартуе доўгачаканая белая Алімпіяда, на гэты раз яна пройдзе ў Пекіне, і мы зможам атрымаць асалоду ад зімовых спартыўных баталій. Гэта неверагодныя перажыванні, калі спартсмен, які прадстаўляе тваю Радзіму, змагаецца за алімпійскія ўзнагароды, калі падымаецца на п’едэстал, каб атрымаць медаль.
У сэрцы беларусаў назаўсёды застануцца ўспаміны пра алімпійскую чэмпіёнку біятланістку Дар’ю Домрачаву і яе залатыя перамогі ў алімпійскім Сочы. Для мяне ж самымі-самымі з’яўляюцца ўспаміны пра залатую жаночую эстафету ў карэйскім Пхёнчхане, калі алімпійскімі чэмпіёнкамі сталі Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава і, зразумела ж, Дар’я Домрачава. Беларускія балельшчыкі чакаюць ад айчынных спартсменаў менавіта такіх эмоцый на зімовай Алімпіядзе 2022 года. Тым больш што біятлонныя зборныя Рэспублікі Беларусь (і мужчынская, і жаночая) падышлі да белай Алімпіяды ў выдатнай форме, што паказалі нядаўнія этапы Кубка свету па біятлоне. Думаю, усе нашы спартсмены будуць змагацца за п’едэстал, а мы іх у гэтым падтрымаем.
Чалавеку няшмат трэба для шчасця — займацца любімай справай і быць побач з сям’ёй. І адначасова чалавеку неабходна для шчасця значна больш: адчуць свае сілы і, нягледзячы на самых моцных сапернікаў, упарта ісці да перамогі.
Тут кожны выбірае сам.
Вядучая рубрыкі Наталля КАСТЭНКА.